Камбат рэзка павярнуўся да Самохіна.
— Нагорны вярнуўся?
— Ну да! Нагорны вернецца? Ён вунь куды выскачыў… Валошын ліхаманкава замітусіўся па схіле вышыні біноклем, але схіл быў пусты, раскапаны снарадамі верх чарнеў пыльнымі плямамі, бруствер траншэі месцамі быў разварочаны да бурай гліны, немцаў там не было відаць. Чэргі таксама як быццам заглохлі. Мінула хвілін пяць, і з вышыні не данеслася болей ніводнага стрэлу.
А можа, гэта ім толькі здалося? Можа, стралялі немцы, няўпэўнена падумаў камбат. Тым не менш трывога за лёс Нагорнага калючаю стрэмкай упілася ў яго свядомасць і не давала супакоіцца. Лёс гэтай жменькі байцоў быў на яго сумленні, тут ужо ён ні ў малой ступені ні на каго спаслацца не мог.
Аднак няўжо Нагорнаму ўдалося ўварвацца ў траншэю?
Тое, што нядаўна яшчэ здавалася камбату жаданай удачай, цяпер амаль выклікала спалох, і ён заміраў у прадчуванні таго, што менавіта так усё і здарылася. Але тады што ж! Тады сяржант там загіне, пакуль батальён будзе сядзець на зыходнай пазіцыі і чакаць, што вырашыць начальства. Сам ён, вядома, прадпрыняць ужо нічога не мог.
А можа, усё ж гэта ім толькі здалося? Можа, Нагорны дзе-небудзь схаваўся ў варонках, дачакаецца ночы і выбе-рацца назад. Або ён даўно ўжо загінуў? Мёртвы ён не выклікаў той трывогі, якую выклікаў жывы, хіба што слабае, амаль звыклае пачуццё ціхенькага шкадавання, надта звычайнага ў такіх выпадках. Валошын абвёў позіркам твары камандзіраў у траншэі, але твары гэтыя былі змрочна-спакойныя, падобна ніхто з іх асабліва і не ўслухоўваўся ў рэдкія, амаль выпадковыя стрэлы на вышыні. Хіба што Гутман…
Але Гутман, здаецца, ужо быў заняты іншым. Павярнуўшыся ў траншэі, ён нядоўга паўзіраўся ў тыл і заклапочана гукнуў да камбата:
— Таварыш капітан!
Валошын азірнуўся. Палоскай кустоўя, што цягнулася з пагорка амаль да балота, прабіралася ўніз група людзей, і ў першым з іх, што ішоў у накінутай паверх шыняля палатцы, ён адразу пазнаў камандзіра палка.
Дык вось чаму яго не аказалася ў штабе!
Зрэшты, усё было натуральна. Адбылася няўдача, і начальства пайшло ў батальён, каб ва ўсім разабрацца на месцы. Што ж, магчыма, так яно і лепш. Можа, маёр яшчэ і назіраў усё гэта пабоішча, доўга тлумачыць яму не прыйдзецца.
— Гутман! — гукнуў ён ардынарцу. — Бягом у дзевятую, узяць звесткі аб стратах!
Праз якую хвіліну ў траншэйцы зрабілася цесна ад мноства людзей. Камандзір палка прыбыў сюды з усёй сваёй світай: ад'ютантам, ардынарцам, намеснікам па палітчастцы маёрам Міненкам; сюды ж прыбег Маркін і двое правяраючых са штаба палка. Добра, што брызантны абстрэл спыніўся, і рэдкія разрывы грукалі цяпер у баку саўгаса, а то аднаго трапнага залпу было б дастаткова для ўсіх…
Валошын адхінуў да сцяны начхіма і таропка палез насустрач камандзіру палка.
— Таварыш маёр, атака не ўдалася, батальён адышоў на…
— Хто дазволіў? — рэзка перапыніў яго камандзір палка, гняўліва варухнуўшы брывамі.
— Не было сувязі. Нямецкая артылерыя…
— Хто вам дазволіў? — з яшчэ большаю злосцю крыкнуў камандзір палка, нерухомым позіркам уставіўшыся яму кудысьці пад грудзі. У траншэі зрабілася дужа ціха. Прадчуваючы скандал, усе напружана разглядалі земляныя камякі на брустверы.
— Я ж вам тлумачу, — павысіў голас Валошын, сабраў-шы ў адно ўсю сваю вытрымку, каб хоць знешне заставацца спакойным.
— Хто вам дазволіў адысці? — выразна адсякаючы кожнае слова, дабіваўся камандзір палка. — Вы атрымалі загад на атаку?
— Я атрымаў загад на атаку, але мне не хапіла часу разведаць вышыню, таварыш маёр. А там аказалася болын васьмі кулямётаў. Апроч таго, батальён папаў пад знішчальны агонь брызантных і страціў амаль трэць свайго складу…
— Я пытаюся, — цішэй і таму яшчэ болей зласліва паўтарыў сваё пытанне Гунько. — Я ў вас пытаюся, хто вам дазволіў адвесці батальён на зыходны рубеж?
Валошын змоўк. Ён ужо ведаў гэтую манеру многіх начальнікаў дапякаць падначаленых пытаннем і не даваць тым адказаць. Напэўна, і цяпер адказваць не мела сэнсу, ягоны адказ зусім не цікавіў камандзіра палка.
— Хто дазволіў адысці?
Апрануты ў новенькі белы паўшубак маёр Міненка, які стаяў за камандзірам палка, з нязменнай хітраватай усмешкай на дабрадушным твары з'едліва заўважыў:
— Можна падумаць, што ён першы дзень камандуе батальёнам. I не разумее, што перш, чым прыняць такое рашэнне, трэба параіцца.
Звыш сіл напружаны спакой камбата раптам разляцеўся ў шматкі.
Читать дальше