Мы з Міхасём ці забаўляліся ў двары альбо на блізкім поплаве, ці каталіся на яго дзіцячым веласіпедзе, ці былі ў хаце i гулялі ў «школу», у «настаўніка» i «вучня». Міхасёва маці, цётка Франя, сустракала мяне ветліва, частавала смачнымі грушамі ды яблыкамі альбо разам з Міхасём садзіла за стол, а гаспадара я мала калі бачыў у хаце: ён, лічы, не стыкаўся дома. Сядзе на свайго жарэбчыка, стукне яму нагамі пад бакі — толькі яго i бачылі.
Тады, у першым класе, я з зачараваннем адносіўся да нашай настаўніцы — маладзенькай Клаўдзіі Ільінічны. Яна — у белых туфлях, блакітным касцюме, з выкладзеным наверх вялікім каўняром белай блузкі — была вельмі наглядная, а па-другое, ветлівая, хораша тлумачыла, чытала, а таксама спявала. Бачыць, чуць яе была для мяне кожны дзень найвялікшая радасць. Маці мая часамі аж «скардзілася»: пайшоў ты, сынок, казала, у школу, дык зусім змяніўся — мяне перастаў любіць, a палюбіў сваю настаўніцу, чужую жанчыну.
Помню, тады Клаўдзія Ільінічна чытала нам ca сваёй кніжкі казку, хораша гаварыла чужымі, «мядзведжым», «лісіным» ды «воўчым», галасамі, што мы ўсе не зводзілі з яе зачараваных позіркаў, затойвалі дыханне i слухалі, перанёсшыся думкамі з гэтага рэальнага свету ў нейкі іншы, казачны.
Нечакана рззка адчыніліся класныя дзверы, i мы дружна павярнулі на рып галовы: хто там нам замінае? За парогам стаяў Міхасёў бацька — невысокі, камлісты, у хромавых запыленых ботах, у сінім галіфэ i зялёным кіцелі, не зашпіленым зверху на два ці тры гузікі, у зялёнай фуражцы, на абручыку якой замест зорачкі была відаць свежая зялёная плямачка. Такое адзенне для нашых мужчын тады было звыклае — яны яго куплялі на таўкучцы ў Ракаве.
— Ідзі сюды, — запатрабаваў у анямелай цішьші Вішнявец-бацька, кіўнуўшы пальцам на свайго сына. — I ты, друг хутаранскі,— кіўнуў i мне, — выйдзі.
— Што такое, Іван Станіслававіч? — здзівілася Клаўдзія Ільінічна, прытульваючы кнігу да грудзей. — У нас жа ўрок…
— Нічога, урок можна i перарваць, — непачціва адказаў ёй Вішнявец. — Мне трэба разабрацца во з гэтымі героямі…
— Выйдзем, хлопчыкі,— ціха прамовіла настаўніца, — А вы, дзеткі, пасядзіце ціха. Хутка я вярнуся, дачытаю казку.
Мы падняліся i пайшлі пад здзіўленыя позіркі аднакласнікаў на калідор. Услед за намі падалася i Клаўдзія Ільінічна, нібы маці за дзецьмі.
Вішнявец, чакаючы нас, дастаў з кішэні пачак цыгарэт «Казбек» (Міхась збіраў пустыя пачкі i абменьваў на ix жаданыя сабе рэчы), закурыў, зачыніў за намі дзверы i кіўнуў, каб мы ішлі за ім у настаўніцкую. Там ён, як дырэктар, сеў за стол, зняў фуражку i хустачкаю выцер з ілба буйны пот.
— Іван Станіслававіч, я нічога не разумею… — i разгублена, i незадаволена абурылася Клаўдзія Ільінічна. Не села, стаяла побач з намі. Як старэйшая вучаніца. — Што здарылася?
— Спачатку, паважаная навучыцелька, дазвольце ў вас запытаць: чаму вы кепска вучыце давераных вам вучняў? — павысіў голас Вішнявец, нібы на сваю жонку ці дачку, — Чаму выхоўваеце не чэсных людзей, а спрытных зладзеяў?
Клаўдзія Ільінічна хуценька зірнула нам абодвум у вочы: што вы ўтварылі, дзеці? Мы паапускалі галовы, хоць i не адчувалі ніякай віны. Вішняўцоў рэзкі тон гаворкі, спалоханы i разгублены настаўнічышын позірк збянтэжылі нас. Мусіць, не толькі для дзіцяці, але i для сталага чалавека абвінавачванне ў невядомым граху страшней за абвінавачванне ў вядомым учынку.
— Растлумачце, Іван Станіслававіч, ясней, падрабязней, у чым мая віна ці віна маіх вучняў,— папрасіла Клаўдзія Ільінічна, чырванеючы на шчоках. Ад разгубленасці аж выстунілі на ix вялікія пляміны.
— Што тут тлумачыць! — спапяліў нас позіркам Вішнявец. — Во ім, гэтым малойчыкам, трэба даваць адказ.
Тут жа вылез з-за стала, хапіў Міхася за вуха.
— Дзе грошы?
Міхась зморшчыўся, нібы раскусіў дробку перцу, залыпаў вейкамі. I ад болю, i ад нечаканага бацькавага запытання.
— Чуеш? Дзе грошы, што ляжалі ў новай шафе між прасцірадламі? — не зважаючы на сынавы моршчыкі, дапытваў Вішнявец. — Адзін узяў ці ўдвух укралі?
— Татачка, баліць… — заенчыў Міхась, пачаў прасіцца: — Пусці. Я не браў ніякіх грошай. Татачка…
— Перастаньце! — нечакана павысіла голас Клаўдзія Ільінічна, аж ён у яе сарваўся, — Што за дамастроеўскія метады?! Гэта зусім не педагагічна!
— У мяне свае метады… — пырснуў слінай Вішнявец i ўдарыў адзін-другі раз Міхася па шчацэ. — Гавары, падшывалец, дзе грошы?
Міхась, енчучы, пачаў клясціся, што нічога не ведае. Тады Вішнявец схапіў мяне за вуха.
Читать дальше