— Я іх затрымала, — сказала Вера, раптам супакойваючыся, і бруднымі пальцамі выцерла твар. — Я іх павыганяла з балота. А то кінулі ўсё, пабеглі…
— Усіх сюды, у ланцуг! I чакаць сігналу ўпярод! Вера хутка папаўзла назад, у бок левага фланга роты, а ён зноў азірнуўся на Гайнатуліна.
— Гайнатулін, за мной упярод!
Здавалася, яны цэлую вечнасць паўзлі па схіле да гэтай разварочанай выбухам варонкі, раз за разам заміраючы пад гарачымі струменямі куль, што праносіліся над іх галовамі, прыціскаючыся грудзямі да пакрэмзанага міннымі асколкамі долу, чакаючы, пакуль скончыцца грымотны абвал блізкіх выбухаў, задыхаючыся ад патокаў узнятага ў паветры пылу. Аднойчы Валошыну так сцебанула па твары зямлёй, што ён, абліваючыся слязьмі, хвіліну цёр забітыя пяском вочы, пакуль нарэшце пачаў нешта бачыць. Ён не азіраўся, але адчуваў, што Гайнатулін быццам паўзе, і час ад часу прыкрыкваў цераз плячо: «Гайнатулін, упярод! Не бойся, Гайнатулін! Упярод!»
Нарэшце, дабраўшыся да варонкі, ён пераваліўся цераз крайнія, бязладна наварочаныя выбухам глыбы і апынуўся ў яе выратавальнай зямной глыбіні. Тут ужо можна было ўздыхнуць. Рукі яго да лакцёў патанулі ў перамеленай выбухам і густа начыненай асколкамі зямлі, якою да плеч быў засыпаны баец-кулямётчык з акрываўленай разбітай патыліцай. Зямля ў дне варонкі густа змакрэла ад яго ліпкай крыві, ногі байца былі расшкуматаны выбухам, а адна рука ўсё яшчэ ўчэпіста трымалася за ручку паваленага набок ДШК з загнутай ударам сталёвай пласцінай шчыта. Валошын з натугай адарваў гэтую руку ад кулямёта і націснуў на спуск. Кулямёт, на яго здзіўленне, грымліва здрыгануўся, кароткай чаргой узбіўшы зямлю наперадзе, і канец доўгай, засыпанай пылам стужкі з патронамі ажывела варухнуўся ў варонцы.
— Гайнатулін, сюды!
Валошын, нібы выратаванню, узрадаваўся гэтаму куля-мёту, клапотна здзьмухнуў з прыцэльнай рамкі пясок, выцяг з-пад камякоў усю стужку з паўсотняй жоўтых буйнакаліберных патронаў. Пасля, узяўшыся за кулямётныя ручкі, засцярожліва высунуўся з варонкі — трэба было вызначыць адлегласць і паставіць прыцэл.
Але, на ягоны жаль, аказалася, што не відно траншэі — пакатая паверхня схілу хавала яе ад ягоных вачэй, зрэшты, як і яго ад немцаў таксама, інакш бы яму сюды не дабрацца. Гэта было кепска, тым болын што ён ужо паспадзяваўся на сваю ўдачу. Значыць, трэба было выбірацца з гэтай варонкі, што пад такім агнём было самазабойствам. Гайнатулін тым часам, мабыць, пераадолеў у сабе свой спалох, зрабіўсд з выгляду болей спакойны і адкапаў у варонцы яшчэ дзве скрынкі з патронамі. Боепрыпасаў прыбавілася, трэба было неадкладна адкрываць агонь.
Валошын павёў позіркам па схіле ўправа, куды прыкметна аддаляліся выбухі і скіравала палова кулямётнага агню з вышыні — там, удалечыні за балотцам, у падножжа вышыні «Малой», варушыліся байцы дзевятай. Адсюль цяжка было зразумець, ці яны рыхтаваліся кінуцца на вышыню, ці штось у іх не атрымалася, і яны гатовы былі адысці за балота. Праўда, вышыня была далекавата нават для яго ДШК, але ён рашуча павярнуў кулямёт у яе бок.
— Гайнатулін, рыхтуй каробку!
Ён паставіў на рамцы прыцэл, роўны васьмістам метрам, старанна навёў па самай вяршыні з траншэяй і, замацаваўшы наводку, вялікімі пальцамі плаўна націснуў на спуск. Кулямёт дужа затросся ў руках (спатрэбілася немалая сіла, каб утрымаць яго на наводцы), і чарга з дзесятка буйнакаліберных дванаццацімілімет-ровых куль, візгнуўшы, пайшла за балотца. Здаецца, трапіла яна з недалётам. Валошын дадаў прыцэл і зноў старанна навёў па траншэі.
На гэты раз ён выпусціў тры чаргі запар, вяршыня бугра закурылася ад разрыўных, і ён парадаваўся колішняму свайму захапленню кулямётнай стральбой. Праўда, тады ён страляў з «максімаў», што ўвогуле было прасцей. Затое ДШК — сіла, якую не зраўняеш з «максімкай». Толькі б хапіла патронаў.
Часта падпраўляючы наводку, ён пачаў біць разрыўнымі па разлеглай наўкось ад яго вышыні, у фланг нямецкай траншэі, сам застаючыся ў адноснай ад яе бяспецы. У прамежках ён бачыў, як заварушыліся пад ёй шэрыя постаці байцоў, і ўзрадавана падумаў: мабыць, памог! Калі не празяваць момант і зараз жа выкарыстаць гэты агонь, дык, можа, і ўдасца зблізіцца для рукапашнай. На рука-пашную цяпер была ўся надзея, іншых пераваг у іх не засталося.
Дзевятая, аднак, усё бавіла час. Калі-нікалі мінныя выбухі ў балоце і на схіле зусім затулялі ад яго вышыню, і ён пераставаў бачыць, што там адбываецца. Але, калі было бачна, ён упарта націскаў на спуск, амаль фізічна адчуваючы, як ягоны агонь размятае земляны бруствер нямецкай траншэі. Самы момант быў атакаваць.
Читать дальше