— Ах, Андрэй мой, Андрэй, каб ты быў, каб ты бачыў!..
…Андрэй бачыць. Ён тут. Ён стаіць у вачах Жэнькі, над гэтым жудасным плачам сваіх найбліжэйшых. З пагардай і смуткам прыплюшчыўшы на сяброў шэрыя, моцныя вочы, ён гаворыць:
— Эх вы!..
І за гэтымі словамі — ночы засад і сутычак, першыя радасныя зводкі… І той час, калі яны, яшчэ да ўступлення ў атрад… Да якога там, зрэшты, уступлення! Тады яшчэ і атрадаў ніякіх не было, калі яны, лядаўскія камсамольцы, збіраліся ў старэйшага таварыша, у Андрэя, па хутары, і абмяркоўвалі, што рабіць па пачатак.
Вось і Шура Сучок…
«Я, каб што-небудзь такое, спачатку даў бы вам знак, каб вы маглі спакойна адысці…» — «А сам?» — «Сам? Чорт яго ведае… Што ж, сам таксама пошта рабіў бы…»
Больш ён не кажа нічога.
«…Калі ж на сваёй слабасці, баязлівасці або па злоснай волі я: парушу сваё абяцанне і выдам народную спpaву, — устаюць перад Жэнькам заключныя словы партызанскай прысягі,— няхай я загіну ганебнай смерцю ад рукі сваіх таварышаў».
«Мы яшчэ не парушылі яе, — думае Жэнька, — аднак мы ўжо сталі на гэты шлях. Мы аслабелі, збаяліся. А збаяўшыся, мы бязвольна паддаліся найбольшаму паміне нас баязліўцу, бо ён абяцае завесці ў надзейную схованку. Толькі вось гэта дзіця перашкаджае, можа выдаць нас сваім плачам… А каб дайшло да выбару, хто мае застацца жыць — мы ці малая, — што ён выбраў бы, наш павадыр?.. А мы, можна надумаць, маўчалі б, бо цяпер вось маўчым, пакуль ён вякае. А потым на нашым шляху, не зважаючы, на ўсе лясныя прамудрасці Серады, могуць з'явіцца фашысты. Жыццё можна будзе купіць толькі здрадай, якую народзіць страх. І што ён выбраў бы, наш павадыр? А мы? Мы таксама маўчалі б?..»
Упёршыся на левую, здаровую руку, Жэнька Саковіч устаў.
— Пара, Іване, — сказаў ён.
Маўклівы, занадта спакойны Тадорын Іван нібы даўно чакаў на гэты загад.
Удвух яны падышлі да трэцяга. І Жэнька загадаў:
— Устань, Серада! Пагаворым.
Штаб групіроўкі. фашысцкіх войск, якому была даручана ліквідацыя энскага партызанскага злучэння, уяўляў сабе становішча справы так:
Лясны масіў Н. з'яўляецца базай злучэння. У цэнтры гэтага масіву, у найбольш, як можна думаць, дрымучым месцы, знаходзіцца штаб, які кіруе ўсёй работай паасобных партызанскіх груп. Задача аперацыі заключаецца ў тым, каб сагнаць усе гэтыя групы з ўсёй зоны іх дзеяння ў пушчу, тады аблажыць пушчу шчыльным кальцом войск і сціскаць гэта кальцо датуль, пакуль усе сілы злучэння будуць згуртаваны ў адно месца, вакол свайго штаба. Там яны будуць разгромлены. Было прадугледжана і тое, што пры адступленні ў пушчу партызаны паспрабуюць даваць адпор. Ён будзе хутка зламаны націскам рэгулярных часцей. Тады прыменіцца тактыка прачоскі з загонамі. Па лесе працягнецца шчыльны невад пяхоты, які згорне да цэнтра пушчы і большых партызанскіх рыб і расцярушаную ў баях драбнарыбіцу. Пяхота пройдзе па магчымасці ўсюды, бо дзеля гэтага ёй выданы адпаведныя камбінезоны, аўчаркі, дастатковая колькасць боепрыпасаў. Тактыка загонаў будзе заключацца ў тым, што перад невадам пяхоты будуць выкідвацца засады на дарогах, прасеках і сцежках, па якіх пабягуць партызаны. Непраходныя месцы будуць шчыльна пакрыты агнём гармат, мінамётаў і авіябомбамі.
План аперацыі быў задуманы і распрацаваны з усёй нямецкай педантычнасцю, аднак ён не даваў тых вынікаў, па якія разлічваў штаб групіроўкі. Жорсткія абаронныя баі на ўскраінах пушчы давялі захопнікам, што здольнасць партызан супраціўляцца рэгулярнаму войску з артылерыяй, браневікамі і самалётамі — улічана далёка не дастаткова. Яшчэ больш недастаткова былі ўлічаны «дзікія здольнасці рускіх» — партызанская кемлівасць, вынослівасць і веданне прыроды. Фашысцкі «невад» атрымаўся на практыцы далёка не шчыльным. Тымі месцамі, што лічыліся зусім непраходнымі для гэтага «невада», нягледзячы на шчодры агонь мінамётаў і бомбаў, у тыл ворага прабіраліся партызаны. Пушча таіла ў сабе недаступныя астравы, праходы да якіх ведалі нават не ўсе мясцовыя жыхары. Там была захавана бяззбройная частка загнаных у пушчу людзей — старыя, жанчыны і дзеці. «Невад» таксама не ўсюды даставаў да дна. Невялічкія, паасобныя групы партызан рассыпаліся перад наступаючай сілай, зарываліся пад тоўстыя аўчыны ляснога моху, а на балотах пакрываліся куп'ём і, зліўшыся з прыродай, трывалі там датуль, пакуль па іх цягнулася сетка варожых салдат.
Больш таго, была яшчэ адна не прадбачаная фашысцкім штабам акалічнасць. Некаторыя з тых, каго яны мелі на ўвазе, гаворачы пра «большых партызанскіх рыб», зусім нечаканым, імклівым ударам прарывалі «невад» і выходзілі з пушчы ў тыл сілам блакады.
Читать дальше