Бацька запаліў i павесіў лямпу на дрот, a маці ў гэты час высыпала з гаршка ў вялікую місу звараную бульбу — сям’я збіралася вячэраць.
— Як жа не верыць свайму дзіцяці? — заступалася за мяне маці. — Ніколі ж у жыцці ні ў кога нічога не ўзяў!
— Але ж грошы, кажа Іван, прапалі. З шафы. А яны абодва лазілі ў шафу — меншыя дзеці гэта добра бачылі…
— Па-першае, столькі грошай дзеці не возьмуць, можа, хто i ca сталых падгледзеў ды ўкраў, а па-другое, не мае права гэтак палохаць i біць чужое дзіця… — усхліпнула маці.— Думае, што наша дзіця вінаватае, дык няхай i скажа пра гэта нам. Самі разбяромся. А ён без суда i совесці рукі распускае, упалохаў хлопца, што i ў сне плакаў ды прасіўся…
Я прыкідваўся, што сплю; бацька замаўчаў; відаць, i яго, строгага, кранулі такія бессардэчныя Вішняўцовы выхадкі; маці падышла да мяне, прыклала вусны да лба, а пасля да скроні.
— Гарачанькі. Гарыць увесь… — уздыхнула, пацалавала мяне ў адну i другую набітыя сёння шчокі.— Зараз адвару з журавінак дам, кампрэс халодны на лоб пакладу…
Я назаўтра ў школу не пайшоў.
Гарэў, моцна балела галава. Маці сказала, што гэта ў мяне ад моцнага перапалоху. Вельмі злякаўся — вось i прычапілася хвароба. Часамі мне было так горача, што аж траціў прытомнасць — у вачах не то раіліся пчолы, не то лёталі мухі, бесперастанку стаяў звон-гул у вушах. Я то разумеў, дзе я i што са мною, то раптоўна падаў у забыццё.
Не хадзіў я ў школу з тыдзень. Усе гэтыя дні не то спаў, не то трызніў, сніў нейкія дзіўныя сны. Мала помню, што прывозілі да мяне з Дзераўной урача, што маці па некалькі разоў у суткі давала піць разведзеныя ў вадзе парашкі i таблеткі i што прыводзілі да мяне з далёкага хутара бабу Аршулю, каб яна «выгнала сполахі».
Калі я нарэшце ачуняў, дык адразу ўбачыў каля сябе маці.
— Сыночак, ты i праўда невінаваты, — абцалавала мяне. — Учора была тут твая настаўніца, дык сказала, што Вішняўцы знайшлі грошы. Ix украў іхні сусед, Кузёмка. Хаваў, таіў, а потым падкінуў Вішняўцам… Але людзі ўбачылі, расказалі пра ўсё ўсім…
Хоць быў я невінаваты, але мне, здаецца, адразу ж палягчэла ад гэтай навіны. Усцешыўся, што i маці з бацькам супакоіліся, не будуць думаць абы-чаго пра мяне ды саромецца перад вёскаю. Сапраўды ж, было б не паказацца нікому на вочы, каб я аказаўся злодзеем. Заадно радаваўся, што i з мяне спала абвінавачванне. Ужо ў маладыя свае гады я адчуў: няма на свеце болей пакутлівага ды гораснага, чым хітра прыдуманы паклёп, падазрэнне.
Увечар, калі вярнуўся з работы бацька, маці запатрабавала:
— Падавай, Васіль, на Вішняўца ў суд. Няхай патрасуць, каб не задзіраў нос ды не распускаў рукі. Няхай пакараюць, што дзіця ў пасцель уклаў, душу пакалечыў…
— Абышлося ўсё, дык i добра, — буркнуў бацька, здаецца, саромеючыся, што меў злосць, не верыў мне.
— Дзе ж яно «добра»?! — не адступала маці,— Ён хоць папрасіў выбачэння, што нас абразіў, дзіця набіў?
Бацька ўнурыў галаву i нічога не адказаў. Закурыў i зморшчыў лоб.
— Каб ён быў чалавек, меў душу i сэрца, дык сам прыйшоў бы i перад невінаватым дзіцем на калені стаў бы… — папікала маці бацьку за падатлівасць ды заадно выказвала сваю злосць на Вішняўца. — Але ён не прыйшоў i не прыйдзе, бо мы зашмат патураем яму, усё дароўваем. Іншы перадумаў бы ды чалавекам стаў, а ён толькі свінее…
Маці ў той вечар яшчэ доўга дакарала бацьку, кляла майго крыўдзіцеля. Я сам сабе рашыў: трэба абавязкова пакараць Вішняўца. I я пакараю яго. Сваёю пагардаю.
Сапраўды, я доўга, пакуль жыў у вёсцы, пагарджаў Вішняўцом, хоць, здаецца, гэтым надта яго не бянтэжыў. Спачатку пры сустрэчах ён пасміхаўся, жартаваў, нават пакепліваў з мяне, а пасля, бачачы, што я пазіраю на яго спадылба, абмінаў мяне i абы-што нагаворваў за вочы. Нібы не ён мне, а я яму зрабіў прыкрасць.
Прайшлі гады, i тая даўняя мая крыўда, як казаў ужо, паволі забылася ці ўспаміналася ўжо не з такім, як у маленстве, болем. Ажыла, абзыўнулася, калі ўбачыў старога ўжо Вішняўца на пляцоўцы каля нашай кватэры. Дагэтуль добрыя пятнаццаць гадоў ён не трапляў мне на вочы ні ў сталіцы, ні ў тым гарадку, дзе цяпер жыве, ні ў нашай вёсцы, куды i ён, як кажуць, зрэдку прыязджае.
…Пасля сустрэчы з Вішняўцом я даў сабе зарок: стрымлівайся з усіх сіл i без дай прычыны не крыўдзі чалавека. Калі ведаеш цяжар крыўды, болю, дык не трэба свядома жадаць гэтага некаму.
Лявончык, задумаўшыся, сек каля дрывотні галлё. На хвілінку запыніўся, каб адпачыць, зірнуў на блізкую сценку: тудою шпарка, угнуўшы галаву, ехаў на веласіпедзе Рыгор Бурак. Да рамы было прывязана кассе, да багажніка прымайстравана загорнутая ў анучку каса.
Читать дальше