Да Жэнькі страх прыйшоў пазней, калі, пакрываючы зумканне апошніх асколкаў, заплакала, задыхаючыся ад жаху, маленькая дзяўчынка.
— Пойдзем, Ліда, з намі,— сказаў ён. — Не плач.
Але куды ж ісці?
Некуды ж вось ідзе гэтая вузкая лясная дарожка…
Дык і яны пайшлі туды.
Праз некалькі хвілін даронага раптам здрадзіла. Абмінаючы мокрую лагчыну, яна павярнула крута ўлева, якраз туды, адкуль найбольш блізка чуваць быў агонь. На поўдні грымела таксама. Вольным пакуль што заставаўся толькі ўсход. А на ўсходзе, абыякава да гэтай жменькі людзей, распасцерлася парослае хмызняком балота.
— З канём сюдой не пройдзеш, — сказаў Серада.
Ён рассядлаў каня, сядло на ўсякі выпадак закінуў у кусты, пасля, нібы дома, на грачаніцкім выгане, зняў і аброць. Тады нават хлёстка, як гаспадар, закончыўшы сяўбу, сцебануў каня аброццю па хвасце і, ледзь што но весела, крыкнуў:
— Эн, Сівы!.. Усё, па вайне!..
Недарэчная думка аб тым, што за імі загінула ўсё, была вось гэтак выказана ўпершыню.
Відаць, для таго, каб яшчэ больш апраўдаць яе, Серада працягнуў да сяброў руку з акрываўленым пальцам.
— Перавяяшце каторы, — сказаў ён.
Жэнька здзіўлена паглядзеў на яго, памаўчаў, а потым левай, здаровай рукой выняў з кішэні хусцінку.
— Вазьмі. Яна яшчэ трохі чыстая.
Яны прабіраліся на ўсход па балоце, парослым кустамі. Скакалі па куп'і, спатыкаліся па найбольш хісткія, тканню падмураваныя купіны, правальваліся або падалі, гразлі, выбіраліся зноў і зноў упарта ішлі наперад.
Першы ішоў малы, каржакаваты Серада. За ім спакойна, шырока ступаў вечна маўклівы Тадорын Іван, худы, жанаты мужчына. Ён нёс два аўтаматы — Жэнькаў і свой. За Іванам спяшалася Ліда. За Лідай — самы малодшы, высокі, яшчэ па-юнацку ссутулены Жэнька. Правая рука яго, прастрэленая, вісела па перавязі. Няваяша, наспех перавязаная рана яшчэ ўсё — чуваць было хлопцу — крывавіла, а пальцы рукі звісалі з бінта, як перабітае крыло. Бровы пад лінялай армейскай пілоткай былі насуплены, а чорныя вочы глядзелі панура — не толькі ад болю…
Страляніна і выбухі мін і снарадаў памалу сталі прыціхаць, аддаляцца па захад. Больш выразна чуваць былі выбухі самалётных бомбаў. Некалькі разоў над балотам, заганяючы хлопцаў і маладзіцу з дзіцём у кусты, нізка гудзеў бамбавоз ці тарахцеў, падобны на страказу, самалёт-разведчык.
Найцяжэй было Лідзе. Скакаць па куп'і з цяжарам, утрымліваць раўнавагу з запятымі рукамі, падаць так, каб не ўдарыць дачушку, і ўставаць разам з ёю, — было але вельмі зашмат на жаночую сілу.
Ужо два разы маўклівы Тадорын Іван спыняўся і гаварыў:
— Дай, можа, я паднясу.
І два разы яна адказвала:
— Нічога. От ідзі.
Тым часам сонца схіліла з поўдня. Маці сама не адчувала б таго, што ад рання яе сушыць смага, што галодная, — сама не ўспомніла б, дык кажуць аб гэтым грудзі. Верачка цягне і плача: прапала малако. Звыш таго, малой было зусім незразумела, навошта ёй цярпець усе гэтыя непрыемнасці, і яна рашуча пратэставала. Пратэст гэты выказваўся адзіным для маленства сродкам — плачам, які цяжка было супыніць. Яна то сціхала парою, стомленая ці супакоеная лягчэйшай дарогай, то зноў, пры новай цяжкасці, заходзілася плачам. Маці туліла яе, галубіла, прасіла і папракала, быццам дарослую, плакала нават са злосці, а потым, зноў уявіўшы, што можа здарыцца з гэтай светлай, маленькай галоўкай, цалавала дачушку яшчэ гарачэй, прасіла ў яе прабачэння…
З усіх сіл намагаючыся не адстаць ад мужчын, Ліда напружвала ўсю сваю ўвагу ў той бок, адкуль яна баялася пачуць страшнае слова аб тым, да чаго можа давесці іх гэты плач… Ёй хацелася злавіць кожны найменшы позірк папроку і злосці. Хацелася проста самой заглянуць у кожную з гэтых трох душ, каб дакладна і найхутчэй даведацца, што хлопцы думаюць…
Праўда, хлопцы пакуль што маўчалі.
Толькі адзін Серада гаварыў.
Бо вось ён стаў як быццам нейкім камандзірам, лепш сказаць — павадыром. Ён узяўся правесці іх туды, дзе ёсць, як ён кажа, зусім надзейная схованка. Доступ туды ведае толькі ён адзін. Іхняя вёска Грачанікі — усе лесуны, толькі і жылі з заработкаў у лесе.
— Туды, браток, — гаворыць ён, — нават баба Ганна не дойдзе. Па гэты самы бабскі жывакост. Мяне бацька-нябожчык вучыў. Пры Польшчы — не так, а вось у саракавым, як Саветы прыйшлі, вось тады, браток, пачаў я аграбаць капейку. Тады мы яе па-культурнаму пачалі называць: авіябяроза. Бо раней — так сабе па-вясковаму: чачотка, дый толькі. Пра нас з Сабалёвым Іванам нават газетка пісала: ударнікі…
Читать дальше