— Двум узяць! Хутка! Здаць на медпункт і назад! Байцы з яўным страхам на тварах падступіліся да параненага, а капітан з астатнімі двума выбег з кустоўя.
Тут пачынаўся адкрыты ўчастак поля з прамерзлай травой балотца, далей не крута паднімаўся адхон, і агняна-трасірныя чэргі з вышыні густа мільгалі вакол, здавалася, ва ўсіх кірунках. Ужо не ўхіляючыся ад іх, Валошын прабег крокаў дзесяць і ўпаў, па жорсткай траве нядоўга прапоўз наперад, шукаючы позіркам каго-небудзь з камандзіраў сёмай. Але людзей тут было не шмат, напэўна, сёмая ўжо паспела схавацца ў кустоўі, некалькі чалавек, падобна, забітых, у ненатуральных паставах ляжалі на закіданай камякамі зямлі, палеглым іржышчы. Перачакаўшы серыю мінных разрываў, калі, здавалася, усё на свеце вось-вось абрьгаецца ў правалле, ён зноў узняў галаву і ўбачыў байца, які то заміраў ля самай зямлі, напэўна, чакаючы, калі скончацца блізкія выбухі, то, зноў ліхаманкава пера-біраючы рукамі, поўз у яго бок.
— Таварыш камбат!..
Валошын угледзеўся ў спрэс шэры, прысыпаны пылам ягоны твар, на шапцы байца затрымалася некалькі камячкоў зямлі. Вочы яго, аднак, цвёрда і заклапочана зірнулі на капітана, і той разам пазнаў у ім кулямётчыка сёмай Дзянішчыка.
— Таварыш капітан, бяда…
— Што такое, Дзянішчык? Дзе кулямёт?
— Ды во кулямёт разбіла.
— Ты цэлы?
— Пакуль што… А напарніка… I гэтага, камандзіра роты забіла, — цяжка дыхаючы, паведаміў Дзянішчык.
Валошын з намаганнем пераадолеў раптоўную спазму ў горле і запытаў:
— Многа… забітых?
— Хапае. Вунь ляжаць. Ды што — кулямёты сякуць так…
— Дзянішчык! — хутка адыходзячы ад яго весткі, сказаў капітан. — Паўзком у хмызняк і ўсіх — назад! Усіх назад, у ланцуг!
— Добра, добра, камбат, — з гатоўнасцю падхапіўся баец. — Я зраблю…
— Гайнатулін! — азірнуўся Валошын, і затрыманы ім баец лыпнуў вачмі.— Гайнатулін, за мной — упярод!
Але не паспелі яны па-пластунску адолець і двух дзесяткаў крокаў, як ззаду з кустоўя зноў даляцеў крык, у якім пачулася нешта знаёмае, і капітан азірнуўся.
Дзянішчык яшчэ не мог адпаўзці так далёка, туды, дзе з дробнага хмызнячку паўзком і прыгнуўшыся з'яўляліся ўцекачы сёмай роты. Хтось іх выганяў там на поле, яны азіраліся і, апынуўшыся на адкрытым, адразу ж падалі, пачынаючы неахвотна паўзці наперад. Неўзабаве, аднак, капітан убачыў і таго, чый голас ужо некалькі разоў занепакоіў яго — гэта была малодшы сяржант Вераценнікава.
Валошын ціха, сам сабе вылаяўся — яшчэ тут яе не хапала. А ён думаў, што яна на світанні пайшла ў тыл. Выходзіць, на штосьці спадзеючыся, Самохін, пакуль быў жывы, хаваў яе ў роце. I дахаваўся. Зрэшты, з лейтэнантам ужо нічога не зробіш, але што зрабіць з ёй?
Тым часам Вераценнікава таксама заўважыла тут Валошына і, штось злосна пракрычаўшы на байцоў, амаль не ўгінаючыся, краем кустоўя зморана скіравала да капітана.
Рота, аднак, быццам бы затрымалася, уцекачы па адным вярталіся з балота і ўкладваліся на схіле ў няроўны крывулясты ланцуг. Трэба было падумаць, як наступаць далей — сёмая не мела права адставаць ад суседзяў справа. Азіраючы шырокі выпуклы схіл, над якім мільгалі зеленаватыя ў святле дня трасы, Валошын заўважыў у недалёкай
варонцы скасабочаны край шчыта кулямёта і падумаў, што, пэўна, гэта і ёсць кулямёт Дзянішчыка. А можа, і не яго, а іншы, але пападанне было куды як трапнае, наўрад ці каму ўдалося там ацалець. Варонка ж была адзіным тут укрыццём, трэба было паспрабаваць дапаўзці да яе. Але спярша ён пачакаў Веру, якая, як толькі падбегла, бяссільна ўпала на дол:
— Таварыіц капітан! Таварыш капітан!!.
Хвіліну яна рыдала, уткнуўшыся тварам у падкасаны рукаў шыняля, плечы яе скаланаліся, шапка спаўзла на патыліцу. Валошын нядобра маўчаў, цалкам падзяляючы яе няшчасце, але чым ён мог памагчы? Суцяшаць у такім становішчы было б з ягонага боку ханжаствам. Да таго ж ён не мог адолець у сабе злоснага пачуцця таго, што гэтае наравістае дзяўчо так і не выканала яго загад, самавольна застаўшыся ў батальёне і тым ускладніўшы сваё і без таго не простае тут становішча.
— Так, хопіць! — строга сказаў капітан. — Хопіць! Слязьмі не паможаш. Дзе ён?
— Я ж казала… Я ж так і ведала, — падняла непрыгожы, змакрэлы ад слёз твар Вера. — Ён жа ўсё рваўся, усё наперад і наперад. Я стрымлівала, не пушчала… А тут… вырваўся!
— Дзе ён ляжыць?
— Там, пад самай гэтай спіраллю. Ён жа наперад за ўсіх выскачыў, ну і…
— Так, панятна! Давайце на левы фланг. Давайце ўсіх слабакоў упярод! Я паслаў Дзянішчыка, вы яму ў дапамогу.
Читать дальше