— Снарады я вам не раджу! — сказаў той. — Няхай іх лепш пашукае ў сябе камандзір батарэі.
— Батарэя — не снарадны завод, — цвёрда сказаў ззаду Іваноў.— Усё, што было, я ўжо выпусціў.
— Так ужо і ўсё?
— Да апошняга снарада. Можаце праверыць.
Настала пакутная паўза. Камандзір палка заклапочана паглядзеў у бакі, але тут жа хутка ўспомніў:
— Раз няма снарадаў, то — па-пластунску! Па-пластунску зблізіцца з праціўнікам і гранатамі закідаць траншэю. Зразумелі?
— Так точна! — з гатоўнасцю, хоць і без жаднага ўздыму паўтарыў Маркін.
— Гранаты ў байцоў ёсць?
— Ёсць.
— Таварыш кампалка, — зноў заварушыўся ў траншэі ветэрынарны маёр. — Пад такім агнём немагчыма нават і па-пластунску. Я бачыў…
— Мне напляваць, што вы бачылі! — ускіпеў Гунько. — Вы не для таго прысланы ў полк, каб перашкаджаць выкананню баявой задачы.
— Я прысланы кантраляваць яе выкананне, — раззлаваўся і ветэрынар. — I я буду дакладваць камандзіру дывізіі. Вы няправільна ставіце задачу…
— Не вам мяне вучыць, таварыш маёр ветслужбы. Маркін! Усіх у ланцуг! Камандзір батарэі, загадваю: ні на крок не адставаць ад камандзіра батальёна. Кулямёты… Дзе кулямёты ДШК?
— Тут. На сваіх пазіцыях, — азірнуўся Маркін.
— Кулямёты — упярод! Усяму батальёну паўзком упя-род! Панялі? Толькі ўпярод!
— Паняў, таварыш маёр, — адказаў зводдаль Маркін, і да Валошына ўсё з болыпай выразнасцю даходзіў фатальны сэнс, што адбывалася цяпер у гэтай траншэі. Уявіўшы сабе, які цяжар кладзецца на былога яго начштаба, ён непрыемна паморшчыўся — наўрад ці з ім Маркін справіцца. Але цяпер гэта яго не датычыла, ён перастаў быць камандзірам батальёна і ні за што болып не адказваў. Ён быў тут чалавек старонні.
— Дазвольце, я далажу камандзіру дывізіі,— не сунімаўся ветэрынар. — Я прашу не пачынаць атакі да майго даклада камдзіву.
— Гэта не ваша справа, — сказаў камандзір палка і запытаў, на паўабарота павярнуўшыся да Валошына. — Камандзіры рот усе на месцы?
— Апроч забітага камандзіра восьмай, — змрочна сказаў Валошын. — I ў роце не засталося ніводнага сярэдняга камандзіра.
— А тут недзе Круглоў быў,— успомніў нампаліт.
— Я тут, таварыш маёр, — пачулася зводдаль, ад увахода ў бліндаж.
— Вось ён часова і заменіць камроты, — рашыў Міненка.
— Круглоў, прымайце роту. I батальён — упярод! — павысіў голас камандзір палка, суровым позіркам нішчачы Маркіна, які заклапочана стаяў у траншэі.
— Ёсць!
Яўна задаволены сабой і сваёй здольнасцю распарадзіцца, камандзір палка спрытна выскачыў з траншэі, за ім вылезлі астатнія. Па адным яны перабеглі адкрыты ўчастак поля і схаваліся ў грыўцы кустоўя. Штабісты таксама. пайшлі, і апошні з некаторай нерашучасцю выбраўся з траншэі маёр ветэрынарнай службы. Ён быў заклапочаны і, ні з кім не развітаўшыся, моўчкі пабрыў па кустоўі.
У траншэі стала вальней. Маркін, чакаючы прыходу Кізевіча і Ярашчука, упарта маўчаў, прыдушаны цяжарам новага свайго абавязку. Іваноў ціха перагаворваўся з агневікамі па тэлефоне, высвятляючы, колькі ў іх засталося «агурчыкаў». Паводле ягоных падлікаў, іх павінна было быць на шэсць штук болей, чым дакладваў старшы на батарэі.
— Маркін, — сказаў Валошын, адкінуўшы ўсякую афі-цыйнасць у адносінах да свайго пераемніка. — Вы не надта старайцеся.
Маркін недаўменна паціснуў плячыма.
— Я — што? Загад! Чулі?
— Загад загадам, але не надта старайцеся. Зразумелі? Маркін не адказаў. Здаецца, ён нічога не зразумеў
з ягоных намёкаў, і Валошын нічога тлумачыць не стаў, тым больш што з тылу да іх траншэі бег Ярашчук, неўзабаве павінен быў падысці Кізевіч. Стараючыся зберагчы рэшту спакою і вытрымкі, Валошын праціснуўся за ягонай спіной і ўлез у апусцелы бліндаж.
У бліндажы ён сеў на салому і адхінуўся спіной да сцяны. Здрадніцкі франтавы лёс, думаў ён, як прывыкнуць да яго нечаканак? Толькі ўчора яго віншавалі з узнагародай, а сёння ён ужо адхілены ад камандавання. Ён болей не камандзір батальёна, усе яго планы насмарку, цяпер тут будуць камандаваць іншыя. Ніколі ён не адчуваў сябе ганарліўцам і цяпер усімі сіламі стараўся захаваць вытрымку, але гэта кепска ўдавалася. Было крыўдна. Можа, у іншых абставінах ён бы нават уздыхнуў з палёгкай, пазбаўлены гнятлівага пачуцця адказнасці, але цяпер уздыхнуць не мог. Нават калі ён ніколі не вернецца да свайго батальёна і будзе назаўжды адцзелены ад яго лёсу, ён не мог так проста і раптам вырваць са сваёй душы гэтую сотню людзей, з якімі яго зраднілі сумесна перажытыя імі пакуты і пралітая кроў. Што ні кажы, а такое сваяцтва — сіла, з якой не так проста ўправіцца, калі б ён захацеў яе вынішчыць.
Читать дальше