— Эх, мінулася, мінулася, — казаў доктар і качаў галавою, — да вайны было, а цяпер мінулася, мінулася ўсё, эха-ха, — і ўздыхаў, ківаў галавою.
Пяць дзён не сціхала кананада.
Бесперастанку трашчэлі і трэскалі кулямёты і стрэльбы, то быццам заціхалі, то ўзноў набіраліся заядласці. Памаўчаўшы, бухалі пушкі, і чарада глухога, дужага гулу хавала ў сябе тое трэсканне.
Быў пяты вечар.
Хмурая восенная мга паўзла з сівага неба на цяжка хворы горад, на кананаду.
Карпавіча і Васіля адпусцілі дамоў, каб яны выспаліся і ўзноў прыйшлі змагаць буржуяў.
Абпэцканыя і абшарпаныя, з кулямётнымі патранташамі цераз плечы і ўкол пояса, з набітымі стрэльбамі ў руках перабегалі яны пад сценкамі, прабіраліся да свайго квартала.
Зрэдку там а там пёк з вакон і з люхтаў захованы вораг.
— Не здаюцца, каб іх удушыла, — мармытаў Карпавіч аб белагвардзейцах.
— Кажуць, нам ужо помач ідзець з Петраграда, — весяліў надзеяй сябе і старога Васіль.
— Ах, каб жа бог даў… — уздыхнуў змучаны Карпавіч і без асаблівай цікавасці і ўважнасці засудзіў сябе, што — бальшавік, а гаворыць — «бог даў».
— Каб жа бог даў, як той казаў, — падумаўшы і пераскачыўшы небяспечнае месца, дадаў Карпавіч.
— А як мы іх турылі па Газэтнаму завулку, — весяліў успамінамі сябе і старога Васіль, — шкода, што не злавілі начальніка партыі, гэтага нягоднага князя.
— Гальшанскага? Шкода, праўда што. Партыйка-то яго так сабе: блазні, кадзеты, юнкяры… Во сам б'ецца, як нячысцік. Усюдых паспее, — гаварыў стары.
— У страўню вегетарыянскую ці там нейдзе шмыкнуў і схаваўся. Пяць кулек пусціў яму ў сугон, ды абмахнуўся: пашчасціла князю ўцячы.
Раптам загудзела міма граната і з вялікім грукатам бахнулася высока аб мур.
Сыпнулася вапна, цэгла, і закурыўся пыл.
Яны шпарка ўбеглі ў вароты.
— Пачакаем.
— Трэба.
— Ах, не ведаю, як маецца матка, — сказаў Васіль.
— Але, здалася старка. Каб ногды зусім не развіталася з намі. І што ёй? Здаецца ж, век як не бог ведаеце які.
— Каб толькі, кажа, яшчэ хоць на паніча Ігналіка зірнуць.
— З галавы ёй нешта не выходзіць гэны паніч.
— Ну, як жа: узгадавала яго, сіротку.
— А цікаўна, як ён цяпер? З чыйго боку? — пытаючы, казаў Карпавіч.
І раптам неўспадзеўкі наперадзе нехта дужа свіснуў.
— Стой!
Сунуўся груд людзей.
Група ўсякіх мястовых паноў, з'ёжаных і падняўшых каўняры, нейкіх яшчэ шабадраных жулікаў і двох-трох чалавек у шынэлях, абкружаныя ўзброенымі чырвонагвардзейцамі, рушыла ўгору па вуліцы.
— Свае, свае!
Яны прад'явілі паролі і сказаліся.
— А! Таварыш Гаршчок! З Газэтнага завулка? Вы як маб быць усыпалі ім, калі яны ўцякалі.
— Нічога, як трапілася, — адказаў Карпавіч.
— Васілёк! — зняцейку пачуўся з групы арыштаваных абніжоны голас Абдзіраловіча.
— Ігнат Восіпавіч, як гэта вы папаліся? — пазнаў яго ў шынэлі з адрэзанымі наплечнікамі і адгукнуўся Васіль. — Таварыш начальнік, — папрасіўся ён у галоўнага канваіра, — дазвольце паздароўкацца.
— Я ехаў на доктарскую камісію, я не ведаў, што дзеецца ў месце, і на вакзале мяне ніхто не задзержыў. Во — запіска, што ў мяне адабрана аружжа. Ішоў я, Васілёк, да вас; тут мяне арыштавалі. А я чалавек хворы і не магу змагацца з ніводнага боку. І я, таварышы, ледзь на нагах стаю, — казаў Абдзіраловіч.
— Вы яго знаеце? — спытаўся начальнік канвоя ў Васіля.
— Добра знаю.
— І я таксама, — адгукнуўся Карповіч.
— Ну, дык можаце ўзяць яго да сябе. Абдзіраловіч радасна выйшаў з прыкрага кола. Яны пайшлі.
— А мама дужа хварэець, — зазначыў Васілёк.
— Ну, што ты?! — занеспакоіўся Абдзіраловіч.
— А так, дужа хварэець. Будзе рада, што вы прыйдзеце.
Ды толькі яны ступілі некалькі сігоў, як блізюхтанька з варот пасыпаліся рэвальверныя стрэлы.
Яны махам крутнуліся ўбок.
Але Карпавіч, відаць, зачапіўся за нешта, спатыкнуўся і заваліўся.
— Таварышы! — нейкім пісклявым галаском завапіў ён. — Таварышы, ратуйце!
З варот выбегла некалькі чалавек белай гвардзіі са знаёмым Абдзіраловічу па лазарэце капітанам Гарэшкам за даводцу. Яны ў мамэнт абкружылі Абдзіраловіча.
Васіль некуды кінуўся наўцёкі і як наскрозьдоння праваліўся.
Высокі Гарэшка злажыўся рэвальверам на ляжачага дробненькага Карповіча.
— Капітан!! Стойце! Здурнелі!! — праразліва загаласіў Абдзіраловіч і выставіў рукі перад Гарэшкам.
Той не мог ужо здзержацца і стрэліў, але сківірнуўся перад рукамі, і куля папала толькі ў нагу Гаршку.
Читать дальше