«Паехаў выбіваць нагледжаную лапінку травы», — падумаў Лявончык. Пазайздросціў, што Бурак старэйшы, але гэткі яшчэ рухавы, дужы. Лічы, два тыдні былі на сенакосе, на Шубіне, касілі, пераварочвалі, грэблі, стагавалі сена, млелі ад спякоты, смагі ды ад аваднёў i камароў, толькі сёння вярнуліся дадому — а ён, бачыш, зноў за касу. Праўда, i ён, Лявончык, не песціўся на ложку, але ўсё роўна аж паківаў галавою: ну, Бурак! Жылісты яшчэ, стары корч! Спраўнейшы нават за некаторых маладых.
Падумаў гэтак i захваляваўся. А што, калі Бурак падаўся ў яго норцік? Кожны гаспадар з вёскі мае ў лесе, у кустах ці каля рэчкі невялікі лапік, які па няпісанаму закону лічыцца толькі яго. Лявончык спрадвеку выкошваў Ярылаў норт. Але сёння гэты Бурак можа ўплішчыцца туды. Ён, бадай, болей за ўсіх з вёскі не любіць Лявончыка, зычыць яму толькі бяды i ліха. Можа, яшчэ i больш за Салавейчыкаву Ганну, хоць тая ўвогуле ні з ім, ні з жонкаю не гаворыць. Няпрыязь іхняя даўняя, яшчэ з маладых гадоў. З вайны.
«Пабягу i я, — сцепануўся i ажывіўся Лявончык, — закашу свой норт. Тады ўжо ні Бурак, ні іншы хто не ўлезе».
Ён усадзіў у калоду сякеру i падаўся ў дрывотню па касу i брусок.
Калі хуценька трусіў да дарогі, запыніла жонка. Яна збірала з бульбоўніку, што ўжо лашчыў вочы белымі, чырвона-фіялетавымі i сінімі кветкамі, каларадскіх жукоў. Падняла галаву, зірнула на яго ca здзіўленнем.
— Ты куды? Паляжаў бы…
Ён зірнуў на яе, невысокую, худую, быццам невылечна хворую, з выцвілымі вачыма, i нічога не сказаў. Бо i цяпер убачыў у яе позірку не толькі спачуванне, але i затоены боль, нават пакуту — за яго некалішнюю памылку, Гэтая памылка каменем ляжыць на яго i яе сэрцы.
— Прыйдзе час — наляжуся… — буркнуў, калі мінаў яе.
Жонка нічога больш не прамовіла, здаецца, з жалем пазірала, як ён ідзе — цяжка, прыгорбіўшыся, без ранейшай жвавасці, хоць i вымагаецца з усіх сіл здавацца бадзёрым. Сёння яго крануў гэты спачувальны жончын позірк, бо дабрыня, пяшчота заўсёды дарагія, але ён не ведаў, як аддзячыць. Не ўмеў, нават асцерагаўся гаварыць жонцы цёплыя словы. Больш бурчаў, злаваўся, чым быў ласкавы. I дзяцей не вельмі атуляў увагаю, любоўю.
Адчуваў: зараз, пад старасць, за ўсё гэта трэба дорага плаціць. Хочацца i мець ласку, i самому быць ласкавым. Не выходзіць такое, простае, чалавечае, i ў гэткія гады — значыць, неяк не так, як трэба, ты, чалавек, жывеш, не тое робіш.
Узбоч бульбянога поля, на поплаўчыку, бегаў, ловячы белага матыля, унук Пецька. За летні месяц, што пабыў у ix, паправіўся. Знікла з твару нездаровая белізна, заявілася ружовасць, падужэў i набраў моцы, як маладое дрэўца на добрай зямлі.
— Дзед, ты куды? — падбег. Патрусіў побач. Сёмы годзік хлопцу, але высакаваты — яму ўжо вунь па грудзіну. Чорныя што смоль валасы, вочы. Увесь у бацьку.
— Далёка, — усміхнуўся. Перад унукам, якога пакінуў бацька, не мог быць строгі.
— I я хачу з табою, — папрасіўся Пецька.
— Босы? Без маечкі? — запытаў з мяккім дакорам. — Там цябе авадні скусаюць, змяя цне. Прыедзе ў суботу маці, захоча ўбачыць свайго аднаго-адненькага сыночка — а Пецька хворы… Дык яна ж тады дзеда i бабу з хаты выгане… Ідзі лепш у сад, парэчак спелых пашукай ці трускавак.
Пажартаваў, прытуліў унука — той прыхінуўся, з мальбою пазіраў у вочы. Не памятаючы бацькі, не ведаючы мужчынскай ласкі, цягнецца да дзеда. За ім — як нітка за іголкаю.
Пазіраючы ў вялікія i глыбокія ўнукавы вочы, Лявончык зноў сумеўся. A раптам i ў ix хутка заявіцца папрок? Родныя дзеці гэтаксама некалі цягнуліся да яго, надта сыны, але пасля, калі пасталелі, пайшлі ў людзі i пабачылі свет, не толькі зчужэлі, папікалі за мінулае, a i адвярнуліся…
— Застанься дома, унучак, — папрасіў.— Я хутка вярнуся. Заўтра ўжо вазьму з сабою. Паедзем на коніку ў лес па галлё.
Пецька паслухаў, адстаў. А Лявончык зірнуў туды-сюды, ці не ідзе хто па дарозе, i прыспешыў крок. Не хацеў ні з кім сустракацца. У апошнія гады ён наогул любіў хадзіць i працаваць адзін, чужаніўся людзей, гулянак, стараўся не пазіраць нікому ў вочы. I людзі абыходзілі яго i жонку, не запрашалі на вяселлі ці хрэсьбіны, не прыходзілі ў пазыкі. Гэтая пагарда, абыякавасць, канечне, не былі без дай прычыны, але зусім забівалі яго дух.
На пыльнай сценцы ляжалі шматкі перапаленага на сонцы, згубленага з вазоў сена. Самыя буйныя Лявончык падабраў i панёс з сабою.
З высокага, забеленага воблакамі неба скочвалася сонца. Гарачыня спала, але ў паветры ўсё роўна адчувалася спякота. Відаць, на днях зноў, як i перад паездкай на Шубін, павінна адшугаць навальніца.
Читать дальше