Нічога, хоць забі, не разумееш. Адкуль ён слоў нахапаўся такіх! Фама Грыгор'евіч раз яму наконт гэтага слаўную сплёў прыказку: ён расказаў яму, як адзін школьнік, што навучаўся ў нейкага дзяка грамаце, прыехаў да бацькі і зрабіўся такім латыньшчыкам, што забыўся нават нашу мову праваслаўную. Усе словы перакручвае на «ус»: лапата ў яго — лапатус, баба — бабус. Вось, здарылася аднойчы, пайшлі яны разам з бацькам на поле. Латыньшчык убачыў граблі і пытаецца ў бацькі: «Як гэта, бацька, па-вашаму называецца?» Дый наступіў, разявіўшы рот, нагою на зубцы. Той не паспеў сабрацца з адказам, як грабільна, размахнуўшыся, паднялося і — трах яго па ілбе. «Праклятыя граблі!» закрычаў школьнік, ухапіўшыся рукою за лоб і падскочыўшы на аршын: «Як-жа яны, чорт-бы сапхнуў з моста іхняга бацьку, балюча б'юцца!» Дык вось як! Прыпамянуў і імя, галубок! — Такая прыказка прышлася не па сэрцу мудрагельнаму апавядальніку. Не гаворачы ні слова, устаў ён з месца, расставіў ногі свае пасярод пакоя, прыгнуў галаву крыху наперад, засунуў руку ў заднюю кішэню гарохавага каптана свайго, выцягнуў круглую пад лакам табакерку, шчаўкануў пальцам па намаляваным рыле нейкага бусурманскага генерала і, захапіўшы не малую порцыю табакі, расцёртае з попелам і лістамі любістку, паднёс яе каромыслам да носу і выцягнуў носам на ляту ўсю кучку, не дакрануўшыся нават да вялікага пальца. І ўсё ні слова. Ды як палез у другую кішэнь і дастаў сінюю ў клетках паркалёвую хустку, тады толькі прабурчаў да сябе, бадай ці яшчэ не прымаўку:
Не сыпце бісера перад свіннямі. «Быць-жа цяпер сварцы», падумаў я, заўважыўшы, што пальцы ў Фамы Грыгор'евіча так і складаліся даць дулю. На шчасце, старая мая здагадалася паставіць на стол гапачы кныш
[2] Род печанага хлеба. (Слоўнік Гогаля ў першых выданнях вечароў.)
з маслам. Усе ўзяліся за справу. Рука Фамы Грыгор'евіча, замест таго, каб паказаць дулю, працягнулася да кныша, і, як заўжды вядзецца, пачалі падхвальваць майстроўку-гаспадыню. Яшчэ быў у нас адзін апавядальнік; але той (не варта-б супраць ночы і ўспамінаць пра яго) такія выкопваў страшныя гісторыі, што валасы хадзілі па галаве. Я сумысля не змяшчаў іх сюды: яшчэ напалохаеш добрых людзей так, што пасічніка, даруй божа, як чорта ўсе пачнуць баяцца. Няхай лепей, як дажыву, калі дасць бог, да новага года і выпушчу новую кніжку, тады можна будзе пастрашыць выхадцамі з таго свету і дзівамі, якія тварыліся даўней у праваслаўнай старане нашай. Паміж іх, можа здарыцца, знойдзеце байкі самога пасічніка, якія расказваў ён сваім унукам. Абы слухалі ды чыталі, а ў мяне, бадай, лянота толькі праклятая расшукваць, збярэцца і на дзесяць гэткіх кніжак.
Але-ж, вось быў і забыўся самае галоўнае: як будзеце, панове, ехаць да мяне, дык просценька трымайце шлях па тракце, на Дзіканьку. Я сумысля і выставіў яе на першай старонцы, каб хутчэй дабраліся да нашага хутара. Пра Дзіканьку-ж, мяркую, вы наслухаліся ўдостач. Праўду сказаць, што там дом мудрэй за які-небудзь пасічнікаў курэнь. А пра сад і гаварыць няма чаго: у Пецербургу вашым, напэўна, не знойдзеце гэткага. Прыехаўшы-ж у Дзіканьку, спытайце толькі першага стрэчнага хлапчука, які пасе ў запэцканай кашулі гусей: «А дзе жыве пасічнік Руды Панько?» — «А вось там!» скажа ён, паказаўшы пальцам, і, калі пажадаеце, давядзе вас да самага хутара. Прашу аднак-жа не надта закладаць назад рукі і, як гаворыцца, фінціць, бо дарогі на хутарах нашых не такія гладкія, як перад вашымі палацамі. Фама Грыгор'евіч, пазалетась, прыязджаючы з Дзіканькі, наведаўся-такі ў правал з новаю таратайкаю сваёю і гнядою кабылаю, не зважаючы на тое, што сам паганяў і што, паўзверх сваіх вачэй, уздзяваў часамі яшчэ купленыя.
Затое ўжо, як прыедзеце ў госці, дынь пададзім такіх, якіх вы зроду, можа, не елі; а мёду, і забажуся, лепшага не знойдзеце на хутарах: уявіце сабе, што, як унясеш соты — дух пойдзе па ўсім пакоі, выказаць нельга які: чысты, як сляза, ці крышталь дарагі, што бывае ў завушніцах. А якімі пірагамі накорміць мая старая! Што гэта за пірагі, каб вы толькі ведалі! Цукар, сапраўдны цукар! а масла, так вось і цячэ па губах, калі пачнеш есці. Падумаеш дапраўды: на што толькі не майстрыхі гэтыя бабы! Ці пілі вы калі-небудзь, панове, ігрушавы квас з цярновымі ягадамі, або варануху з ізюмам і слівамі? Або, ці не здаралася вам, часамі, есці путру [3] Страва, род кашы. (Слоўн. Гогаля.)
з малаком? Божа ты мой, якіх на свеце няма страў! Пачнеш есці — смаката, дый толькі. Насалода невыказная! Летась… Аднак-жа, што я сапраўды разбалбатаўся?.. Прыязджайце толькі, прыязджайце як найхутчэй; а накормім так, што будзеце расказваць і стрэчнаму і папярэчнаму.
Читать дальше