Выразны позірк, кінуты панамі на Галініча, прымушаў яго так ці іначай азвацца на словы пана палкоўніка аб вялікім польскім дэмакратызме.
— Мы, беларусіны, дужа ўлічваем, панове, дэмакратычнасць польскага народа, — азваўся Галініч, — і не толькі ўлічваем, але і высока цэнім яго. Вось чаму мы і звязваем лёс беларускага народа з лёсам вялікай польскай нацыі, бо і ў мінулым іх лёсы былі аднакія. Не на азіяцкую бальшавіцкую Маскву, а на дэмакратычную еўрапейскую Варшаву арыентуемся мы.
— Натуральна жэч! — пацвердзіў ксёндз Галандзеўскі.
Панам Длугошыцу, Дэмбіцкаму і іншым панам не дужа спадабалася, што Галініч ставіць на адну роўніцу польскі народ з беларускім. Такое суседства двух народаў за сталом жыцця ім было проста не пад гонар, але, як хітрыя палітыкі, нічога аб гэтым не сказалі, а толькі кіўнулі галовамі. Галініч жа, каб аддзякаваць ксяндза Галандзеўскага, дадаў:
— Нават той факт, што першыя беларускія часопісы "Наша доля" і "Наша ніва" падтрымліваліся польскаю грамадскасцю і паважаным каталіцкім духавенствам у першую чаргу, тады, як ніводзін прадстаўнік праваслаўнай царквы іх не выпісваў, выразва гаворыць за тое, ад каго мелі мы спачуванне ў сваім імкненні да адраджэння беларускага народа і яго культуры.
Ксяндзы і польскае грамадства скромна апусцілі вочы. У заключэнне Галініч даў абяцанне падтрымліваць палякаў у змаганні з бальшавікамі вострай зброяй слова, паколькі беларусы іншай зброі не маюць: фармаванне спецыяльнага беларускага войска знаходзілася яшчэ ў стадыі свайго зачатку.
Паны выказалі сваё здаваленне дэмакрату Галінічу.
Але ў паноў ёсць усё ж некаторая доля непакою. Яна гучыць у запытанні пана Крулеўскага.
— Але, пся крэв, хлопы не заспакоёнэ. Цо то бэндзе?
Пан Дэмбіцкі злёгку нахмурыўся.
— А то, пане, глупство! — зняважліва кідае ён. Непрыемна было наогул у такі ўрачысты момант гаварыць пра "хлопаў", тым болей непрыемна, што "хлопы" хаваліся па лясах. Гэтая акалічнасць міжволі нагадвае панам іх уласнае тулянне ў часе мяцяжу, калі яны самі шыбавалі "до лясу".
— То не ест глупство, пане пулковніку! — асцярожна запярэчыў пану Дэмбіцкаму адвакат Ладунскі. — Я баюся, што недаацэнка сілы "хлопскага" руху можа прычыніць нямала непрыемных неспадзяванак. Сялянскія паўстанні — гэта адгаліненне таго ж бальшавізма, таго ж самага Цёмнага пачатку, што ёсць унутры чалавека і асабліва ў натуры нізавых мас. Пад сцягам бальшавізма і пад непасрэдным кіраўніцтвам бальшавікоў вядуцца паўстанні хлопаў, і ў гэтым іх небяспека. У чым сіла бальшавізма? У лозунгах і закліках да разбурэння. Бальшавікі дасканала ведаюць натуру галатвы і апелююць да яе цёмных пачаткаў.
— А! — азваўся адзін з абшарнікаў, — пан Ладунскі напалохан бальшавікамі, і ён лічыць іх за вялікую сілу.
А музыка грымела. Весялілася шляхецкая моладзь. А калі нагуляліся і нагаварыліся, госці селі за стол. Шумны, пышны быў банкет у палацы пана Длугошыца пад аховаю батальёна польскіх салдат. Агалашаліся патрыятычныя тосты. Крычалі "віват" польскай дзяржаве, маршалу Пілсудскаму, польскаму войску ў асобах генералаў і пана Дэмбіцкага, гаспадарам, духоўным асобам, найпрыгажэйшым польскім жанчынам.
Дагаварыцца аб справе з Саўкам Мільгуном узяўся разважлівы Бруй. Ён выбраў зручную часіну і вечарком, на змярканні, накіраваўся ў Саўкаў двор. Бруй увайшоў у хату і спыніўся каля парога: у хаце нікога не было. Завярнуўся і хацеў ужо ісці назад, аж з печы пачуўся голас:
— Хто там?
— Гэта ты там, Саўка? — запытаў і Бруй.
— Я! — спакойна азваўся Саўка і не дужа спяшаўся падымацца — проста не хацелася варушыцца: хата халодная, а печ была цёплая.
— Здароў, Саўка! Што ты парабляеш там?
— А вось ляжу і думаю сабе.
— Ну што ж, і гэта работа, калі няма чаго лепшага… Аб чым жа ты думаеш?
Бруй зайшоў з другога боку печы, бліжай да Саўкі. Саўка памкнуўся быў, каб устаць, але перадумаў і рашыў адказаць госцю лежачы.
— Думаю, чым заняцца. Рабіць жа нешта трэба, а рабіць, дык вось не прыдумаю што.
Пры гэтым Саўка падумаў: "Цікава, чаго ты прыйшоў?"
— Галава ты, галава! Работы сабе не знойдзеш. Ды ты не любіш работы!
— Ну, як то не люблю. Глядзя, якая работа.
— Смешна гаварыць, каб чалавек работы сабе не знайшоў.
"Ці не прыйшоў ты клікаць мяне на якую-небудзь сваю работу? — у мыслях сказаў Саўка. — Не, брат, дудкі, да цябе працаваць не пайду".
— Чалавек шукае работы па сабе, — уголас сказаў Саўка.
Читать дальше