Пасічнік Руды Панько.
Мини нудно в хати жить.
Ой вези ж мене из дому,
Де багацько грому, грому,
Де гопцюють все дивкы,
Де гуляють парубкы!
З даўняй легенды
Як дзівосен, як павабен летні дзень у Маларосіі! Як тамліва-гарачая тая пара, калі поўдзень блішча ў цішыні і спякоце і блакітны, невымерны акіян, што сладастрасным купалам нахіліўся над зямлёю, здаецца, заснуў, увесь патануўшы ў пяшчоце, абдымаючы і сціскаючы чароўную ў паветраных абдымках сваіх! На ім ні воблака. У полі ні гуку. Усё нібыта памерла; уверсе толькі ў нябеснай глыбіні дрыжыць жаўранак, і срэбныя песні ляцяць па паветраных сходцах на закаханую зямлю, ды калі-ні-калі крык кнігаўкі ці звонкі гром перапёлкі разлягаецца ў стэпе. Ляніва і бяздумна, як быццам гуляючы без мэты, стаяць падвоблачныя дубы, і асляпляльныя ўдары сонечнага прамення запальваюць цэлыя маляўнічыя масы лісця, накідаючы на іншыя цёмны, як ноч, цень, па якім толькі ў моцны вецер пырскае золата. Ізумруды, тапазы, яханты эфірных казюлек сыплюцца па-над пярэстымі гародамі, якія зацяняюць статныя сланечнікі. Шэрыя сцірты сена і залатыя снапы збожжа станам размясціліся ў полі і вандруюць па яго невымернасці. Схіленае пад цяжарам пладоў шырокае голле чарэшань, сліў, яблынь, ігруш; неба, яго чыстае люстра — рака ў зялёных, горда паднятых рамах… Як поўна сладастрасця і пяшчоты маларасійскае лета!
Такою раскошаю блішчаў адзін з дзён гарачага жніўня тысяча восемсот… восемсот… Так, гадоў з трыццаць будзе назад таму, калі дарога, вёрст за дзесяць да мястэчка Сарачынец, кіпела народам, які спяшаўся з усіх вакольных і далёкіх хутароў на кірмаш. З раніцы яшчэ цягнуліся бясконцаю вераніцай чумакі [4] Абознікі, якія едуць у Крым па соль і рыбу. (Слоўн. Гогаля.)
з соллю і рыбаю. Горы гаршкоў, захутаных у сена, павольна рушылі, здаецца, нудзячыся ў сваім зняволенні і цемры; там-сям толькі якая-небудзь распісаная ярка міска ці макітра [5] Гаршчок, у якім труць мак. (Слоўн. Гогаля.)
выхвальна выстаўлялася на паказ з высока ўзнятага на возе плятня і прыцягвала расчуленыя позіркі прыхільнікаў раскошы. Шмат прахожых паглядала з зайздрасцю на высокага ганчара, уласніка гэтых каштоўнасцей, які павольным крокам ішоў за сваім таварам, рупліва ахутваючы гліняных сваіх франтаў і какетак ненавісным для іх сенам.
Адзінока ў баку цягнулі ператомленыя валы воз, навалены мяхамі, пянькою, палатном і рознаю хатняю паклажаю, за якім ступаў, у чыстай палатнянай кашулі і запэцканых палатняных нагавіцах, яго гаспадар. Лянівай рукой абціраў ён пот, які градам каціўся са смуглявага аблічча і нават капаў з доўгіх вусоў, напудраваных тым няўмольным цырульнікам, які няпрошаны з'яўляецца і да красуні і да пачвары, і прымусам пудруе ўжо некалькі тысяч год род чалавечы. Поруч з ім ішла прывязаная да воза кабыла, рахманы выгляд якой выкрываў немалы век яе. Шмат сустрэчных, і асабліва маладых парубкаў, браліся за шапку, параўняўшыся з нашым мужыком. Аднак-жа не сівыя вусы і не важны поступ яго прымушалі гэта рабіць; варта толькі падняць вочы трохі ўгару, каб убачыць прычыну такой пашаны: на возе сядзела прыгожанькая дачка з круглым тварыкам, з чорнымі брывамі, якія роўнымі дугамі ўздымаліся над светлымі карымі вочкамі, з бесклапотна-ўсмешлівымі ружовымі вусенкамі, з павязанымі на галаве чырвонымі і сінімі істужкамі, што, разам з доўгімі косамі і пучком палявых кветак, багатаю каронаю спачывалі на яе чароўнай галоўцы. Усё, здавалася, цікавіла яе; усё было ёй дзіўным, новым… і прыгожанькія вочкі безупынна бегалі з аднае рэчы на другую. Як не разгубіцца! першы раз на кірмашы! Дзяўчына ў восемнаццаць год першы раз на кірмашы!.. Але ніводзін з прахожых і праезджых не ведаў, чаго ёй каштавала ўпрасіць бацьку ўзяць з сабою; ён і душою рад-бы быў гэта зрабіць раней, калі-б не злая мачыха, што навучылася трымаць яго ў руках таксама спрытна, як ён лейцы старой кабылы, што валаклася за доўгую службу цяпер на продаж. Няўрымслівая супруга… Але мы і забыліся, што і яна тут-жа сядзела на вышыні воза ў святочнай шарсцянай зялёнай кофце, дзе, нібыта на гарнастаевай шкурцы, панашываны былі хвосцікі чырвонага толькі колеру, у багатай плахце [6] Сподняе адзенне жанчын. (Слоўн. Гогаля.)
, стракатай, як шахматная дошка, і ў паркалёвым каляровым ачыпку [7] Род каптура. (Слоўн. Гогаля.)
, што надаваў асаблівую важнасць яе чырвонаму поўнаму абліччу, па якім прамільгвала штосьці настолькі непрыемнае, настолькі дзікае, што кожны адразу-ж спяшаўся перанесці ўстрывожаны позірк свой на вясёленькі тварык дачкі.
Читать дальше