— Мы ўжо думалі, что тыфус, — кажа Глаша, корпаючыся ў рэчавым мяшку, раскладваючы яду.
Нешта вочы мае баляць пасля той белай успышкі. (Дарэчы, пад вечар яны балець перасталі. Потым, калі зразумеў, што слепну, расказваў пра гэта ўрачам, пра асляпляльную ўспышку каля абгарэлага дзядзькі Юстына, але яны асцярожна i нават ніякавата слухалі пра гэта i цікавіліся: «Ці не было фізічнай траўмы?»— «Была, была i фізічная!» )
Мяне чакаў абед: халодная печаная бульба, яблыкі. Глаша дастала з мяшка яшчэ нешта, загорнутае ў альховае лісце, панюхала.
— Памятаеш свінню, калі мы былі ў тваёй вёсцы? Перабегла яшчэ вуліцу. Хлопцы пазаўчора хадзілі ў Белыя Пяскі… Толькі без солі. Пакінулі табе, а яно бач…
Узяўшы яблык, я паспяшаўся далей ад гэтага мяса.
Мяне хістала.
Параненыя партызаны (чалавек дзесяць пад брызентавай стрэшкай, а трое, каторыя дужэй, — знадворку) адзначылі мае з'яўленне з таго свету гучнымі рэплікамі:
— Галоўнае, на ногі ўстаць.
— Было б на што ўстаць.
— Будзеш, братка, вартаваць «востраў» , а то бачыш, якія тут ваякі.
Я, счакаўшы, паздароўкаўся, мне адказалі. Хоць я хаджу на нагах, а яны ляжаць ці бездапаможна сядзяць, але са мной размаўляюць, нібы я самы хворы тут.
Адзін з партызанаў захоплены дзіўнай работай: з ануч i дубцоў змайстраваў ляльку ў чалавечы рост, а цяпер малюе на фанерцы — што павінна азначаць твар, знаёмую фізіяномію: вусікі, акуратную хуліганскую грыўку, круглы разяўлены рот.
Партызан у зімовай шапцы, той, што сустрэў нас на першым «востраве» i прывёў сюды, стаіць, абапёршыся на вінтоўку, i гутарыць то з майстрам, то з яго лялькай:
— Не то страляць у цябе, ануча старая, не то казыраць! Малайчына, Фокуснік, задаеш немцам задачку… Ну, што вочы вылупіў: намалявалі цябе, а ты ўжо i гарлапаніць! Глядзі, Сцяпан, на цябе крычыць. Намалюй яму за гэта крывое вока.
Сцяпан сядзіць, падклаўшы пад сябе мыліцу, у яго занадта, непрыемна прыгожы твар. I ўсё ўсміхаецца, i водбліскі ягонай усмешкі на Глашыным твары. Нават калі яна не глядзіць на яго.
— Я штук пяць ix ставіў ужо, — кажа Сцяпан- «фокуснік» , ускокваючы на здаровую нагу i падымаючы з зямлі «Гітлера» , на якога i абапёрся. (Сцяпап увесь час i вельмі жвава то садзіцца, то ўскоквае, хаця другая ягоная нага ў цяжкіх лубках.)
— Абодва аднаногія, — крычаць з-пад брызенту, — што Фокуснік, што фюрэр!
— Абыдзецца! — Сцяпан, усміхнуўшыся Глашы. — Любата на ix глядзець? Пад'едуць на машынах, на матацыклах i глядзяць, як папуасы. Як так, хто адважыўся?.. I што рабіць, не ведаюць. Зачапіць — баяцца, што замініравана, гранату кінуць — таксама, бо фюрэр жа. Абсмяешся! Можна біць, як цецерукоў! Зразумеў, Рубеж? Дзейнічай!
— Зразумеў! — абазваўся мой праваднік, — толькі я яму зраблю начынку, вантрабянку з толу. Ён у мяне пабрэша!
— Эх, мне б з вамі! — раптам засумаваў Сцяпан. I адразу Глаша зірнула на яго. Да чаго ж яны адзін аднаго чуюць. Я ўсё прыкмячаю, нават нейкім абвостраным зрокам. Але ўсё ад мяне як бы збоч. Нейкая паласа пралягла паміж мной цяперашнім i ўсім, што нядаўна было такім важным. Toe, што я бачу, заўважаю, што адбываецца па-за мной, адразу ахінаецца нейкім горкім пачуццём, якое поўніць мяне да краёў, нішчыцца ў ім, i само пачуццё ад гэтага ні мацней, ні вастрэй.
(Вочы Сцёпкі- «фокусніка» мне асабліва помняцца: светлыя i вясёлыя да шаленства. А твар непраўдападобна прыгожы, амаль дзявочы. З доўгімі чорнымі вейкамі. Я столькі разоў потым уяўляў, як усё здарылася тут праз сем ці дзесяць дзён: як подбегам прыкульгаў ён з мыліцай адтуль, дзе трашчалі нямецкія аўтаматы, кінуў долу пустую вінтоўку, сарваў з пояса гранату i сеў пад брызентам, падцягнуўшы да сябе мяшок з толам; як папаўзлі да яго з усіх бакоў, нібы да збавіцеля, параненыя, i ён укладваў ix галовамі да сябе, прыспешваў. Усе — тварамі да зямлі, а ён вось такімі ж шалёна-вясёлымі светлымі вачамі апошні раз, за ix усіх, глядзеў на свет. I апошні, хто бачыў гэтыя вочы, — Глаша.)
Уторкнуўшы пудзіла ў пракіслую балотную зямлю, падхапіўшы з долу мыліцу, Сцёпка- «фокуснік» аб'явіў:
— Хай будзе фюрэр шосты!
— A ў нас у 41-м, — не змаўкае «праваднік» (гаварун ён, i яму ўсё адно, слухаюць ці не), — у нас, як прыйшлі вось яго малайцы, найперш склады вывезлі, a семкі (не ведаю, навошта ix было столькі на бабруйскіх складах), семкі не забаранялі браць, ды яшчэ цукар з пяском, ну, i стаялі ў чэргах людзі, a адзін наш, са Слуцка, вельмі ж быў падобны на гэтага з вусікамі. А тут ішоў немец, прыпыніўся, глядзіць! I ўсе чакаюць, што будзе. Стаяў, глядзеў, думаў, а потым — плясь па фізіяноміі! За тое, што на фюрэра ягонага пасмеў быць падобным? Ці рахункі з фюрэрам зводзіў? Нават казалі, што паляк або славак, а не немец… Ну, добра, браткі, што вам прынесці гэтым разам? Заказвайце, як у сталоўцы.
Читать дальше