Яшчэ адно, галоўнае з галоўнага, было таксама не ўлічана ворагам дастаткова. Гэта — пачуццё радзімы, пачуццё вялікай, непераможнай еднасці савецкіх людзей, якое жывіла кожную групу, кожнага партызана.
Быў свой, вялікі, родны партызанскі свет. Для колатага, хто насіў гордае званне народнага мсціўца, асяродкам гэтага свету была яго група ці аддзяленне, ці ўзвод. За гэтым цэнтрам, найменшым, былі большыя цэнтры: узводы ў атрадзе, атрады ў брыгадзе, брыгады ў злучэнні. Энская пушча як база злучэння ва ўсе бакі — ляскамі, пералескамі і родным полем — злучалася з іншымі масівамі беларускіх лясоў, дзе таксама былі партызаны. На поўнач, поўдзень і ўсход злучэнні беларускіх партызан дзейнічалі поруч з народнымі мсціўцамі іншых братніх рэспублік. Такім чынам ствараўся ён, магутны партызанскі свет, частка непераможнага, усенароднага фронту змагання з фашызмам.
Недарэчная думка аб тым, што раптам мог загінуць гэты свет, магла ўзнікнуць сярод яго найменшай часткі — трох партызан з разгромленай разведкі — толькі таму, што гэтая частка адчула сябе адарванай ад роднага свету і па нейкі час паддалася страху.
Тым часам яе баявая сям'я, брыгада «Сокал», давала ворагу адпор. Увесь гэты дзень на подступах да пушчы кіпеў гарачы, няроўны бой. Бой з ворагам, які перавалаў і колькасцю і ўзбраеннем. Толькі ноччу, калі высветлілася, што фашысты прарвалі партызанскі фронт далей на поўнач і абыходзяць сокалаўцаў з тылу, брыгада пакінула пазіцыю. Адышоўшы за ноч у глыб лесу, на досвітку яна павярнула крута на поўдзень. Штаб вырашыў намацаць там найбольш слабое месца ў варожым кальцы, прабіць гэта кальцо і выйсці ў тыл варожым сілам.
На ўскраіне Чорнага балота сокалаўцы спаткалі трох партызан і жанчыну з дзіцем. Яны ішлі на захад, у той бок, дзе — як яны спадзяваліся — і сёння стаіць яшчэ на Нёмане іх брыгада.
— Хто вёў? — ціха, прыгнуўшыся з сядла, спытаўся камбрыг, пачуўшы сумную гісторыю пра лёс сваіх людзей.
Яму было дваццаць пяць год. З той ночы, калі ён апусціўся па гэтую зямлю з парашутам, прайшоў толькі год. Атрад «Сокал» вырас у брыгаду, а камандзір яе заслужана насіў далёка вядомае імя — Грозны. Аднак знешні выгляд камбрыга ніяк не пасаваў да гэтага імені. Чарнявы, дробны хлапчына ў кубанцы заўсёды быў вясёлы, просты ў абыходжанні.
Ён заклапочана глядзеў з сядла на трох разведчыкаў і ціха пытаўся:
— Хто вёў?
І вось тады сталася так, што малы, каржакаваты Серада, чырвоны ад напружання і страху, ступіў наперад і далажыў:
— Учора вёў я, таварыш камбрыг. Хавацца вёў. Спалохаўся, як баба…
— Ты пра сябе гавары, пра мяне гавары, — перапыніў яго маўклівы Тадорын Іван. — Якраз мы з табой бабы, а не яна…
Ён паказаў на Ліду з малой на руках.
Тут грымнуў смех. Яны смяяліся — да чорта стомленыя, непакорныя, свае!.. Смяяліся з коней, смяяліся спешаныя, смяяўся і сам камандзір.
Аднаму Жэньку было не да смеху. Ён толькі памятаў пра цэлы дзень, пра цэлы дзень адступлення ў той мох, куды іх вёў Серада. Ён чуў цяпер сяброўскі дружны смех, і, здаецца, дарэчы было б праваліцца.
— Ну, Саковіч, нічога, здаралася і такое, — сказаў яму камбрыг.
— Саковіч сёння вёў, таварыш камандзір… — пачаў, ізноў падцягнуўшыся на «смірна», Серада.
— Я ведаю і сам, — перапыніў камбрыг. — Саковічу трэба каня. Несцярэнка, — звярнуўся ён да свайго ад'ютанта. — У трэцім узводзе вазьмі. Ну, і гэтым сокалам… таксама, — і ён паказаў з усмешкай на Івана і Сераду. — Хоць я з прыемнасцю паслаў бы іх у пяхоту. Пеша лягчэй заслужыць прабачэнне. Як, Серада?
— Я заслуяеу, таварыш камандзір…
— Даволі! Ведаю і сам.
Заставалася толькі пачуць каманду — паперад! Ды камбрыг не забыўся яшчэ аднаго.
— Што, кажаце, зробім з жанчынай? — спытаўся ён. Ніхто не гаварыў аб гэтым, Грозны сам запытаўся і сам адказаў: — Жанчыну, вядома, тут не пакінем. Толькі і з намі ёй няма чаго рабіць. Ану, паклічце мне Дзеда.
— «Дзед», — гэта быў брыгадны старшына. З Грачанікаў, адной вёскі з Серадой і адной з ім прафесіі — лесаруб. За сорак год валацужання з сякерай стары вывучыў пушчу добра.
— Што, Дзед, да Праглай адгэтуль далёка? — спытаўся камбрыг, калі з'явіўся старшына.
— Адгэтуль трэба пад сонца ісці,— адказаў Дзед, доўга не думаючы. — Да Чортавага акна будзе добрая кіламетра. А там балотам кіламетры са тры… А што?
— Як што? А сем'і нашы дзе? І трэба туды завесці вось гэтую цётачку з дзяўчынкай. Здаецца, дзяўчынка?
— Дзеўка, дзеўка, таварыш камбрыг, а як жа, — адказала Ліда і першы раз сёння ўсміхнулася. — Мая партызанка. Свірыдава дачка. Андрэя Свірыда.
Читать дальше