Пакутна прыціхшы ў бліндажы, Валошын выразна чуў недалёкія размовы ў траншэйцы і з непрыемнасцю чакаў той хвіліны, калі ягоная адсутнасць будзе нарэшце заўважана. Напэўна, хтось запытаецца пра яго, здзівіцца, і ён з трывогай падумаў, як бы ягонае адхіленне не выклікала непатрэбнага цяпер хвалявання сярод яго падначаленых. Усё ж ён стараўся быць добрым для іх камандзірам і, напэўна, пацярпеў праз гэта. Але прыбег Ярашчук, прывалокся запараны злосны Кізевіч, яшчэ нехта, паклікалі з ланцуга Круглова, і толькі калі Маркін узяўся тлумачыць план паўторнай атакі, з-за бруствера пачуўся голас Кізевіча:
— А камбат дзе? Хіба паранены?
Маркін змоўк, і Круглоў ціха паведаміў камандзіру дзевятай:
— Камандзір палка адхіліў…
— Ды ну? Ідрыт твае лапці…
Кізевіч прамармытаў яшчэ штось амаль абыякавае ў адносінах да яго, так, нібы ягонае адхіленне было чымсьці звычайным, чаго даўно трэба было чакаць. Зрэшты, Валошын разумеў, што камандзірам падраздзяленняў не да яго: роты панеслі страты, адзін з трох, хто ў такія хвіліны заўжды быў разам, ляжаў цяпер пад палаткай на выхадзе з траншэі, задача заставалася нявыкананай, і другая атака таксама не абяцала ўдачы. Хоць ён і не бачыў нікога з тых, хто сабраўся наверсе, але тым не менш выдатна адчуваў іхні настрой. Зрэшты, і ягоны быў далёка не лепшы.
Слухаючы шэраг не надта ўпэўненых распараджэнняў Маркіна, камандзіры паныла маўчалі. Толькі Самохін разы два вылаяўся, выказваючы сваю нязгоду з атакай у ранейшым напрамку, ды Кізевіч сказаў, што пакуль з вышыні «Малой» у фланг яго роце будзе біць кулямёт, рота не зрушыцца з месца, што спярша трэба ўзяць «Малую». Маркін нерашуча згадзіўся і загадаў Кізевічу самастойна атакаваць «Малую» ў той час, як астатнія будуць штурмаваць «Вялікую».
— Камандзіру батарэі — знаходзіцца сумесна са мной, ДШК — у баявых парадках стралковых рот, — заключыў Маркін словамі камандзіра палка. — Сігнал на атаку — зялёная ракета. А ў каго ракетніца?
— У камбата была, — аднекуль зверху азваўся Гутман.
— Прынясіце ракетніцу, — сказаў Маркін. Валошын выцяг з-пад рэменя партупеі ракетніцу, выняў з кішэні некалькі сігнальных патронаў і ўсё моўчкі сунуў у выстаўленыя рукі ардынарца.
Час быў на зыходзе, Маркін таропка скончыў загад на новую атаку. Камандзіры рот, таксама спяшаючыся, павыскоквалі з траншэі, накіроўваючыся да сваіх рот, і Валошын прыплюшчыў вочы — пачыналася самае цяжкае. Хутка загрукоча зноў, над балотам забушуе агонь, і на мёрзлую зямлю пальецца гарачая кроў яго батальёна, а ён будзе ляжаць тут і пакутаваць ад абсалютнай бяздзейнасці. Але што ж, ён ім не патрэбны. Ён раптам стаў не патрэбны камандзіру палка, батальёнам цяпер камандаваў іншы. Ну і няхай! — хацелася яму суцешыць сябе, тут яму горш не будзе. Як-небудзь ён перапакутуе да канца бою, а там будзе відаць. Яшчэ ён паглядзіць, як яны абыдуцца без яго, наўрад ці гэтая змена камбата паможа атацы, ён амаль быў упэўнены, што не. Камандзіру палка ды і Маркіну яшчэ давядзецца адчуць, што такое гэтая атака. Так ім і трэба. Але — батальён! Як Валошын ні супакойваў сябе, ён не мог прымірыцца з тым, што ў бліжэйшы час чакала яго батальён. Як было яму абыякава глядзець на яго ў руках тых, для каго ён — не болей чым некалькі дзесяткаў людзей, якіх столькі ўжо перабыло ў батальёне і перабудзе яшчэ.
Седзячы на зляжалай саломе ў падземнай цішыні бліндажа, ён не мог ды і не стараўся перамагчы ў сабе накіпелы свой гнеў супраць камандзіра палка. Злавацца на маёра Гунько даводзілася яму не ўпершыню, але ніколі раней ён не быў такі бездапаможны, пазбаўлены ўсякай рэальнай магчымасці, сапраўды ад усяго адхілены, як сёння. Камандзір палка нават не назначыў яго камандзірам роты, а проста выставіў з батальёна, як абсалютную для яго непатрэбнасць. Зжыўшыся за гады службы з турботным пачуццём камандзірскай адказнасці і цяпер раптам пазбаўлены яе, Валошын амаль разгубіўся. Ды і што мог ён зрабіць? Ён не мог нават каму-небудзь паскардзіцца, бо скардзіцца на строгасць начальніка ў арміі забаранялася. Ён мог толькі чакаць, калі батальён возьме вышыню ці ўвесь застанецца на яе мёрзлых схілах. Але ў абодвух выпадках радасці яму будзе не шмат.
Дзесь у глыбі яго падсвядомасці з'явілася ціхенькае, але ўпартае жаданне: хай не выйдзе і ў Маркіна, хай і ў яго атака не ўдасца. На самай справе, не ўдалася яму, чаму яна павінна ўдацца ў яго падначаленага, які ва ўсіх сваіх камандзірскіх якасцях уступаў Валошыну. Хіба што настойлівасці ў выкананні загаду ў начштаба будзе больш, усё ж ён у гэтым батальёне чалавек новы — месяц як прыбыў з франтавога рэзерву. Валошын адчуваў, што Маркін у сваім увогуле зразумелым для яго старанні выканаць задачу надта ашчаджаць батальён не будзе і за некалькі гадзін можа пакласці ўсіх.
Читать дальше