Узброіўшыся доўгімі жардзінамі, якія наш праваднік выцягваў з кустоў, абапіраючыся на ix, мы ступалі ўслед за незнаёмым па схаваных у багне слізкіх жэрдках. Ix дзве, а дзе i тры, ногі трэба ставіць упоперак, i таму ідзём мы нязграбна, бокам. Усё гэта неяк памагае хавацца ад самога сябе, пераконваць сябе, што нічога яшчэ не вядома, дойдзем да месца, i тады даведаюся, толькі тады!..
На другім «востраве» нас ужо чакаюць. Жаночы натоўп, дзеці, некалькі партызанаў ca зброяй стаяць каля кустоў, глядзяць на нас, пра нешта яшчэ здаля распытваюць нашага правадніка. Сышлі мы з кладак на бераг, у мяне таксама пытаюцца, пасля здагадаліся (ці сказалі ім), што я глухі, i мяне перасталі чапаць, толькі дзеці яшчэ з большай цікаўнасцю пачалі глядзець на мяне. Звычайныя на той час дзеці: абкураныя дымам, пакусаныя заеддзю, з вялікімі, гарачлівымі ад голаду вачамі i занадта сур'ёзныя, але ўсё роўна цікаўныя: каго яшчэ прыгнаў на іхні бераг той свет, дзе нешта небяспечнае, страшнае адбываецца? Праваднік нешта сказаў, i позіркі жанчын зноў знайшлі мяне. Глядзяць, глядзяць — мусіць, вось так я глядзеў на Сашку, калі ён поўз па чырвонай сцежцы з ненатуральна доўгай адарванай нагой, i Сашка вось так у маіх вачах убачыў, што з ім здарылася, што адбываецца нешта страшнае…
Ніводнага знаёмага аблічча, людзі не з нашай вёскі, але на мяне глядзяць так, нібы пазнаюць, пазналі. Нібы па металічнай трубе ўдарылі — загуло, заныла ва мне ўсё, у нагах, у руках, адразу набрынялых цяжарам. Я сеў у асаку, Глаша — на кукішкі, нібы даўно чакала таго ад мяне, зняла з маёй галавы мокрую пілотку i выцерла ёю халодны пот з майго твару.
Мяне палохае пакутная рысачка, што торгаецца ля пастарэлага Глашынага рота, ненавіджу гэтую ўпартую i прагавітую жаночую шкадобу, шукаю наўкол сябе нешта другое, але нават у дзіцячых вачах — тое, што бязлітасна вяртае мяне да праўды, асуджае на праўду. З безнадзейнасцю асуджанага я ўсё адно шукаю выратавання, хаваюся ў паспешлівую думку, што я ж во глухі, не чую, а таму ўсё-такі нічога не ведаю напэўна. I раптам з'яўляецца, дурманіць, супакойвае яшчэ адна шалёная думка, што маму, сястрычак, што ўсіх вяскоўцаў ужо не заб'юць, ніколі не заб'юць… Смерць ix схавала ад забойцаў, ад новых забойцаў…
На гэтым, як на павуцінні, я правісеў адно толькі імгненне. Адхіснуўшыся ад самога сябе, які шкадуе не ix, забітых, спаленых, a ўсё яшчэ сябе, — я, цяпер ужо сам, абрынуўся ў боль. Увесь адкрыўся i ўраз захлынуўся ім, сваімі слязьмі. Ускочыў на ногі, адбег як далей i лёг у жорсткую асаку, прыціснуўся тварам да зямлі, з якой выступае халодная вільгаць. Але зямля не адбірае, не высмоктвае з мяне боль, ды i я не аддаю. Я ўжо шукаю яго, боль, папракаю сябе, што столькі часу не ведаў, што ix ужо няма, нават не хацеў жа верыць у праўду. Не прыйшоў, не ўратаваў ад пагібельных пакут, ад смерці…
Людзі зноў падышлі i абкружылі мяне, сталі нада мной. А я то падаю ў кароткае выратавальнае забыццё, то вяртаюся да явы. У дзяцінстве, хворы, я нават у забыцці помніў, што побач усё сядзіць мама. I зараз мне гэта ўяўляецца. Ява i трызненне, як два люстэркі: кожнае адбівае глыбіню другога, забірае яе сабе i зноў вяртае, ужо як сваё… Я дома, я ляжу за нашай квяцістай шырмай, несправядліва пакрыўджаны мамай, злосны на яе, плачу i ўяўляю, як я вырасту i не буду любіць яе, не буду любіць… Вінаватая, добрая, ласкава пасміхлівая рука яе кранулася маёй патыліцы, пагладзіла валасы, я адразу забыў сваю дурную дзіцячую злосць, схапіў руку… i тут вярнуўся да явы.
Не, гэта не мама! Але i не Глаша, як мне потым падалося. Незнаёмая жанчына сядзіць, пагойдваючыся, каля мяне, твар цёмны, распухлы, страшны. Нешта кажа, мармыча, i я нават чую яе голас, але не слухаю, ведаю, што мне толькі здаецца, быццам я чую. Быццам i caпраўды чую.
— Дзе ж ты быў, сынку, я ўжо думала, што няма цябе, не ўбачу, плакала-гаравала, думала, забілі…
Але i другія галасы мне трызняцца:
— Цётка Маланка, цётка Маланка, гэта з Белых Пяскоў хлопец, не ваш, цётка Маланка!
Я ляжу тварам да зямлі, але ўсё бачу: як стаяць нада мной людзі, як паднялі i павялі тую жанчыну з распухлым цёмным тварам… Ды не ж, гэта я чую. Я зноў чую!
— Флёра, Флёрачка! — Глашын голас. Цяпер яна на месцы той жанчыны, на месцы маёй мамы… I яшчэ галасы:
— Юстын таксама з Белых Пяскоў, каторы ляжыць у нас. Абгарэў каторы, спалены.
Не, гэта праўда, я чую! Юстын? На плоце бялелася клочча бялізны, яго i нашай, на апусцелым агародзе яго печ побач з нашай. Сын яго ўтапіўся, а стары Юстын ішоў праз вёску i ўжо ведаў, што ў хаце труна, што сын — тапелец…
Читать дальше