— Я ўсё… Забіты я…
Здаецца, сапраўды ён быў забіты, напаўзаплюшчаныя вочы яго спыніліся на нейкай далёкай кропцы, рука ўпала з грудзей, і Іваноў апусціў яго на дно варонкі.
— От чорт!
Побач ускочыў на калені Маркін.
— Мне трэба агонь! Агонь мне, капітан! Пасылайце гэтага! — кіўнуў ён на Гайнатуліна. — Эй, чуеш? Хутка на лінію, знайсці парыў!
Гайнатулін, няўцямна міргнуўшы вачмі, перавёў позірк на Валошына.
— Наўрад ці сумее, — сказаў Валошын. — Ён з новенькіх.
— А мне напляваць, з новенькіх ці са старанькіх. Мне патрэбна сувязь. У мяне атака зрываецца!..
Сувязь, вядома, патрэбна, падумаў Валошын, але ж нашто так нервова? Ён павярнуўся да Гайнатуліна, да якога ўжо прывык за гэтыя некалькі гадзін бою і заставацца без каторага цяпер не хацеў. На жаль, апроч яго, паслаць на лінію тут не было каго.
— Давай! — сказаў ён. — Паўзком, провад — у руку, звяжаш парыў — і назад. Зразумеў?
Баец нешта зразумеў, кіўнуў галавой і на чацвярэньках перапоўз цераз край варонкі. Перад вачмі Валошына мільганулі нестаптаныя, усеяныя цвікамі падэшвы ягоных чаравікаў, і баец назаўжды знік у полі.
Яны пачалі чакаць. Сувязіст ужо адышоў, на ягоным збялелым, з жаўцізной, твары хутка цвярдзела чужая, незнаёмая іншым грымаса. Іваноў з Маркіным адцягнулі ягонае цела са дна варонкі бліжэй да яе краю, дзе ён меней замінаў жывым і дзе ляжаў пасечаны асколкамі кулямётчык. Маркін вальней выцяг ногі і патрабавальна ўставіўся на Іванова, які нервова сціскаў у руцэ маўклівую трубку. Звычайна ўласцівая капітану вытрымка на гэты раз прыкметна пакідала яго, і было ад чаго. Хаця і раней сувязь з агнявой пазіцыяй ірвалася не рэдка і ў няздатны час, але момант, горшы за гэты, проста немагчыма было прыдумаць.
Валошын асцярожна зірнуў з варонкі — мінныя выбухі цяпер шкуматалі вышыню «Малую», адкуль немцы яўна рашылі выбіць роту Кізевіча. Тут жа па схілах, дзе распаўзліся і пахаваліся ў варонках рэшткі сёмай і восьмая, толькі сцябалі нізкія кулямётныя трасы. Валошын адамкнуў пустую патронную скрынку, каб замяніць яе поўнай, якая аказалася, аднак, дужа пакарэжаная выбухам. Каб не поркацца з ёй, ён выцягнуў з яе ўсю стужку і падраўняў патроны. Ён ужо паспеў прызвычаіцца да гэтага кулямёта і цяпер не без іроніі падумаў, што калі з яго не атрымаўся камбат, дык, можа, выйдзе хоць кулямётчык. Ва ўсякім выпадку, ён знайшоў у гэтым баі сваю справу і ўжо гатовы быў прымірыцца са сваім горкім лёсам. Што ж яшчэ яму заставалася?
— Алё, «Бяроза», алё! — раптам узрадавана закрычаў у трубку Іваноў.— Гэта я. Сыкунова няма, забіты Сыкуноў. Слухайце каманды. Зараз перадаю каманды…
Валошын з палёгкай уздыхнуў і задаволена падумаў пра Гайнатуліна — малайчына, што не падвёў. Перажыве першы страх, прывыкне і будзе добры баец. Калі толькі асколак ці нямецкая куля прамінуць яго ў гэтай атацы, у якой ён патрэбны быў і Валошыну. Аднаму з цяжкім кулямётам яму не справіцца.
— Так. Але ж адсюль ні д'ябла не відаць! — выглянуў з варонкі Іваноў.— Трэба выпаўзаць.
— Выпаўзайце! — змрочна сказаў Маркін і выняў з кішэні трафейную, з белага металу ракетніцу.
— Асцярожна, — сказаў Іванову Валошын. — Яны тут кулямётамі ржышча стрыгуць.
Іваноў зматаў з пачатай катушкі даўгі канец провада і, схапіўшы за рэмень апарат, вываліўся з варонкі.
Абодва камбаты засталіся ў варонцы. Адносіны паміж імі былі прыкметна нацягненыя, размаўляць не хацелася, і Валошын сачыў, як пятляла-сучылася на скосе варонкі чырвоная нітка провада. Ён ведаў, што, пакуль яна варушылася, з Івановым было ўсё ў парадку.
— Вы з кулямётам застанецеся? — маючы на ўвазе хуткую атаку, запытаў Маркін.
— Я з кулямётам. Да, а вам вядома, што Самохін забіты?
— Ведаю. Сёмай пакуль камандуе Вера.
— Знайшлі камандзіра!
— А што? Дзеўка бядовая…
— Бядовая, ды цяжарная. Вы падумалі аб тым?
— Ну што ж, што цяжарная. Ніхто яе тут не трымаў. Сама засталася. Так што…
— Чорт бы вас узяў! — не стрымаўся Валошын, забыўшыся ў гэты момант, што гадзіну назад сам паслаў Веру наводзіць парадак у сёмай. Але тады ён ужо страціў свае паўнамоцтвы адпраўляць яе ў тыл, тыя паўнамоцтвы, якія разам з іншымі перайшлі да Маркіна і якімі новы камбат распараджаўся па-свойму. I ўсё ж было прыкра, галоўным чынам ад усведамлення таго, што Веры ў батальёне не месца. Ні да, ні тым болей у часе гэтай, з самага пачатку няладнай, атакі, якая, апроч яшчэ адной непатрэбнай смерці, нічога іншага ім не абяцала.
Прыгнуўшы галаву, Валошын сядзеў на скосе варонкі. Провад памалу варушыўся ля яго ботаў, ціха знікаючы ў полі. Значыць, Іваноў усё поўз, напэўна, яшчэ не бачыў траншэі. Але вось шырокая пятля провада замерла на краі варонкі, Валошын старанна выпраміў яе загіб, ды провад не варухнуўся. «Зараз скамандуе», — падумаў Валошын. Аднак мінула хвіліна, другая, каманды ўсё не было чуваць. Маўчала і батарэя.
Читать дальше