Максім пазіраў на Саўку шырока раскрытымі вачыма, а Саўка гаварыў далей:
— Табе я скажу, а другому не скажу, бо твой бацька герой. Чым я горшы за твайго бацьку? Чаму ён павінен партызанам быць, а я дома сядзець?
Максім затрывожыўся.
— Бацьку не даюць дома сядзець: яго ловяць, і ён мусіць хавацца, бо ў астрозе сядзець нікому ахвоты няма.
— Як за добрую справу, то і ў астрозе не шкада пасядзець. Але ты скажы — мне ты можаш сказаць праўду, — куды мне падацца, каб пабачыць твайго бацьку? А калі не яго, то Мартына Рыля ці каго-небудзь з іх?
— А скуль я магу ведаць? Бацькі даўно дома не было. Як вырваўся ад палякаў тады, дык і не паказваецца. Дзе ён, што з ім — не ведаю.
— Можа, яно і лепей, што не ведаеш, — разважліва зазначыў Саўка, — хіба людзям цянер можна верыць?.. Ну, але хто хоча свайго дабіцца, той даб'ецца. Дык бывай, Максім, здаровы!
— Бывай!
Саўка крэпка паціснуў Максіму руку.
Максім доўга стаяў, пазіраў, як Саўка выходзіў з сяла і павярнуў на дарогу ў Вепры, пазіраў, покі зусім не знік з вачэй, і думаў над гэтым дзіўным візітам такога няпэўнага чалавека, як Саўка Мільгун. У выніку разважанняў над гэтаю гутаркаю з Саўкам Максім сказаў сам сабе: шалахтун… А ўрэшце ад яго ўсяго можна спадзявацца.
I ўсё ж Максім не мог заспакоіцца на гэтай думцы. Саўкавы словы і яго намер пайсці ў партызаны ніяк не месціліся ў Максімавай галаве — ці не было тут якога падступства? Ці не падаслалі яго, каб выведаць пра дзеда Талаша? Максім жа, шчыра кажучы, нічога не ведаў пра бацьку і пра Панаса. З таго часу, як начавалі яны з Мартынам Рылем, бацька дома не паказваўся.
Новая акалічнасць разбіла Максімавы думкі і сумненні, выкліканыя Саўкам, і засланіла яго самога на некаторы час. Прыйшла Алена. Яна была на сяле. Не заходзячы ў хату, Алена падышла да Максіма.
— Ведаеш, Максім, што за праява была ў Ганусах?
Па тону Аленінага запытання Максім адчуў, што праява была дужа цікавая.
— Не, не ведаю, не чуў, — адказаў Максім і з некатораю трывогаю зірнуў Алене ў вочы.
— У сяле гавораць, што пад Ганусамі паўстанцы-сяляне ўшчэнт пабілі палякаў, паадбіралі награбленае дабро і жыўнасць, а саміх іх знішчылі да аднаго.
— Вось гэта добра, калі то праўда! — азваўся Максім, і ў вачах яго бліснула радасць і здавальненне.
— Праўда, Максім, і самі людзі з Ганусаў расказвалі пра гэта. I ведаеш, яшчэ што расказваюць? Што паўстанцамі камандаваў стары, ужо сівы чалавек, што там былі нашы салдаты. А гэты стары чалавек, па расказах, вельмі падобен да нашага бацькі.
— Ну што ты кажаш?! — здзівіўся Максім.
— Праўда, праўда, Максім!
— Не, гэта, мусібыць, брахня.
— Не брахня, а людзі гавораць, — стаяла на сваім Алена, — і не адна я так думаю, а і шмат хто думае так.
— Ну калі ён управіўся народу назбіраць і трапіць аж у Ганусы?
Алена не здолела растлумачыць, як гэта магло здарыцца, але яна была цвёрда пераканана ў тым, што ў ганусанскіх падзеях браў удзел і дзед Талаш. Яе ўпэўненасць была такая моцная, што перадалася, нарэшце, і Максіму. У сувязі з гэтым ён успомніў Саўку Мільгуна. Саўкавы словы, яго паводзіны і намер прадставіліся цяпер у іншым асвятленні: проста Саўка дачуўся аб геройстве партызан, і ўчынкі іх натхнілі яго на ваяўнічы лад. Нічога дзіўнага няма ў тым, што пры такіх абставінах Саўку і сапраўды захацелася зрабіцца партызанам. Але чаму Саўка нічога не сказаў пра падзеі ў Ганусах? А ён, відаць, проста сумыслу не гаварыў пра іх, каб не зніжаць свайго ваяўнічага намеру. Гэтыя меркаванні здаваліся Максіму зусім натуральнымі і яшчэ болей умацоўвалі ў ім тую ўпэўненасць, што перадавалася яму ад жонкі. Сваімі думкамі ён падзяліўся з Аленаю, расказаўшы ёй пра сваё спатканне і гутарку з Саўкам. Алена цалкам далучылася да Максімавых поглядаў на Саўкава партызанства. Такім чынам, усе няяснасці і сумненні, прынесеныя Саўкам, цяпер развеяліся.
Навіны ж аб ганусанскіх падзеях перадаваліся з хаты ў хату і глыбока захаплялі ўсіх і хвалявалі. Яны сталіся асноўнаю тэмаю для гутарак, разважанняў і розных спалучэнняў падзей у іх цэлым жывым вянку, сплеценым людскою пакутаю і кроўю. Раззбраенне польскага канвою, арышт Панаса, знікненне дзеда Талаша, жорсткая расправа палякаў у Вепрах — усё гэта адышло цяпер на другі план, засланілася ганусанскімі падзеямі. Людская гутарка аздабляла сапраўдныя падзеі, прыплятаючы сюды розныя эпізоды, драбніцы і такія акалічнасці, якіх у сапраўднасці не было, але якія маглі быць. Ганусанскія падзеі набывалі значэнне гераічнай быліны, дзе партызаны выступалі як волаты, а іх атаман рысаваўся як народны герой, як рука караючай справядлівасці і помсты за людскія крыўды і пакуты. Гэтыя ж падзеі падымалі дух працоўнага сялянства і клікалі яго да актыўнага змагання супраць акупанцкай навалы.
Читать дальше