«Не бойся, сэрцайка, не бойся!» гаварыў ён ёй напоўголаса, узяўшы яе руку: «Я нічога не скажу табе благога!»
«Можа, гэта і праўда, што ты нічога не скажаш благога», падумала сама сабе красуня: «толькі мне дзіўна… пэўна, гэта нячысцік! Сама, здаецца, ведаеш, што не варта гэтак… а сілы нестае ўзяць ад яго руку».
Мужык азірнуўся і хацеў штосьці прамовіць да дачкі, але збоку пачулася слова: пшаніца. Гэтае магічнае слова прымусіла яго ў той-жа момант далучыцца да дваіх голасна размаўляўшых негацыянтаў, і ўвагі, якая прыкавалася да іх, ужо нішто не магло адцягнуць.
Чи бачишь вин якый парныще?
На свити трохи есть такых.
Сывуху так мов брагу хлыще!
Катлярэўскі. Энеіда
«Дык ты думаеш, зямляк, што кепска пойдзе наша пшаніца?» гаварыў чалавек, з выгляду падобны да заезджага мешчаніна, жыхара якога-небудзь мястэчка, у саматканых, запэцканых дзёгцем і засаленых нагавіцах, другому ў сіняй, там-сям ужо залапленай світцы і з вялізным гузам на ілбе.
«Ды думаць няма чаго тут; я гатоў ускінуць на сябе пятлю і матляцца на гэтым дрэве, як каўбаса перад Калядамі на хаце, калі мы прадамо хоць адну мерку».
«Каго ты, зямляк, задурваеш? Прывозу-ж, акрамя нашага, няма зусім», запярэчыў чалавек у саматканых нагавіцах. — «Так, гаварыце сабе, што хочаце», думаў сам сабе наш знаёмы, не прапускаючы ніводнага слова з гутаркі двух негацыянтаў: «а ў мяне дзесяць мяхоў у запасе».
«Вось яно і ёсць, што калі дзе ўбілася чартоўшчына, дык чакай столькі карысці, як ад галоднага маскаля», падкрэслена прамовіў чалавек з гузам на ілбе.
«Як чартоўшчына!» падхапіў чалавек у саматканых нагавіцах.
«Ці чуў ты, што пагаварваюць у народзе?» гаварыў далей чалавек з гузам на ілбе, наводзячы на яго скосу панурлівыя свае вочы.
«Ну!»
«Ну, вось табе і ну. Засядацель — каб яму не давялося болей абціраць губы пасля панскай слівянкі — вызначыў для кірмаша праклятае месца, на якім, хоць трэсні, ніводнага зярняці не збудзеш. Ці бачыш ты той стары, раскіданы хлеў, што вунь-вунь стаіць пад гарою?» (Тут цікаўны бацька нашай красуні падсунуўся яшчэ бліжэй і ўвесь ператварыўся, здавалася, ва ўвагу). — «У тым хляве безупынна водзяцца чартоўскія шашні; і ніводзін кірмаш на гэтым месцы не праходзіў без бяды. Учора валасны пісар праходзіў позна ўвечары, толькі зірк — у слухавое акно выставілася свіное рыла і зарохкала так, што ў яго мароз падраў па скуры; таго і чакай, што ізноў пакажацца чырвоная світка! »
«Што-ж гэта за чырвоная світка? »
Тут у нашага ўважлівага слухача валасы сталі дуба, са страхам адвярнуўся ён назад і ўбачыў, што яго дачка і парубак спакойна стаялі, абняўшыся і напяваючы адзін аднаму нейкія любоўныя казкі, забыўшыся пра ўсе світкі на свеце. Гэта разагнала яго страх і прымусіла звярнуцца да ранейшай бесклапотнасці.
«Эге, ге, ге, зямляк, ды ты майстар, як бачу, абдымацца! Хапі мяне чорт, калі я не на чацверты толькі дзень пасля вяселля навучыўся абдымаць сваю Хвеську нябожчыцу, ды і то дзякуй куму: быўшы дружкам , на троп паставіў».
Парубак заўважыў адразу-ж, што бацька яго любай не хапае зор з неба, і ў думках пачаў складаць план, як-бы схіліць яго на сваю карысць.
«Ты, мусіць, чалавек добры, не ведаеш мяне, а я цябе адразу пазнаў».
«Можа, і пазнаў».
«Калі хочаш, і імя, і прозвішча, і ўсё-ўсякае раскажу: цябе зваць Салопій Чаравік».
«Так, Салопій Чаравік».
«А прыгледзься добра, ці не пазнаеш ты мяне?»
«Не, не пазнаю. Не ў гнеў будзе сказана, на вяку столькі давялося нагледзецца мордаў усякіх, што чорт іх і прыпомніць усіх».
«Шкада-ж, што ты не прыпомніш Галапупенкава сына!»
«А ты быццам Ахрымаў сын?»
«А хто-ж? Хіба адзін толькі лысы дзідзько , калі не ён».
Тут сябры пабраліся за шапкі, і пайшло лабызанне; наш Галапупенкаў сын, аднак-жа, не трацячы часу, наважыўся ў тую-ж хвіліну абсадзіць новага свайго знаёмага.
«Ну, Салопій, вось, як бачыш, я і дачка твая пакахалі адзін другога так, што хоць-бы і навекі жыць разам».
«Што-ж, Параска», сказаў Чаравік, смеючыся і адвярнуўшыся да свае дачкі: «можа, і сапраўды, каб ужо, як гаворыцца, разам і таго… каб і пасвіліся на адной траве! што? па руках? а ну, новабраны зяць, давай магарычу!»
І ўсе трое апынуліся ў вядомай кірмашовай рэстарацыі — у жыдоўкі пад яткай, застаўленай шматлікаю флатыліяй су-лей. бутляў, пляшак усіх радоў і ўзростаў.
«Эх, хват! за гэта люблю!» казаў Чаравік, крыху падгуляўшы і бачачы, як нарачоны зяць яго наліў кубак велічынёй у поўкварты і, ні трохі не зморшчыушыся, выпіў да дна, бразнуўшы яго пасля на дробныя кавалкі. «Што скажаш, Параска? Якога я жаніха табе дастаў? Глядзі, глядзі: як ён па-малайцоўску цягне пенную!..»
Читать дальше