Перш чуваць збоку, зусім недалёка, ад дарогі, дзе хутар па ўзгорку, мяшаны вокліч: «гальт!» і «стой!»
Потым адтуль устаюць тры варожыя постаці: немец і два «бобікі»-паліцаі…
Дзядзька са зброяй ад'ехаў наперад пастолькі далёка, што ворагам значна бліжэй да яго. Зброя ў развалах, на шчасце, прыкрыла кажухом. Дзядзька, нібы азораны выратавальнаю думкай, бяжыць да немца і задыхана, часта гукае:
— Свой! Сво-ой!.. Мы з Лужы! З Лужы, паночку! Дальбог!..
Чорныя «бобікі» спакойна, упэўнена брыдуць па снезе амаль па калені і нават вінтовак сваіх не трымаюць напагатове.
Шэры немец — тропікі збоку і ззаду — цяжка набліжаецца да дзядзькі.
Насустрач паліцаям стаіць адзін Міша. Першы ішоў, а цяпер яшчэ выйшаў паперад. Рука ў кішэні кажушка, збялеў, толькі ноздрамі паварушвае, быццам гатовы да скоку.
Адзін паліцай адлучаецца, ідзе на яго. Другі — на Валодзьку. «Бобік» нешта крычыць, ужо гатовы заехаць прахожаму поўху. Калі ж ён падыходзіць зусім, Міша пытаецца, проста ў вочы:
— А ты, можа, і ўдарыць хочаш, сукін сын?
Паліцай перш бармоча, збялеўшы:
— Ды што вы, таварыш, завошта…
Потым адскоквае ўбок і хапаецца за рукаятку затвора. Міша выхоплівае з кішэні наган. Страляе. Паліцай, узняўшы рукі, валіцца назад.
За гэтым стрэлам, як водгук, грыміць паўнагучны вінтовачны стрэл: другі паліцай б'е па Мішу. Міша, здалося, хіснуўся, а потым страляе зноў, яшчэ, яшчэ раз. Другі паліцай перш асядае на снег, а потым лажыцца.
Немец строчыць з аўтамата па доўгім, зашмальцаваным канаусе дзядзькі і паварочвае наўцёкі.
Міша першы бяжыць да кабылкі, якая рада, што больш не сцёбаюць лейцамі, спакойна стаіць на дарозе. Міша бяяшць неяк дзіўна: улукаткі, бокам, задыханы. Ён цяжка падае ў развалы і крычыць:
— Гані!
Валя падае ззаду, якраз па яго, і пошта крычыць таксама.
Ды толькі Кастусь і Валодзька, дабегшы, паднімаюць кабылку на нейкі нядошлы галоп.
А тут з узгорка, з хутара — немец спыніўся, гад! — па іх лапоча аўтамат.
Валя не чуе, як блізка спяваюць кулі. Яна толькі адчувае «яго» і шчасліва, нарэшце шчасліва шэпча:
— Я не дам цябе больш, затулю…
На гэтым для Валі канчаецца ўсё.
…Зноў у лясную дзіч па дарозе пляцецца худая кабылка.
Цяпер ужо не дзядзька, а Кастусь кленчыць спераду.
На саломе пад доўгім кажухом ляжаць дзве маўклівыя постаці: Міша і Валя.
Дзядзька-падводчык і чацвёрты таварыш, Валодзя, засталіся ля хутара — назаўсёды…
За нізка навіслыя лапы ялін раз-поразу чапляе крывая вішнёвая дужка, і снег казытліва цярушыць на бледны твар «казачка». Вочы з чорнымі, доўгімі вейкамі заплюшчаны. Ды пад павекамі… жыве адчуванне жыцця. Праз боль у правым баку, няўмольны, перарывісты, туга зацягнуты кужэльным ручніком, яна часамі — вельмі здалёк — чуе ў хвіліну палёгкі высокую, белую песню палазоў і адчувае снег, быццам нечы гуллівы, пяшчотны дотык… Пасля яна нават расплюшчвае вочы і патроху з цяжкасцю пазнае, што шэра-зялёная сетка над ёю — гэта ельнік і неба…
На Валю шугае туманам, а потым побач з ёю родны голас кажа:
— Лепш табе трохі? Ну, вось і добра… Пашанцавала нам з табой нішто… Разам, дзеўка, і пакукуем…
Яна хацела б нешта адказаць. Але не можа.
Заплюшчыўшы вочы, толькі ўсміхаецца.
1946
Пакуль Ліда Свірыд не спаткала ў пушчы трох партызан, маладзіцы здавалася, што ўжо загінула ўсё.
Гэтае «ўсё» пачыналася з хаты на хутары, свайго гнязда. Беднае было яе гняздо, асірацелае пасля таго, як забілі Андрэя, аднак усё ж такі гняздо, бо ў ім жыло разам з Лідай іх птушанё — дзевяцімесячная Берачка. Недалёка ад хутара была вёска Ляды, дзе Ліда таксама была калісьці птушанём, а потым вольнай птушкай. Там жылі цяпер — мама, якая спачатку прыходзіла вучыць Ліду купаць Верачку, і тата, які пасля смерці Андрэя памагаў… не памагаў, а проста ўрабляў, як сваю, і яе, удовіну, гаспадарку. Там быў Мікола, старэйшы, сямейны брат, былі сяброўкі і сябры маладосці, сваякі і суседзі. За Лядамі — Ямнае, Градкі, Зарэчча, Грачанікі — бліжэйшыя вёскі, у адну з якіх выйшла замуж Марыля, сястра, у другую — Зіна, найлепшая сяброўка, у трэцяй — дажывала веку добрая цётка Настуля…
Адным словам, — быў свой невялікі круг, родная частка вялікага свету, з сярэдзінай, сэрцам — Верачкай.
Перасякаючы гэты круг, з поўдня на поўнач плыў Нёман. Таксама родны, свой, аптаваны ўлетку, абкоўзаны зімой.
У Лядах на Нёмане стаяў партызанскі дазор, а ў зрубе, сяк-так накрытым бульбянікам, — застава. У зрубе, а не ў хаце, таму што ад восені хат у Лядах не было: іх папалілі фашысцкія карнікі. Цяпер былі толькі зямлянкі, павеці, азяроды, пад колас крытыя пагрэбнікі, абгарэлыя платы і неяк асабліва аголеныя і самотныя ліпы, высокія грушы-дзічкі, бярозы і клёны. Паміж зямлянак, дрэў, платоў і чорных струп'яў котлішч заўсёды на вачах стаяў гэты незвычайны зруб. І, толькі паглядзеўшы на яго, на душы рабілася лягчэй і спакайней — і за дзіця, і за сябе, і за добрых людзей. Начамі з пушчы за Нёман выязджалі разведчыкі, выходзілі ўзводы, часам цэлы атрад ці брыгада. І толькі пачуўшы, як гаманілі вясёлыя хлопцы, як коні іх фыркалі і грукацелі па дошках парома або плюхацелі вадою ў бродзе, добра было ад думкі, што вось і сёння Верачка ціха засне і сама адпачнеш, а ўранні зноў устануць усе ды возьмуцца за працу, амаль што таксама спакойна, як да вайны.
Читать дальше