«Што, кума?», закрычаў увайшоўшы кум: «цябе ўсё яшчэ калоціць трасца?»
«Так, нядужыцца», адказала Хіўра, неспакойна паглядаючы на накладзеныя пад столлю дошкі.
«А ну, жонка, дастань там у возе баклажку!» казаў кум прыехаўшай з ім жонцы: «Мы чарпанём яе з добрымі людзьмі; а то праклятыя бабы панапалохалі нас так, што і сказаць брыдка. А мы-ж, дальбог, браткі, праз глупства прыехалі сюды!» гаварыў ён, сёрбаючы з глінянай конаўкі. «Я тут-жа стаўляю новую шапку, калі бабы не надумаліся пасмяяцца з нас. Ды хоць-бы і сапраўды шайтан! — Што шайтан? Плюйце яму на галаву! Хоць-бы ў гэты-ж момант надумаўся ён стаць вось тут, напрыклад, перада мною: будзь я сабачы сын, калі не паднёс-бы яму дулю пад самы нос!»
«А чаго-ж ты раптам збялеў увесь!» закрычаў адзін з гасцей, які перавышаў усіх галавою і стараўся заўжды выказваць з сябе храбраца.
«Я… Гасподзь з вамі! прыснілася?»
Госці ўсміхнуліся. Здаволеная ўсмешка з'явілася на твары высокага банматыста-храбраца.
«Куды яму цяпер бялець!» падхапіў другі: «шчокі ў яго расцвілі, як мак; цяпер ён не Цыбуля, а бурак — або лепей, як тая чырвоная світка , што так ужо напалохала людзей».
Баклажка пракацілася па стале і зрабіла гасцей яшчэ весялейшымі, чым раней. Тут Чаравік наш, якога даўно ўжо мучыла чырвоная світка і не давала ні на хвіліну спакою цікаўнаму яго духу, прыступіў да кума.
«Скажы, будзь ласкаў, кум! вось прашуся ды не дапрашуся гісторыі пра гэту праклятую світку ».
«Э, кум! яно-б і не варта расказваць нанач; ды хіба ўжо, каб дагадзіць табе і добрым людзям (пры гэтым звярнуўся ён да гасцей), якім, я заўважаю, столькі-ж, як і табе, хочацца даведацца пра гэтую дзіковіну. Ну, няхай будзе так. Слухайце-ж!»
Тут ён пачухаў плечы, уцёрся крысом, паклаў абедзве рукі на стол і пачаў:
«Аднойчы, за якую віну, дальбог, ужо і не ведаю, толькі выгналі аднаго чорта з пекла!»
«Як-жа, кум?» перапыніў Чаравік: «як-жа магло здарыцца, каб чорта выгналі з пекла?»
«Што-ж рабіць, кум, выгналі дый выгналі, як сабаку мужык выганяе з хаты. Можа, на яго напала дурная ахвота зрабіць якую-небудзь добрую справу, ну, і паказалі дзверы. Вось, чорту беднаму так зрабілася нудна, так нудна без пекла, што хоць да пятлі. Што рабіць? Давай з гора п'янстваваць. Угняздзіўся ў тым самым хляве, які, ты бачыў, разваліўся пад гарою і паўз які ніводзін добры чалавек не пройдзе цяпер, не засцярогшы сябе спачатку крыжам святым, і стаў чорт такі гуляка, якога не знойдзеш паміж парубкамі. З раніцы да вечара адна справа, што сядзіць у карчме!..»
Тут ізноў строгі Чаравік перапыніў апавядальніка.
«Бог ведае, што гаворыш ты, кум! Як можна, каб чорта ўпусціў хто-небудзь у карчму: у яго-ж ёсць, дзякуй богу, і кіпцюры на лапах і рожкі на галаве».
«Вось тут і штука, што на ім была шапка і рукавіцы. Хто яго пазнае? Гуляў, гуляў — нарэшце, дайшло да таго, што прапіў усё, што меў з сабою. Карчмар доўга верыў, пасля і перастаў. Давялося чорту пакінуць у заставу чырвоную світку сваю, ледзь не за трацяк цаны, жыду, які карчмарыў тады на Сарачынскім кірмашы; пакінуў і кажа яму: глядзі, жыд, я прыду да цябе па світку роўна цераз год: беражы яе! і знік, як быццам у ваду. Жыд разгледзеў добра світку; сукно такое, што і ў Міргарадзе не дастанеш! а чырвоны колер гарыць, як агонь, так што не наглядзеўся-б! Вось жыду здалося нудным чакаць тэрміну. Пачухаў сабе пейсікі, дый злупіў з нейкага прыезджага пана амаль пяць чырвонцаў. Пра тэрмін жыд і забыўся быў зусім. Дык вось аднойчы, пад вечар, прыходзіць нейкі чалавек: „ну, жыд, аддавай світку маю!“ Жыд спачатку быў і не пазнаў, а пасля, як разглядзеў, дык і прыкінуўся, быццам у вочы не бачыў: „якую світку? у мяне няма ніякае світкі! я ведаць не ведаю твае світкі!“ Той, зірк і пайшоў; толькі пад вечар, калі жыд, замкнуўшы сваю будку і пералічыўшы па скрынях грошы, накінуў на сябе прасцірадла і пачаў па-жыдоўску маліцца богу — чуе шорхат… зірк — ва ўсіх вокнах павыстаўляліся свіныя лычы…»
Тут сапраўды пачуўся нейкі невыразны гук, вельмі падобны да рохкання свінні; усе збялелі… Пот выступіў на твары апавядальніка.
«Што?» прамовіў у спалоху Чаравік.
«Нічога!» адказаў кум, калоцячыся ўсім целам.
«Ась!» абазваўся адзін з гасцей.
«Ты сказаў»…
«Не!»
«Хто-ж гэта рохкнуў?»
«Бог ведае, чаго гэта мы перапалохаліся! нікога няма!»
Усе баязліва сталі азірацца наўкол і пачалі шныпарыць па кутках. Хіўра была ні жывая, ні мёртвая. «Эх вы, бабы, бабы!» прамовіла яна ўголас: «ці вам-жа казакаваць і быць мужамі! вам-бы верацёны ў рукі, ды пасадзіць за грэбень! адзін хто-небудзь, можа, даруй божа… Пад кім-небудзь лаўка зарыпела, а ўсе і кінуліся, як шалёныя!»
Читать дальше