Пасля шостай ці сёмай чаргі, калі ён ужо няблага прыстраляўся, ззаду раптам пачуўся шорхат, і нехта ўваліўся ў яго варонку. Валошын адарваўся ад кулямёта — сплёўваючы пясок, ля яго ног сядзеў увесь запылены і закапцелы, з разадранай палой паўшубка Маркін.
— Куды вы б'ецё! — сарваным голасам крыкнуў новы камбат. — Куды к д'яблу лупіце?
— Выручаю Кізевіча. Вунь пад самай вышынёй залёг.
— Што мне Кізевіч! — праз грукат раздражнёна закры-чаў Маркін. — Мне гэтая вышыня трэба. Яе загадана ўзяць.
— Не ўзяўшы тую, не возьмеш гэту! — таксама раз-дражняючыся, пракрычаў Валошын. Па абодва бакі варонкі з аглушальным грымоццем пракаціліся тры выбухі, у небе завылі асколкі. Адзін з іх, нібы зубілам, звонка секануў па краі шчыта, пакінуўшы касы рваны шрам на метале. Зверху важка зашлёпалі камякі і густа пасыпалася зямля, не страсаючы якую, яны таропка ўзнялі голавы — яшчэ нехта ўваліўся ў варонку, за ім наступны, — аказалася, гэта быў Іваноў з тэлефаністам. Таксама плюючыся, камандзір батарэі працёр рукой вочы.
— Даюць, сволачы! Харашо, хоць варонак нарабілі. А то б хана!
— Некалі ў варонках сядзець, — сказаў Маркін. — Пара паднімацца. Сувязь з агнявой ёсць?
— Сувязь-то ёсць, — сказаў Іваноў.— Пакуль што. Ану правер, Сыкуноў.
— Слухай, — павярнуўся да яго Валошын. — Кідані парачку па той вышыні. Глядзі, вунь Кізевіч ля самай траншэі ляжыць. Яму б самую маласць. Хоць для псіхікі.
— Хіба што парачку, — сказаў Іваноў і дастаў з-за пазухі свой пакамечаны блакнот. — Ану перадавай, Сыкуноў.
— Ні ў якім разе! — трапятнуўся Маркін. — Вы што? Кізевіч большай часткай адцягвае. Галоўнае для нас — гэтая вышыня!
— Яны ж там усе палягуць! — закрычаў Валошын. — Вы паглядзіце, куды яны падабраліся. I адысці ім нельга.
— Адыдуць! — спакойна сказаў Маркін. — Жыць захочуць — адыдуць. Справа няхітрая.
— Цяпер ім лягчэй наперад, чым назад.
— Давайце ўвесь агонь сюды, па траншэі! — жорстка запатрабаваў Маркін. — I батарэі і ДШК. Праз дзесяць хвілін я паднімаю сёмую з восьмай.
— А дзевятая? — рэзка запытаў Валошын і, зірнуў-шы ў сцюдзёныя вочы свайго начштаба, не пазнаў іх — столькі ў іх было бязлітаснае рашучасці. Ведама, гэта яго права — распараджацца прыдадзенай артылерыяй, маючы на ўвазе галоўную задачу, але ж Кізевіч ушчыльную наблізіўся да сваёй удачы або пагібелі. Па сутнасці ўвесь лёс дзевятай вырашаўся ў гэтыя кароткія секунды, як было не памагчы ёй?
— Два снарады ўсяго, — папрасіў Валошын, ледзьве стрымліваючы сябе, каб не ўзарвацца. — Два снарады!
— Не! — адсек Маркін. — Адкрьшайце агонь для сёмай! Іваноў чужым голасам скамандаваў даварот ад рэпера і адвярнуўся з біноклем у руках, а Валошын на каленях кінуўся да кулямёта. Дрыготкімі рукамі ён зноў навёў яго на вяршыню «Малой». Напэўна, трэба было праверыць наводку, але ён ужо амаль што ў шаленстве націснуў на спуск, пасля яшчэ і яшчэ, пакуль пусты канец стужкі не выскачыў з прыёмніка.
З супакоеным усведамленнем зробленага ён выглянуў з-за кулямётнага кола: на вышыні за балотцам вецер здзьмуваў апошняе клочча пылу, і ён падумаў, што страляў недарма. Шэрыя, не спрытныя ўдалечыні постаці, якія варушыліся на схіле, апынуліся ў якой-небудзь сотні метраў ад нямецкай траншэі. Але постаці не спяшаліся. Лаючы іх пра сябе за марудлівасць, ён са злосцю падумаў пра іх камандзіра Кізевіча, які, зрэшты, ніколі не вылучаўся спрытам, заўжды марудзіў і спазняўся. Але раптам ён згледзеў, як некалькі постацей матлянуліся на самай вышыні і там жа зніклі, напэўна, скочылі ў траншэю. Там, удалечыні, слаба бабахнула некалькі выбухаў гранат, дзьмухнула над траншэяй пылам, яшчэ нехта мільгануў чорным ценем на вяршыні задымленай вышыні, і ён узрадавана зразумеў: уварваліся! Цяпер для дзевятай усё будзе рашацца ў траншэі.
— Кізевіч уварваўся! — крыкнуў ён Маркіну і ўхапіў з-пад ног новую скрынку з патронамі. Абыякавы да яго слоў, Маркін сядзеў на схіле варонкі, злОсна ўставіўшыся ў тэлефаніста, які трывожлівым голасам выклікаў у трубку «Бярозу», і Валошын зразумеў, што сувязь з агнявой абарвалася. Канчаткова пераканаўшыся ў тым, тэлефаніст кінуў на апарат трубку і ледзь прыўзняўся, каб выскачыць з варонкі на лінію. Але не паспеў зрабіць і аднаго кроку, як войкнуў, схапіўся за грудзі і мякка асеў пад ногі Іванову.
— Сыкуноў, што? Куды цябе, Сыкуноў? — усхапіўся Іваноў, абедзвюма рукамі мацаючы сувязіста і спрабуючы расшпіліць непадаткія кручкі яго шыняля. Але твар тэлефаніста хутка бялеў, павекі дзіўна затрэсліся, і ён слабым голасам выціснуў:
Читать дальше