Войт зусім разгубіўся. Шалёная злосць праіііыбла яго ўсяго. Ён парывіста рушыў у свой двор, каб не даць апамятавацца здрадлівай жонцы і захапіць яе знянацку. Злы, раз'юшаны, са сцятымі зубамі і з ссунутымі брывамі, пераступіў ён парог свае хаты. Аўгініны вочы — зоркія вочы: яна заўважыла Васіля, калі ён ішоў за ёй назіркам, і адразу пачула, што папалася і што з-за гэтага будзе вялікая перапалка, а можа, яшчэ і горшае што. Выкручвацца тут не выпадала. Апраўдвацца, — але ў чым? Яна ж проста хадзіла да бабкі Насты. Хіба яна не мае права хадзіць, куды яна хоча? Што ёй да таго, што ён закляты вораг старога Талаша? Але ўеё ж нейкі голас з нутра ёй пярэчыў — раз ён твой муж, *о з мужам ты павінна быць заадно. Ды голас гэты быў дужа слабы, і слухаць яго яна не хацела. I Аўгіня спакойна, як чалавек, упэўнены ў немінучасці ліха, гадала, з якога боку і з якой сілай наваліцца на яе гэта ліха.
— Ты дзе была? — націскаючы на "дзе", запытаў Васіль, а зеленкаватыя, поўныя падазронасці вочы яго пазіралі на Аўгіню. Аўгіня старалася не глядзець на Васіля і, толькі пачуўшы грозны тон у яго голасе, зірнула на яго халоднымі, чужымі і безуважнымі вачыма.
— А што табе да таго, дзе я была? I чаго ты глядзіш такім зверам?.. Не баюся я цябе! — апошнія словы яна сказала ўзняўшы голас.
— Кажы, дзе была, гадзюка ты, шлюха! — загрымеў на ўсю хату Васіль, сашчаміўшы зубы, і ўсутыч падступіўся да Аўгіні.
Голас яго адбіўся ў кожным закутку хаты і вострым болем адгукнуўся ў сэрцы дзяцей. Як асіна, закалацілася Алеся. З немым крыкам, белая як палатно, кінулася яна да маткі, абняла яе моцна рукамі, каб загарадзіць яе сваім кволым дзіцячым целам ад бацькавай ярасці. Пятрок і Грышка знямелі ад страху, стаіліся каля печы і пазіралі на бацькоў перапалоханымі вочкамі. Нават дзед Купрыян прысеў на палатках і падняў на Васіля свае мутныя старэчыя вочы.
— Чаго іх там чэрці дрэнчаць? — ціха сказаў ён хутчэй да самога сябе, чым да Васіля і Аўгіні. Хацеў яшчэ параіць Васілю ўзяць лейцы ды лепей лейцамі сцебануць разы са два, калі яна вінавата, але не сказаў і толькі патрос галавою.
— Горшай гадзюкі, як ты, няма. Чаго ашчэрыўся, як звер? Дзяцей насмерць перапалохаў. Чым яны вінаваты? — спакойна, але цвёрда азвалася Аўгіня. Яна ўся траслася, але раўнавагі не губляла.
— Прызнавайся, чаго ты хадзіла да старога разбойніка?
Замест адказу Аўгіня схапіла клубок нітак, шпурнула ім у чорную Васілёву бараду.
— Вось па што хадзіла. З'еш яго!
Клубок ніцяў, кінуты Аўгіняй у войтаву асобу, адыграў ролю халоднага душа. Збіты з тропу, Васіль недаўменна пераводзіў вочы то на клубок, то на Аўгіню. У гэтай стычцы з Аўгіняй ён чакаў дазнацца чагось большага і страшнейшага за гэты клуб ніцяў. Запал яго асеў, гарачка спала. Цяпер кіраўніцтва далейшаю сваркаю ўзяў у ім войт.
— А чаму гэта ты носіш туды кудзелю?
— А ты што ж — забароніш мне? — дзёрзка запытала Аўгіня.
— I забараню! — тупнуў нагою войт.
— Мамка, маўчы! Не сварыся з татам! — залямантавала Алеся, націскаючы на матку сваім кволым целам, каб адвесці яе далей ад грознага і страшнага войта.
— Я не твая падданая і не нявольніца, каб слухаць твае забароны!
Войт шырока расплюшчыў вочы.
— Дзе ж гэта набралася ты такой вольнасці? — злы смех пачуўся ў войтавым запытанні. — Можа, і ты ў лес збіраешся?
— Ды ўжо лепей у лес ісці, як быць войтам, як ты.
Новая хваля злосці пашыбла войта. Але ён цяпер ужо не схібіць — у яго ёсць цвёрдая лінія, і ён ведае, як павесці справу, і ведае, чым кончыць сваю гэту стычку з Аўгіняю.
— Гэта ты ў Талашоў набралася такога розуму? Ці, можа, навучыў цябе Мартын?
Назваўшы Мартына, Васіль зразу адчуў усю нянавісць да яго і да Аўгіні. Таксама і Аўгіня не магла спакойна пачуць гэта імя.
— Хто б сабе ні вучыў, абы навучыў. А вось цябе дык ніхто не навучыць. I людзі глядзяць на цябе, як на воўка… Ты сам сабе яму капаеш…
— Ты мне капаеш яму! — перапыніў Аўгіню Васіль. — Як ты смееш хадзіць да гэтых Талашоў і кампанаваць з імі? Хіба гэта людзі? Разбойнікі, галадранцы, злачынцы. Ці табе хлеб мой гаспадарскі надакучыў? Ці табе няма ў што адзецца, што водзіш з імі дружбу? Хто ж ты пасля гэтага?
— Што ты папікаеш мяне сваім хлебам? — заваблівыя Аўгініны вочы сталі злымі і халоднымі. — Хіба ж я не працавала? Не зарабіла сабе на хлеб, на адзежу?
Яна заплакала і, змяніўшы голас, сказала:
— Дык няхай жа ён агнём пойдзе твой хлеб і твая адзежа! Лепш бы я батрачкаю засталася!
— А! Абжэрлася! Батрацтва захацела? — Васілёвы губы пачварна скрывіліся, чорная барада заківалася. — Дык забірай свайго байструка і — марш з мае хаты! Вон, каб тут і смуроду твайго не было! Не трэба мне здрадніцы і ворага ў хаце! Вон!
Читать дальше