Калі яна перастала ляцець на нас, агонь нямецкіх батарэй падужэў (ці так толькі здалося), а што далей, то станавіўся ўсё дужэй і дужэй. Нас засыпала снарадамі, якія ляцелі цяпер не толькі проста з фронту, але і з правага боку — і аж быццам трошку справа-ззаду. Кулямётныя і вінтовачныя кулі ляцелі міма нас сляпцом, затое артылерыйскі абстрэл выдаваўся яшчэ страшнейшым. Памятаю: не столькі дзеля праўдзівае патрэбы, колькі дзеля таго, каб некуды пасунуцца, я пайшоў па латкі яшчэ раз. Пад круцейшым беражком шмат ляжала перавязаных раненых — і батарэйцаў і пехацінцаў, санітары ўсё няслі і няслі новых, на санітараў пакрыкваў наш лысы фельчар Лябёдкін, з шапкай набакір і з аблітаю няўмысля ёдам рукою. Я нёс латок удваіх з нейкім старым-старым, барадатым, пехацінцам. Нёс не столькі ён, колькі я, ён толькі цягнуўся, учапіўшыся за ручку, але ішлі даволі шчасна. Заставалася нам да гармат — як хлопчык можа дамахнуць шубінаю, аж тут наляцела чародная бура агню. Латок вываліўся з нашых рук. Дзе падзеўся барадаты, я не заўважыў, бо сам кумільгам рынуўся ў арудзійны акопчык. Там поўна прылягло нумароў, і маё прыбыцце іх не ўсцешыла, бо і так не было там куды дзецца, але — колькі маглі — паціснуліся. Я прымасціўся з крайчыку, утуліўшы між іх галаву і плечы. Нумары са смуткам шапталіся, што ў некалькіх нашых гарматах збіты прыцэлы, у адной заскапіўся патрон, у другой яшчэ нешта нядобрае, і няма як страляць. I праўда, калі я прыслухаўся, батарэя жудасна маўчала. З правага флангу над самаю нашаю галавою са свістам пранасіліся шрапнелі, аднак пераляталі дальш. З фронту ж гудзелі і па абодвух берагах рэчкі гкрэхалі гранаты. Чаропкі ад гранат і вынішчалі батарэю. «Калі да начы не забяруць — можа, выберамся жывыя», — пачуў я размову. У гэты самы час з гукатам і грукатам ударыўся снарад, блізюхтанька, на тым месцы, дзе мы кінулі латок, не далей. Балючы момант чакання… і пасыпалася камкамі зямля, зазвінелі меншыя і загудзелі большыя асколкі. Мяне штось дужа стукнула ў правае сцягно, аж троху падкінула мяне. Я падумаў, што ўдарыла адляцеўшым каменем ці мёрзлым камком зямлі. Шчупнуў рукою — мокра, зірнуў — кроў?.. I млявасць пайшла па целе, а крануў нагою наўмысля, каб ведаць, — дык адзервянела, як бывае, што заседзіш і замлее. Я агледзеўся: дзе ж той камень, што так дужа рэзнуў мяне? «Вальнапісанага раніла!» — крыкнуў над вухам адзін нумар, якога я ведаў толькі ў твар, а на імя не ведаў. Нехта зараз адпароў ад маіх штаноў прышыты асабовы бінток, адшпіліў мне адзежу і туга абкруціў мне ім нагу па голым целе (.бруднаватым, што мне чамусь было сорамна!). Я нагінаўся набок, каб убачыць рану, ды не мог дастаць вокам — і ізноў мне было сорамна і нібы нейкая крыўда, што ў такое месца трапіла. «Паўзіце, паўзіце!» — загадаў узводны, і я папоўз назад, на рэчку, пад бераг. Зрабілася заціш да чароднага залпу, і я ўзняўся паўзці, а тады пайшоў, цягнучы нагу і папіраючыся з аднаго боку шашкаю, а з другога карабінам. Быў рад, што не забіла і што ранены, паеду з фронту, але мучыўся і корчыўся, немаведама чаго, болей як трэба, — баяўся, каб яшчэ не забіла, не папсавала шчасця, дык наўмысля павялічваў сваю больку немаведама перад кім, што во глядзі, не чапай ужо мяне. Прапаршчык Валк ішоў міма і спытаўся спагадліва: «Вы ранены?» — «Няўжо ж не!!» — па-беларуску і грубіянскім голасам адказаў я, і гэтак было сказана неспадзявана для мяне самога. Валк і не пачуў ці, можа, не зразумеў, што я сказаў, і пайшоў.
Я, мабыць, з гадзіну ляжаў потым пад берагам рэчкі, адзін, зябнучы, і сотню раз, атупеўшы, шаптаў: «Калі гэта скончыцца? Калі гэта скончыцца?» Кананада не сціхала. Галлё з шумам ляцела ў рэчку, часам шлёпаліся ў ваду кулі. Міма мяне адзін раз прабеглі, прыгнуўшыся і гуськом, пехацінцы; адзін зачапіўся за маю раненую нагу, і я дзіка прахрыпеў нешта ад болю.
Батарэя маўчала… Потым радасна і дзёрзка бухнула першая гармата: заскеплены патрон здолелі выцягнуць. За ёю зараз стрэліла другая… Ой, колькі радасці! Батарэя жыве, батарэя б'ецца! Я не ўлежаў: пасмялеў і пацягнуўся туды, дзе фельчар перавязваў раненых. Паўзу… раптоўна батарэя змоўкла ізноў… Маўчыць злавешча… Кінуўся некуды з усіх ног фельчар, за ім санітары… Што такое? Страшна… Нейкае нядобрае маўчанне прайшло скрозь па батарэі, — але во батарэя ізноў бухае, толькі патроху, нудна пушчае патрон за патронам. Пляцецца назад фельчар, зусім без шапкі, дужа лысы чалавек. Гляджу: у яго на вачах слёзы? «Вальнапісаны! — панурана кажа ён мне. — Камандзір наш… царства нябеснае!» і глытнуў, хліпнуўшы, і хрысціцца дробнымі крыжыкамі, абцірае кулаком у ёдзе рыжыя абвіслыя вусы. Я камянею, зразумеўшы страшную праўду. Камандзір быў забіт напавал, шрапнельнаю куляю ў лоб, так што прабіла якраз пасяродку звёздку на шапцы. Гэта адзначыў мне фельчар, і я сам падумаў: герою — геройская смерць.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу