— Не ганю я вас, — усхліпнула Маня, — але не мучце вы мяне, бо i дагэтуль разам з чужымі людзьмі нямала пазласлівілі, а мне ніколі ласкавага слова не сказалі… Жыў бы Сцяпан — была б рада яму… Адзін Бог ведае, колькі я папамучылася, уплакала, які лёд у мяне на сэрцы. Пачала адтаваць крыху, а вы… I пра дзіця падумаць не хочаце.
— Не звальвай на дзіця, — крыкнула свякроў, сарвала з яе галавы хустку. — Валасы вунь надрала, сукенкі новыя носіш…
— Жывая ж я яшчэ! — крыкнула i Маня. — I не трэба мяне жывую без часу хаваць…
Яна пакінула свякроў на двары i пайшла ў дрывотню, каб не бачылі яе людзі, села на калодку, закрыла твар рукамі i заплакала.
Свякроў не зайшла — ці падалася дамоў, ці мо дзе стаяла паблізу i слухала.
Ды Мані было гэта ўсё роўна. Адно, што ёй было дорага, дык гэта сын, яе сіротка, які гэтаксама не зведаў мужчынскае ласкі, гадуецца самапасам.
Маня доўга плакала i не пачула, як зайшоў Салавей — стомлены, брудны ад смалы, — стаў i слухаў, здзіўляўся спачатку, а пасля занепакоіўся. Падняў яе, спытаў:
— Чаго ты, Маня?
Яна зірнула на яго, не вытрымала, зноў захліпала, ткнулася да яго грудзей i, не сціхаючы, плакала.
— Ну, супакойся, — з пяшчотаю папрасіў ён i гладзіў яе па галаве. — Ну, сціхні… Чуеш?
Але яна не чула, не адказвала.
— Ну, не трэба. Цябе больш ніхто не будзе крыўдзіць, — ён цалаваў яе шчокі, глытаў салёныя слёзы, так i не дабіўшыся ад яе i слова, а сам гаварыў ёй тыя словы, якія даўно ўжо, можа, не ўспамінаў, гладзіў сваёй шурпатай, як тарка, рукою яе валасы.
Назаўтра Салавей, як яна бачыла праз адчыненыя дзверы, прачнуўся позна. Прахапіўся i ўсміхнуўся, быў, здаецца, памаладзелы, лёгкі, дужы.
Ускочыў, адзеўся, зірнуў на канапу, дзе спаў да сённяшняй ночы i якая сёння не разбіралася нанач, i выйшаў на кухню. Расчырванелая ад агню, у светлай сукенцы з кароткімі рукавамі, без хусткі, з гладка зачасанымі валасамі, зусім, здаецца, маладая, Маня зірнула на яго i ўсміхнулася, бачачы, што ён хоча нешта сказаць, а то i пажартаваць, засаромелася, успыхнула i заплюшчыла вочы.
— Маўчы! — сама падышла, прытулілася, моцна пацалавала, а пасля піхнула: — Прынясі вады… Гаспадар!
Ён усміхнуўся, узяў вядро i падаўся на двор, да калодзежа.
Толькі ўжо на трамвайным прыпынку, калі развітваліся, Вішнявец запытаў пра тое, пра што, мусіць, думаў увесь час.
— Скажы, Васільевіч, ты помніш пра некалішнюю маю аплявуху? — ён не то гарэзна ўсміхнуўся, не то крышку засаромеўся, падняў правую руку i пацёр далонь, быццам яна засвярбела. — Ці забыў даўно ўжо тое?
Вішнявец запытаў, а я збянтэжыўся. Быццам ён невінаваты, быццам я зграшыў. Міжволі зірнуў на гэтую руку, што некалі так балюча ўдарыла мяне. Яна i цяпер, калі Вішнявец пастарэў, трохі асеў, як асядае ў камлі старое дрэва, была яшчэ дужая — шырокая, як шуфель, далонь, тоўстыя пальцы. Ён сцепануўся ад майго пільнага позірку, апусціў руку i, здаецца, без дай прычыны схаваў яе ў кішэні светлага пінжака.
— Даўно тое было… — нібы апраўдваўся Вішнявец, нібы заадно хацеў супакоіць i мяне, каб я хоць цяпер не меў на яго крыўды. — Можа, гадоў трыццаць прайшло ўжо… Я тады быў яшчэ зусім малады, гарачы, а ты — горкае дзіця… Як i наш Міхась… — гаварыў i адводзіў вочы, не вытрымліваючы майго позірку. — Ды i час тады быў… Ого, які гарачы быў тады i час… Многа не гаварылі…
«Які б ні быў час, дзядзька Іван, але чалавек павінен заўсёды быць чалавекам», — хацеў сказаць я, але змаўчаў.
Я, прызнаюся шчыра, не забыў пра той былы, сапраўды даўні ўжо выпадак, але i не ўспамінаў яго каму-небудзь: па-першае, ці варта доўга выношваць крыўду i помсту, а па-другое, у жыцці маім за гэты час было яшчэ нямала ўсякіх — значных i дробных, прыемных i гаркотных — выпадкаў. Хіба ўсё ўтрымаеш у памяці?! Хіба на ўсё зважаць?! Але сёння, як пачуў званок, адчыніў дзверы i ўбачыў на пляцоўцы нечаканага знаёмага госця, дык адразу i ўспомніў той час, маладога дзёрзкага Вішняўца, тое прыкрае здарэнне.
Запрасіў у кватэру, слухаў яго крыўду, папрокі, частаваў, але не напамінаў былога. Ды i лічыў: Вішнявец пра ўсё ўжо забыў. Калі ўжо тое было! Ды ці варта за яго папікаць цяпер старога ўжо чалавека?! Лепш паглядзець, кім ён стаў на старасці. Маладыя грахі ды памылкі навучылі яго чаму-небудзь карыснаму ці нічога не змянілі ў чалавеку?
Я i цяпер, усміхаючыся, пазіраў на Вішняўца — невысокага, камлістага, у белым капелюшы i ў светлым касцюме, з кішэнькі пінжака якога вытыркаліся два хвосцікі самапісак, з гаспадарчай пакоўнай сумкаю ля ног.
Читать дальше