— У мяне з Шылерам другое пачуццё: «Когда боги были человечней, человек божественнее был» .
— Калі гэта яны былі больш чалавечныя?
— Калі не ў бранявых лімузінах гойсалі, а сядзелі на алімпах. Заўсёды людзі аддавалі багам свае вартасці, як i свае недахопы, але ніколі такім кепствам, дрэнню, подласцю не нафаршыроўвалі сваіх багоў, як у XX веку.
— Заўсёды гістарычны прагрэс лічыў за лепшае піць нектар з чэрапа забітага. Памятаеш, у Маркса? Таму i кажам, што ўсё гэта прадгісторыя.
— A гісторыя? Хатыні, Сангмі?
— Так, адна нага ўсё яшчэ там.
— I яе не засмоктвае? Успомніце, як Талстога палохала, што ў агромністай краіне знайшлося некалькі ахвотнікаў усенародна выконваць работу ката. Спачатку быў адзін, яго вазілі з Масквы ў Кіеў, у Адэсу — надзяваць «вераўчаныя гальштукі» . А потым знайшлося яшчэ некалькі ахвотнікаў, i як гэта ўстрывожыла Талстога. Ну, а каго здзівіш такой навіной у наш час? У Сангмі забівала нават не спецыяльна падабраная каманда, а радавая рота, звычайная, дзевятнаццацігадовыя. Толькі што ад татаў i ад мам… Які ж клімат патрэбны, каб звычайныя людзі былі на гэткае здольныя! Вам, Фларыян Пятровіч, пра што-небудзь кажа такое паскарэнне?
— Так, але калі гэта было, каб так адкрыта бунтавалі супраць вайны? I дзе? — у мілітарысцкай, моцнай дзяржаве! Толькі ў Pacii нешта падобнае было, у семнаццатым. Вось тады i адкрылася старонка самой гісторыі — нарэшце, гісторыі!
— Сарвуцца ў фашызм — куды толькі дзенуцца вашы бунтары! Не, не, i не прасіце, Фларыян Пятровіч, закрываю дослед…
Я яго не бачыў ніколі, свайго пастаяннага апанента, толькі голас помню, што так лёгка набірае адценні блазенства. Мне спрачацца з Бокіем не проста, таму што вельмі часта i з памяццю ўласнай трэба спрачацца. Тое, што Бокій толькі ўгадвае, я бачу, таму што ўжо бачыў — учора…
… «Рама» вісіць над лесам, куды мы з Глашай ідзём. То ўзнімаецца, то апускаецца ніжэй. Выглядае жывыя дымкі. Можа, ужо склікае сваіх, з бомбамі. Вісіць над усім, у брані, нетаропкая, i нібы глядзіць на цябе векам аграмаднага насякомага.
Сон адзін мне запомніўся, i не сам наогул сон, а ягонае адчуванне, незвычайнае, дваістае. Быццам я ўверсе, на самалёце, але ўнізе — таксама я. I бачу сябе, i баюся самога сябе: ганяю па голым, як стол, полі таго, што ўнізе, — базабароннага, маленькага. I раптам маленькі, спалоханы, злосны — таксама я — падае на спiну i страляе, страляе ў самалёт, я адчуў, што пацэліў і што падаю, лячу на таго, што пада мной, — вось-вось стрэцімся, разаб'ёмся адзін аб аднаго, i я прашу, малю, каб хоць нехта з нас двух застаўся, ацалеў…
Лес сустракае мяне знаёмымі цяністымі дарогамі, прасекамі. Сосны, дубы, потым пойдзе елка i сырая вольха, а там — балоты, «астравы» , дзе мы заўсёды хаваліся, дзе хаваюцца нашы. Колькі ўсяго ўжо было, a ў лесе ўсё, як раней. Мне нават захацелася паказаць Глашы нашы з Хведзькам лясныя таямніцы, але я толькі пасміхнуўся ў той бок. Дзе цяпер «Хведзька — вераб'іная смерць» ? У партызаны яго не пусціў бацька: «Хочаш, каб сям'ю выбілі? Матку ды малых пашкадаваў бы!» I хітра раззброіў Хведзьку. Падказаў, нагаварыў знаёмым партызанам, што ў сына цэлы склад зброі. Хведзьку прыціснулі, i ён аддаў. Пра ўсё гэта я даведаўся, калі забег аднойчы дамоў, яшчэ да кантузіі. Мама тады дужа ўзрадавалася майму прыходу, а сястрычкі-блізняты вунь з якім захапленнем i павагай разглядвалі брата, абвешанага зброяй. Толькі мундзір нямецкі ix бянтэжыў: нібы акрамя нас чацвярых яшчэ нехта ў хаце быў — чужы. Не пры маме, a калі яна выйшла на кухню, блізняткі ў адзін голас выдыхнулі:
— Ты яго забіў?.. Гэтага!..
I паказалі на мой мундзір.
Ад мамы я даведаўся пра тое, як Хведзька адплаціў бацьку. У іхнім садзе схаваны быў вяпрук, «кормны» , пудоў на восем. Хведзька шапнуў пра гэта нейкім вандроўным веселунам, у падзяку за абяцанне, што возьмуць яго ў сваю трупу. Тыя ведрука сцягнулі, а Хведзьку, які чакаў ix каля лесу, сказалі: «Ідзі, бацька шукае. А нам здраднікі не трэба» . Хведзька два дні хаваўся ў кустах, а бацька хадзіў паўзлессем i гукаў: «Ідзі дамоў, свалата, ідзі, гад, не зачаплю, хоць забіць цябе мала!»
Ад мамы я выправіўся да Хведзькі — з вінтоўкай, ягонай вінтоўкай, пры поўным партызанскім парадзе.
— Яшчэ адзін герой! — сустрэў cпaкушальніка сам гаспадар — даўгарукі, сутулы Хведзькаў бацька. — Няма на цябе бацькоўскай папругі!
Хведзька выйшаў з хаты i прайшоў моўчкі паўз нас. Я — у след за ім. Быў ён журботны, мой сябра, гаварыў неахвотна.
Читать дальше