— Не, вы заўважылі,— шэпча Рубеж, — як усё расце ў вайну! I колькі самасейкі замест чалавечага жыта. Расце ўсё, нібы злуе. А, не ўмееце вы жыць? Тады — я!
— Вы — Спіноза, Рубеж! — кажа Глеб Васільевіч. Ён напружана ўслухоўваецца ў татахканне кулямётаў, прыкідваючы, дзе нам лепей перайсці дарогу.
— Забіваюць чалавека — лес адразу на вяршок падскоквае, — мармыча Рубеж нам у патыліцу.
— Цябе стукнуць, — не вытрымаў Скараход, — на два падскочыць.
Скараход, як толькі прыпынімся, пачынае абкручваць анучай сваю неабутую правую нагу, абвязваць яе. Ніяк не адважыцца кінуць другі чаравік.
— I правільна! — згаджаецца Рубеж. — Калі самі не ўмеем. Заб'юць — i буду расці, усе дарогі, усе палі зарасту, запоўню.
Слухаем далёкі перастук кулямётаў i незразумелую цішыню белай ад месячнага святла дарогі, лапік якой нам відзён, а побач шэпт, мармытанне i дзіўнаватыя вочы чалавека, якія нібы моляць: «Ды спыніце мяне, бачыце, што са мной, гэта не я, гэта — са мной!..»
Я раптам падумаў i, здаецца, зразумеў, што чалавек гэты тужліва баіцца, ён амаль як хворы ад гэтага. У другога гэта выявілася б іначай, a ў Рубяжа — у няспыннай, сур'ёзнай ці смяшлівай гамане, у якой ён нішчыць свой страх. I зусім ён не дражніцца з самою смерцю, як лічыць Скараход, зусім наадварот. Страх перад уласным страхам — тужлівым, гнятлівым, — вось што мучыць, прымушае яго быць такім: ён увесь час рыхтуецца, рыхтуе сябе да нейкай рыскі, якую заўжды бачыць, пра якую не ўмее забыць, як другія ўмеюць.
— Зараз мы вылавім вас з гэтага жыта, — мармыча Рубеж, — дзе вы тут, мілыя?
I праўда, шчоўкнула ракета, гэты раз блізкая. Узнялася, зрабіла дугу i ўпала метраў за сто ад нас. Мы засталіся, хто на кукішках, хто на каленях, у жыце, налітым, як акварыум, жоўтым святлом. Ракеты адна за адной шчоўкаюць, узлятаюць, павісаюць вогненнымі кроплямі, нібы выглядаючы, куды падаць, i тут жа абрынаюцца ўніз.
Можна ўцячы, але ўцякаць не мае сэнсу. Немцы недзе тут, побач, але менавіта гэта нам трэба: засесці бліжэй да ix, але каб пра гэта яны не здагадваліся. За ix кошт мы разлічваем разжыцца чым-небудзь больш каларыйным, чым бульба i зайцава капуста, вось i трэба сядзець i чакаць моманту. Цяпер толькі разабрацца, якія тут немцы, дзе ў ix што. Праўда, мы разлічвалі ісці далей, але калі па дарозе гэтай сядзяць нямецкія пасты, засады, значыць, па ёй хутка пацягнуцца абозы, жывёла. Глеб Васільевіч услухоўваецца, прыкідвае i ўсё чапае сваю невялікую бародку — прывыкае да яе.
— Не падабаецца мне, — кажа Скараход. Ён раптам узяўся размотваць анучу, адкінуў яе. Зняў свой адзіны чаравік i таксама адкінуў ca злосцю. Падрыхтаваўся да нечага.
Так, няўтульна будзе ў жыце, калі настане раніца, — ноч, як цёмны калідор, звязвае нас з далёкім лесам. Дзень надоўга адрэжа нас ад лесу, а без яго нам надта не па сабе. Хоць бы які-небудзь лясок. I як панясём, пагонім мы што-небудзь па адкрытым полі: тут каб i сваё не кінуць!
Калі мы яшчэ ішлі па жыце, справа чарнелася нешта, здаецца, хмызы. Туды i скіраваны цяпер нашы думкi i позіркі. А следам i ногі нашы падаліся, ціхутка, крадком. Расістае жыта халодзіць калені, плашч мой (падарунак «вострава» ) набрыняў вадой, зрабіўся як бляха. Ракеты згаслі, не ўзлятаюць болей, асела i зарава над гарызонтам, ноч пашарэла. Жыта скончылася, а вось i хмызняк, што ўзлазіць на пагорак. Глеб Васільевіч, не гледзячы, крануў, падказваючы, рукой тых, хто стаяў бліжэй — мы i папаўзлі. Я i Рубеж. Крысо грубага брызентавага плашча трапляе пад каленi, перашкаджае паўзці. I здаецца, што грыміць гэты брызент на ўсю акругу!
Мы былі ўжо каля бярозавых кусцікаў, калі рэзка шчоўкнула i засвяціла ракета якраз над намі. I тут жа, як абвал, загрымеў кулямёт, зусім блізкі. Нешта адбылося, жывы блізкі гук дастаў мяне, таргануўся ў самой руцэ. Нешта здарылася, гэта я адчуваў у руцэ, але ўсё не разумеў — што. A кулі ўпіваліся ў купіны, у зямлю каля галавы, каля самага пляча: краем вока я бачу, як імчыць да нас вогненнае джала — то прападае, то паяўляецца…
Кулямёт змоўк раптоўна, як i пачаў страляць. Але ракеты ўсё ўзлятаюць, адна за адной. Нам добра відаць, што леніградзец i Скараход ляжаць у лугавой траве — бліжэй да жыта, чым да нашых кусцікаў. Aгa, вось што шарганулася, здрыганулася ў маёй руцэ — папала ў прыклад, разбіла маю вінтоўку. Мы з Рубяжом запаўзлі ў кусты глыбей i адтуль глядзім, як заварушыўся Скараход, прыўзнімаючыся i пазіраючы ў наш бок. A ленінградзец нерухомы. Потым Скараход папоўз да жыта: ён рыўкамі падцягвае да сябе, валачэ ленінградца, параненага ці забітага. Вось i раскідалася тое, што яшчэ хвіліну назад было нашай групай. Што мы такое цяпер i што будзем рабіць? Дзіўна, але чалавек, чым больш напружана ён думае, вырашае, што i як яму рабіць, тым больш з адчужанай цікаўнасцю i нават неяк абыякава пазірае: ну, а што я зраблю зараз? А далей? Нібы чакаеш самога сябе, нібы цябе тут яшчэ няма.
Читать дальше