— Падпрапаршчык, герой, а казённым таргуець, — казаў Пашын і лаяў мяне, што я пераплаціў «гэтаму подламу гароху».
А мне ўсё думаецца пра смерць Сізова. Каб ужо скарэй замірэнне! Хай раняць, толькі каб жывым застацца…
Сёння з 12 гадзіны пачалося, як кажуць, наступленне 25-е дывізіі! Мы тож б'ёмся, пасабляем ёй. Гарматы грымяць, кулямёты трашчаць.
Мы страляем блізу без пярэрвы. Ды ў адной перадышцы я паспеў усё-ткі задрамаць.
Сёння і не мыўся.
Учора, калі Беленькі пайшоў стрыгчы капітана Смірнова, мы (я і Пашын) пры свечцы, якая гарыць у нас у акопе, шукалі ў вопратцы. Беленькі «шукаўся» перад вячэраю. Дужа бедаваў, што еў сваю порцыю мяса не памыўшы рук. А ў нас вады не было. «Чаму зупаю не памыў?» — жартам даў раду Пашын пасля вячэры. Беленькі яшчэ болей бедаваў. Елі ўтраіх з аднаго вядра, як заўсёды. Толькі хлеб цяпер хаваем паасобку. Захацеў так рабіць Беленькі, — не для сябе, а для мяне, бо Пашын надта многа паядаў хлеба. Я, нізкі чалавек, прыстаў на прапазіцыю Беленькага.
Ад нашае пазіцыі да граніцы цяпер і трох вёрст не будзе.
Штабс-капітан Дамброўскі ізноў захварэў. «Халуі» казалі, што першую ж ноч афіцэрам спаць не даваў. Усхопіцца скрозь сон, як закрычыць на ўсю хату: «Пара! Пара! Уставайце! Снарады валяцца на дом! Уставайце!» Усіх тармошыць — чырвоны, з вялікаю галавою, татарскім тварам. Аж страх. Ізноў адправілі быць пакуль што пры ўпраўленні брыгады. Цікава, ці робіць ён такі гармідар начою там?
За дзень выпушчана 499 патронаў.
Нягледзячы на абстаноўку, мне прысніўся распусны сон. На сэрцы — камень. Трэба дзяжурыць — і не спаць. Ай, як хочацца спаць!
24 кастрычніка .
Прыйшоў ліст ад майго меншага, майго мілага браткі. А ліст разламаны «ваеннаю цэнзураю», — гэта што за навіна? Мне прышлюць пасылку… о, радасць!
Прыехалі, палепшаўшы, два раненыя 7-га жніўня. Камандзір з імі цалаваўся. Адзін з іх, Драб, Горадзенскае губерні, заплакаў…
Учора на батарэі — 4 лёгкараненых і ездавога Кучынскага пераехала тэлефонка; скалечан надта цяжка, фельчар баіцца, што не выжыве.
Свеціць чырвонае зімовае сонца. Начою — месяц поўны, месяц ясны.
Было ціха, толькі з левага боку нейкая батарэя нашае брыгады пусціла залпам некалькі чародаў. Рэдка дзе гкрэхалі «чамаданы». Часам іграў кулямёт. Свяціліся ракеты. Ды мала. Трывогі не было.
Бамбардзір-наводчык Валодзін (кастраміч) разважае аб вайне: «Калі ўжо яна кончыцца, звязаліся з дрэнню, трэба нам было лезці за сербаў, яны там штогоду ваююць. Колькі нашага брата выйшла на вайну, а што нам: прыбавіцца хоць па дзесяціне ай што? Чаго не хапае багатым чарцям, што лезуць у вайну? Здаецца, і сыты і п'яны. З жыру шалеюць, сволачы, а ты за іх жыццём накладай». Казаў разважна і самавіта і хлябаў гарачую спітую гарбату. I мяне частаваў гарбатаю.
Пішу па абедзе (24-га кастрычніка). Выехалі… бо аказалася, што нямецкія акопы — пустыя. Начою немцы цішком уцяклі.
Едзем…
Восеннае сонца спакойна гуляе. Ветракі-млыны заснулі. Пустынна. Аднак там-тут пачынаецца сонны рух. Жыхары, як пчолы вясною з вулля, асцярожна выпаўзаюць.
Во, збоку шашы, кадцыбае вольны чалавек. Падняў з зямлі каску, раздушаную колам, падзяржаў двума пальцамі і кінуў у канаву. Двое хлопцаў збіраюць гільзы. Паднялі паломаную стрэльбу, але ўбачылі саддатаў, кінулі яе і пабеглі ўцякаць.
На гаці ў яме ляжыць здохлы конь. Раздуўся, як гара, і ўжо смярдзіць. А ў багне пакінута пустая снарадная скрынка. На ўзгорку — доўгая алея старых ліпін, дзеля чагось без жаласці ссечаных.
Цягнуцца акопы немцаў. У іх — пярыны, лаўкі, сталы, бляшаныя печкі, гаршкі з літоўскіх хат. Валяюцца пляшкі, гарахвяныя кансервы, папера ад шакаладу. Пачкі патронаў. Цэлыя кучкі гільзаў. Цягнуцца рады драцяных загародак.
I… знаёмыя мясцовасці! Вось тая горка з дрэвамі, па якой мы палілі 4-га жніўня.
Засмучэнне і трывога на сэрцы. Не пацяшае перамога. Сумныя малюнкі!
Крыжы на полі, на краях лесу, ля дарогі за канаваю. Змывае дождж слабыя карандашныя напісы: «Тут пакояцца рускія воіны, забітыя пры здабыванні г. Сталюпэнену 4 га жніўня 1914 году». Відаць, у адной магіле пахаваны і немцы, бо на адной з іх стаіць другі крыж з напісам: «Тутака пакояцца германскія воіны, забітыя пры абароне места С. 4-га жніўня 1914 году». Яшчэ колькі сігоў, і дошка: «Магіла воінаў-яўрэяў».
Іншыя крыжы са звязаных кіёчкаў. I ўжо пахіліліся, і ўжо борзда заваляцца. I згубіцца месца апошняга супакаення воіна.
25 кастрычніка .
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу