Гэта ўвагнала ў сорам нашых храбрацоў і прымусіла іх падбадзёрыцца; кум сербануў з конаўкі і пачаў расказваць далей: «Жыд умлеў; аднак-жа свінні на нагах, доўгіх, як хадулі, паўлазілі ў вокны і ў момант ажывілі яго плеценымі трайчаткамі [16] Трайны гарапнік. (Слоўн. Гогаля.)
, прымусіўшы яго скакаць вышэй гэтай бэлькі. Жыд у ногі, прызнаўся ва ўсім… Толькі світку нельга было ўжо вярнуць хутка. Пана абакраў на дарозе нейкі цыган і прадаў світку перакупцы; тая прывезла яе зноў на Сарачынскі кірмаш, але з таго часу ніхто нічога не купляў у яе. Перакупка дзівілася, дзівілася, нарэшце, скеміла: пэўна, віною ўсяму чырвоная світка. Нездарма заўсёды, калі надумвалася яна апранаць, адчувала, што яе ўсё душыць нешта. Не думаючы, не гадаючы доўга, кінула ў агонь — не гарыць чартоўскае адзенне. Э, ды гэта чортаў падарунак! Перакупка ўмудрылася і падсунула ў воз аднаму мужыку, які вывез прадаваць масла. Дурань і ўзрадаваўся: толькі масла ніхто і пытаць не хоча. Эх, нядобрыя рукі падкінулі світку! Схапіў сякеру і пасек яе на кавалкі; зірк — і лезе адзін кавалак да другога, і зноў цэлая світка. Перахрысціўшыся, хапіў сякераю другі раз, кавалкі раскідаў па ўсім месцы і паехаў. Толькі з той пары кожны год, і якраз у часе кірмаша, чорт з свіною лічынаю ходзіць па ўсёй плошчы, рохкае і падбірае кавалкі свае світкі. Цяпер, кажуць, аднаго толькі левага рукава нестае яму. Людзі з тае пары адхрышчваюцца ад таго месца, і вось ужо будзе гадоў з дзесятак, як не было на ім кірмаша. Ды собіла-ж нялёгкая цяпер засядацеля а…»
Другая палавіна слова замерла на вуснах апавядальніка…
Акно бразнула з шумам; шкло са звонам вылецела прэч, і страшны свіны лыч выставіўся, паводзячы вачыма, як быццам пытаючыся: а што вы тут робіце, добрыя людзі?
…Пиджав хвист, мов собака,
Мов Каин затрусывсь увесь;
Из носа потекла табака.
Катляраўскі. Энеіда
Жудасць скавала ўсіх, што былі ў хаце. Кум з разяўленым ротам ператварыўся ў камень. Вочы яго вылупіліся, як быццам хацелі стрэліць; расстаўленыя пальцы спыніліся ў сударгавай нерухомасці ў паветры. Высокі храбрэц, у неадольным страху, падскочыў пад столь і ўдарыўся галавою аб перакладзіну; дошкі пасунуліся, і паповіч з громам і трэскам паляцеў на зямлю. «Ай! ай! ай!» крычаў адзін, паваліўшыся на лаўцы, матляючы ў жаху рукамі і нагамі. «Ратуйце!» гарланіў другі ў адчаі, захінуўшыся кажухом.
Кум, выведзены з свае скамянеласці паўторным перапудам, папоўз у курчах пад падол свае супругі. Высокі храбрэц палез у печ, не зважаючы на вузкі чалеснік, і сам засунуў сябе засланкай. А Чаравік, як быццам абліты гарачым кіпнем, схапіўшы на галаву гаршчок, заместа шапкі, кінуўся ў дзверы і, як шалёны, бег па вуліцах, не бачачы зямлі пад сабою; адна змора толькі прымусіла яго зменшыць крыху хуткасць бегу. Сэрца яго калацілася, як млыновая ступа, пот ліў градам. У знямозе гатоў ужо быў ён упасці на зямлю, як раптам пачулася яму, што ззаду хтосьці гоніцца за ім… Духі яму заняло.
«Чорт! чорт!» крычаў ён без памяці, патройваючы сілы, і цераз хвіліну ў непрытомнасці паваліўся на зямлю.
«Чорт! чорт!» крычала ўслед за ім, і ён чуў толькі, як нешта з шумам рынулася на яго. Тут памяць ад яго адляцела, і ён, як страшны жыхар цеснае труны, застаўся нямы і нерухомы пасярод дарогі.
Ще спереди, и так и так;
А сзади, ей же ей, на чорта!
З простанароднай казкі
«Чуеш, Влас!» гаварыў, прыўзняўшыся, адзін з натоўпу народа, які спаў на вуліцы: «каля нас хтосьці ўпамянуў чорта!»
«Мне якая справа!» прабурчэў, пацягваючыся, цыган, які ляжаў каля яго: «хоць-бы і ўсіх сваіх сваякоў успамянуў».
«Але-ж так закрычаў, як быццам душаць яго!»
«Мала чаго не зманіць чалавек спрасонку!»
«Воля твая, хоць паглядзець трэба; а выкрасай агню!»
Другі цыган, мармычучы сам сабе, падняўся на ногі; двойчы асвятліў сябе іскрамі, быццам маланкаю, раздзьмуў губамі трут і, з каганцом у руках, звычайнай маларасійскаю свяцільняй, што складаецца з пабітага чарапка, налітага баранавым салам, — накіраваўся, асвятляючы дарогу.
«Стой; тут ляжыць нешта; свяці сюды!»
Тут далучылася да іх яшчэ некалькі чалавек.
«Што ляжыць, Улас?»
«Так, як быццам два чалавекі: адзін наверсе, другі пад нізам; і каторы з іх чорт, ужо і не пазнаю!»
«А хто наверсе?»
«Баба!»
«Ну, вось, гэта-ж і ёсць чорт!»
Усеагульны рогат пабудзіў амаль усю вуліцу.
«Баба ўзлезла на чалавека; ну, мусіць, баба гэтая ведае, як ездзіць», гаварыў адзін з натоўпу.
Читать дальше