I так усю дарогу, удзень i ўночы.
«Рама» з намі завядзе гаворку:
— Вось i я! Засумавалі? А, гэта вы? Зараз, зараз, я вось толькі палятаю над вамі. Зараз прышлю з бомбачкамі.
Месяц, недарэчы яркі, раптам пачне дурнаватыя хаханькі:
— Ах, які я кругленькі i светлы! Іголак вам — збірайце. Ці, можа, салаўёў? Магу!
— Раскаркаўся! — злуецца на Рубяжа наш чацвёрты партызан, хваравіты, бледны Скараход. Ён з першага кіламетра закульгаў: брыдзе, нязграбна ставячы ногі i пахістваючыся налева-направа. Скулле абсела чалавека, ды ячшэ ў самым непатрэбным месцы. А тут яшчэ прозвішча — Скараход: сапраўды нейкая насмешка з чалавека!
— Ну навошта ты гэтага псіха цягнеш? — сіплым, задыхлівым голасам злуецца Скараход, нібы не Рубяжу, а яму самому даводзіцца несці пудзіла — «фюрэра» .
— Я яго! А кожа, ён мяне? — агрызаецца Рубеж. — Не было б яго, i ты б не націраў сваё скулле, сядзеў як бог у Мінску. Якія ж мы «вылупні» будзем, калі я кіну яго? Без фюрэра?
Мы ўжо «каюкалы», «мукамолы» , а Рубеж усё падбірае нам імя па нашым незайздросным становішчы: «баўтрукі», «падмацакі» , i цяпер вось — «вылупні» . Што ні здараецца з намі i ў нас па дарозе — нібы так i павінна быць: а чаго яшчэ хацець ад «вылупняў» ? Зайцава капуста замест галет, на якія мы разявіліся, — а што, для «мукамолаў» , нават гэта аж занадта! Пуднулі нас, пабеглі, i Скараход згубіў у гразі дзіравы чаравік, застаўся з адным — на тое i «вылупні» , каб губляць! Нічога вясёленькага ў такой весялосці няма, але як бы i сапраўды лягчэй ад гэтай непавагі да ўсякай няўдачы, бяды.
Адзін Скараход i стамляецца, i мокне, i галадае, i злуецца — усё ўсур'ёз, пагарджаючы блазенствам, якім Рубеж заразіў i мяне i нават ленінградца, нашага «каменданта» .
I калі ў трэці раз налезлі на засаду i перлі, як ласі, праз гарэлы, звонкі ад куль i рэха бор, Скараход у адным чаравіку бег першы, а потым стаў i здзекліва глядзеў, нас чакаючы: ну што, i цяпер вам весела?! I як бы на злосць (не Скараходу, а некаму i нечаму наогул), «вылупні» пачалі смяяцца, а Рубеж, у трэцяй асобе, пачаў расказваць, як падыходзілі да ўзлесся, як «мукамолы» глядзелі на сытых нямецкіх коней, а Скараход нібыта завыў па-воўчаму, i як ім, «вылупням» , — па зубах, па зубах! I як «пукалы» драла давалі: «Ногі мае, ногі, нясіце маю…» I далей — карцінкі: як знойдуць немцы кінутага Рубяжом «фюрэра» i як накрычыць пудзіла на ix за тое, што ўпусцілі Скарахода, «вылупняў» …
Я ўдзельнічаў у гэтай дзіўнаватай весялосці, але мяне не пакідаў, a ўсё ўзрастаў нейкі ўнутраны жах перад самім сабой. Чаго гэта я, няўжо гэта я?
Ідзём насустрач пажарам i начной страляніне, усё навокал дзіўна перайначана заравам, трывожнай невядомасцю i тым, што адбылося са мной. Усё не магу паверыць, згадзіцца, што я — гэта той, у каго так страшна забілі маму, сястрычак, што гэта i ёсць я! Што вайна, што немцы, смерць побач — гэта ўжо не перашкаджае мне быць. Але на свеце ўсё яшчэ няма мяне, у каторага ўсіх забілі. Але i ранейшага мяне няма. Усё раблю, як яны — Рубеж i Глеб Васільевіч, яшчэ больш, чым яны, кплю з «вылупняў» i сіплага сердавання Скарахода, але нешта чужое, дзіўнае цяпер ва мне ёсць, прыкметнае нават старонняму: я чуў, як Рубеж сказаў у мяне за спіной:
— Навошта я, дурань стары, узяў хлапчыну? Вунь што з ім робіцца!
Узлесак i дарога праз луг, начное поле высцелены святлом пажараў i міргатлівых ракет. З цемені раптам вырываюцца трасы куль, што, падсцерагаючы, шукаюць нас. Спачатку яны бязгучна памчаць i толькі потым, нібы металічны ланцуг павалакуць — та-татах…
Сярод поля цень твой робіцца доўгім i мнагаслойным: зарава, месяц, ракеты прагавіта ловяць, спыняюць, паўтараюць цябе, тваю прысутнасць, падвойваюць, патройваюць, доўжаць. Мы брыдзём стомленыя, галодныя, то наступаючы на свае доўгія, нібы дарога, цені, то несучы ix узбоч, то валакучы за сабой. Нам ужо надакучыла падаць, мітусіцца пры кожнай ракеце. За нас усё гэта нашы цені робяць. Узляціць ракета — цень спалохана, па-сабачы кінецца да тваіх ног, пагусцее i паменшае; ракета апускаецца, згасае — цень імкліва расцягваецца, імчыць тваю постаць у поле. А вакол рухаюцца, варушацца паўцені ад зарава i месяца, напаўзаюць адна на адну i тут жа зноўку палахліва пакідаюць цябе, як толькі ўзляціць блізкая ракета.
Нарэшце мы дасяглі жыта: да яго Глеб Васільевіч трымаў кірунак ад самага ўзлеску. За жытам дарога, якую трэба будзе мінуць.
Утапілі свае цені ў рэдкаватым, вытаптаным жыце, брыдзём па ім, як па глыбокай жоўтай вадзе. Месяц над намі круглы, вялікі.
Читать дальше