Відаць, збянтэжаныя знянацкім напорам, немцы на хвіліну разгубіліся, нават спынілі мінамётны агонь па вышыні «Малой», пераносіць жа яго па атакуючых так блізка ад сваёй траншэі яны, відаць, не адважыліся. Сёмая з восьмай жыва скарысталі гэтую нядоўгую замінку і ўварваліся на вышыню, амаль дабегшы да самай траншэі. Але з траншэі ва ўпор ім ударылі кулямёты, і байцы адзін за адным пачалі падаць на дол.
Адчуўшы на бягу, як густа зафукалі каля яго кулі, Валошын таропка павярнуў кулямёт і таксама ўпаў, затуліўшыся за пагорбленым яго шчытом. Лежачы, ён сцягнуў з пляча цяжкую з патронамі стужку і ўбачыў лейтэнанта Круглова, які на чацвярэньках поўз да яго і крычаў:
— Таварыш капітан!.. Таварыш капітан, вунь бачыце?.. Вунь, зараза, з-за бруствера…
Ён ужо ўбачыў на брустверы кулямёт, кулямётчык якога, мабыць, таксама заўважыў іх збоку. Звернуты крыху ўбок яго ствол раптам крута вывернуўся і, здавалася, упёрся ў Валошына. Не паспеўшы яшчэ прыўзняць ахоўнік, Валошын здрыгануўся, як ад апёку, аглушаны імклівым трэскатам скіраванай па ім кулямётнай чаргі. Аднак пагнуты, пакрэмзаны асколкамі шчыт ДШК яго ўратаваў, чарга сыпанула далей і ўзад, і ён, тузануўшы затвор, ударыў па кулямёту, зласліва адчуваючы, як ягоная разрыўная чарга змятае разам з рыхлай зямлёй усё, што было на брустверы. Калі ён расслабіў на спуску знямелыя ад намагання пальцы, кулямёта там ужо не было, толькі нешта пыльна шарэла нястрашным нежывым бугарком.
— Рота!.. — ускочыў і хрыпата закрычаў Круглоў.— Рота, упярод!
Валошын расслаблена выдыхнуў пад казённік пасля кароткага напружання, якое, аднак, ушчэнт знясілела яго. Ён зірнуў убок і ўбачыў, як некалькі байцоў непадалёк ускочылі з долу і падаліся далей за камсоргам. Нехта, не шмат прабегшы, хутка ўпаў, але хтосьці ўжо ўскочыў на бруствер і тут жа знік, мабыць, саскочыў у траншэю.
Вялізнае напружанне, якое столькі часу валодала капітанам, разам апала ад адной радаснай думкі — нарэшце зачапіліся, і ён таксама падняўся, каб бегчы туды, да траншэі.
Ім пашанцавала. Паўтара дзесятка байцоў, што апынуліся на стыку сёмай і восьмай рот, уварваліся нарэшце ў траншэю.
Мокры ад поту, Валошын, цягнучы за сабой кулямёт, заўважыў, як зводдаль у траншэі мільганула некалькі нямецкіх касак, некалькі разоў падземным грукатам вухнулі ручныя гранаты, але, калі ён узбег на разварочаны нагамі і засыпаны гільзамі бруствер, у траншэі ўжо ўсё было скончана. Ён з палёгкаю скокнуў у свежую, з выразным земляным пахам траншэю, прыкідваючы, дзе б да часу прыткнуцца з грувасткім кулямётам, які неўзабаве, мабыць, трэба было цягнуць далей. Але для таго ў вузкай траншэі яму патрэбна была дапамога. Азірнуўшыся, ён убачыў паблізу ў полі маладога байца ў новым шынялі і спыніўся, каб пачакаць яго, як аднекуль зверху, з не бачнай адсюль пазіцыі, гучна і грозна ўдарылі размераныя кулямётныя чэргі. Нізкія чырванаватыя трасы мільганулі наўкось па схіле, і баец, не дабегшы дзесятка метраў да бруствера, ткнуўся галавой у зямлю. Здаецца, яго зрэзала па самыя калені. У наступнае імгненне гэтыя трасы нізка пранесліся над галавой Валошына, той інстынктыўна прысеў, схапіўшыся за ручкі ДШК, але адсюль не было відаць за накапаным грабянём бруствера, адкуль біў гэты нямецкі буйнакалі-берны. Біў, аднак, здорава — нізка па схіле ў фланг восьмай, некалькі чалавек якой, так і не дабегшы да траншэі, бездапаможна распласталіся на ржышчы. Іншыя пачалі таропка адпаўзаць пад выратавальную ахову ледзьве прыкметнага пагорачка ззаду. У той час зверху густа і прарэзліва завылі нямецкія міны, якія пыльнымі выбухамі ляглі ўпоперак па схіле, пасля па нізе вышыні, па балоце.
Валошын скаціў кулямёт ніжай, на броўку, упёр казённік у супрацьлеглую сценку траншэі. Ён зразумеў усё. Надзея на ўдачу не спраўдзілася, момант быў упушчаны, батальён аказаўся разрэзаны на тры часткі, бой ускладніўся, і цяпер з упэўненасцю вызначыць ягоны зыход было немагчыма. Ва ўсякім выпадку жменьцы байцоў, што ўварвалася ў траншэю, хутка будзе не соладка.
Стараючыся, аднак, захаваць вытрымку, ён апусціўся на дно траншэі і пад віск і грымоцце выбухаў згарнуў цыгарку. У ягоным болей чым азмрочаным з раніцы настроі настаў пералом, у гэтай безнадзейнасці ён нечакана знайшоў у сабе спакойную ўпэўненасць, амаль абнадзейнасць. Усё цяжка перажытае ім дагэтуль спакваля адсунулася прэч, яго чакала штось новае, і ён адчуў, што самае галоўнае, мабыць, трэба яшчэ перажыць. I хоць ён не меў аніякіх ілюзій, ён быў упэўнены і спакойны. Ён уступіў у звыклую ролю салдата і не залежаў ужо ні ад Гунько, ні ад Маркіна, а толькі ад немцаў і сябе самога. Ягоны салдацкі лёс быў цалкам у ягоных руках.
Читать дальше