«Не за дваццаць, а за пятнаццаць аддам, калі не зманіш толькі!» адказаў парубак, не зводзячы з яго выпрабавальнага позірку.
«За пятнаццаць! добра! глядзі-ж, не забывайся: за пятнаццаць! вось табе і сініца [14] Пяцірублёвая асігнацыя.
ў задатак!»
«Ну, а калі зманіш?»
«Зманю — задатак твой!»
«Добра! ну, давай-жа па руках!»
«Давай!»
От бида, Роман иде, оттепер, як раз, надсадыть мени бебехив. да и вам, пане Хомо, не без лыха буде.
З маларас. камедыі
«Сюды, Афанасій Іванавіч! вось тут пляцень ніжэйшы, падымайце нагу, ды не бойцеся: дурань мой накіраваўся на ўсю ноч з кумам пад вазы, каб маскалі выпадкам не падчапілі чаго».
Так грозная чаравікава сажыцелька ласкава падбадзёрвала паповіча, які баязліва ляпіўся каля плота, але скора падняўся на яго і доўга стаяў там у няўцямнасці, быццам даўгі, страшны прывід, вымерваючы вокам, куды-б лепей саскочыць, і, нарэшце, з шумам рынуўся ў бур'ян.
«Вось бяда! Ці не выцяліся вы, ці не зламалі яшчэ, барані божа, карак?» клапатліва сыпала Хіўра.
«Тс! нічога, нічога, найласкаўшая Хаўроння Нікіфараўна!» хваравіта шэпчучы, прамовіў паповіч, уздымаючыся на ногі: «выключаючы толькі ўязвлення з боку крапівы, сего зміепадобнага злака, паводле выразу нябожчыка айца пратапопа».
«Пойдзем-жа цяпер у хату; там нікога няма. А я падумвала ўжо, Афанасій Іванавіч, што да вас балячка ці саняшніца [15] Боль у жываце. (Слоўн. Гогаля.)
прыстала. Няма, дый няма. Як-жа вы маецеся? Я чула, што пан-айцу перапала цяпер не мала рознай-рознасці!»
«Адна дробязь, Хаўроння Нікіфараўна; бацюшка ўсяго атрымаў за ўвесь пост мяхоў з пятнаццаць ярыны, проса мяхі з чатыры, кнышоў з сотню, а курэй, калі злічыць, дык не будзе і пяцьдзесят штук, яйкі-ж часцей за ўсё пратухлыя. Але ваісціну салодкія прынашэнні, сказаць да прыкладу, выключна ад вас чакаецца атрымаць, Хаўроння Нікіфараўна», гаварыў далей паповіч, чулліва паглядаючы на яе і падсоўваючыся бліжэй.
«Вось вам і прынашэнне, Афанасій Іванавіч!» прамовіла яна, стаўляючы на стол міскі і жаманліва зашпіляючы сваю, быццам незнарок расшпіленую кофту: «варэнічкі, галушачкі пшанічныя, пампушачкі, таўчэнічкі!»
«Б'юся аб заклад, калі гэта зроблена не хітрэйшымі рукамі з усяго Евінага роду», сказаў паповіч, беручыся за таўчэнічкі і падсоўваючы другою рукою варэнічкі. «Аднак-жа, Хаўроння Нікіфараўна, сэрца маё прагне ад вас стравы саладзейшай за ўсё галушачкі і пампушачкі».
«Вось я ўжо і не ведаю, якой вам яшчэ стравы хочацца, Афанасій Іванавіч!» адказала мажная красуня, прыкідваючыся, што не разумее.
«Зразумела, кахання вашага, незраўнаная Хаўроння Нікіфараўна!» шэптам прамовіў паповіч, трымаючы ў адной руцэ варэнік, а другой абдымаючы шырокі стан яе.
«Бог ведае, што вы выдумаеце, Афанасій Іванавіч!» сказала Хіўра, сарамліва спусціўшы вочы свае. «Чаго добрага! вы, глядзі што, надумаецеся яшчэ цалавацца!»
«Наконт гэтага я вам скажу, хоць-бы і пра сябе», гаварыў далей паповіч: «падчас бытавання майго, да прыкладу сказаць, яшчэ ў бурсе, вось як цяпер помню…»
Тут пачуўся на дварэ брэх і стук у вароты. Хіўра паспешна выбегла і вярнулася збялеўшая.
«Ну, Афанасій Іванавіч, мы папаліся з вамі; народу стукаецца куча, і мне здаўся кумаў голас…»
Варэнік спыніўся ў горле паповіча… Вочы яго вылупіліся, нібыта які-небудзь выхадзец з таго свету толькі што зрабіў яму перад гэтым візіт свой.
«Лезьце сюды!» крычала спалоханая Хіўра, паказваючы на пакладзеныя пад самай столлю на двух перакладзінах дошкі, на якіх былі навалены розныя хатнія манаткі.
Небяспека дадала духу нашаму герою. Апамятаўшыся крыху, ускочыў ён на ляжанку і палез адтуль асцярожна на дошкі. А Хіўра пабегла без памяці да варот, бо грукат у іх паўтараўся з большай сілай і нецярплівасцю.
Да тут чудасія, мосьпане!
З маларас. камедыі
На кірмашы адбылося дзіўнае здарэнне: усё напоўнілася чуткамі, што дзесьці паміж таварам паказалася чырвоная світка . Бабульцы, што прадавала абаранкі, здаўся шайтан, ва ўбранні жахлівае свінні, які безупынна нахіляўся над вазамі, нібыта нечага шукаючы. Гэта хутка разнеслася па ўсіх кутках ужо сціхшага табара; і ўсе лічылі за злачынства не верыць, не зважаючы на тое, што прадаўшчыца абаранкаў, рухомая крама якой была поруч з яткаю карчмаркі, раскланьвалася ўвесь дзень без патрэбы і пісала нагамі штосьці зусім падобнае да свайго панаднага тавару. Да гэтага дадаліся перабольшаныя весткі аб цудзе, бачаным валасным пісарам у разбураным хляве, так што пад ноч усе цясней ціснуліся адзін да аднаго; супакой парушыўся, і страх перашкаджаў кожнаму змружыць вочы свае; а тыя, што былі не зусім з адважнага дзесятка і мелі прыстанішча ў хатах, падаліся дамоў. Да ліку апошніх належаў і Чаравік з кумам і дачкою; яны разам з гасцямі, якія панапрошваліся да іх у хату, нарабілі моцнага грукату, што так напалохаў нашу Хіўру. Кума ўжо крыху разабрала. Гэта можна было бачыць з таго, што ён два разы праехаў з сваім возам па дварэ, пакуль знайшоў хату. Госці таксама былі ў вясёлым настроі і без цырамоніі ўвайшлі раней за самога гаспадара. Супруга нашага Чаравіка сядзела, як на іголках, калі пачалі яны шныпарыць па ўсіх кутках хаты.
Читать дальше