— Прачысціце зброю, — холадна сказаў Валошын. — А то разарве ствол.
Ветэрынар, спахапіўшыся, пачаў выбіваць са ствала зямлю, а Валошын з яшчэ большай, чым раней, злосцю падумаў, што такія вось уедлівыя правяралыпчыкі — куды болынае зло, чым тыя, хто, слаба разумеючы ў справе, не вельмі і рвуцца ў яе, трымаючыся бліжэй да зямлянкі, дзе трохі бяспечней, чымся ў гэтым пекле.
Ён чакаў лейтэнанта Самохіна, якога ўсё не было, і ён пачаў сумнявацца, ці перададзены яму яго выклік, ці не застаўся дзе на дарозе пасыльны. Сувязі таксама не было. Гутман трымаў ля вуха тэлефонную трубку і ўсё дзьмуў у яе, але лінія, відаць, маўчала.
Калі з хмызняку ззаду з'явіўся лейтэнант Круглоў са споўзшай набок спражкай дзягі і без ценю звычайнага дабрадушша на ўзрушаным твары, камбат зразумеў, што становішча дзевятай на самай справе крытычнае. Камсорг размашыста рухнуў злева ад яго, выцер рукавом потны ў пыле і гары твар.
— Камбат, ратуйце дзевятую! Праз паўгадзіны ўсю выб'е.
— Кізевіч жывы?
— Жывы пакуль што. Але страты вялікія. Галоўнае — гэта шрапнель. Ды і кулямёты справа. Спярша трэба браць тую вышыню, за балотам. Інакш дрэнь справа, задарма пакладзеце людзей, — нервова загаварыў камсорг.
Камбат, падумаўшы, азірнуўся на Гутмана.
— Як сувязь?
Гутман замест адказу развёў рукамі.
— Ракетніцу! — патрабаваў камбат.
Ён выхапіў з рук ардынарца ракетніцу, лежачы, паварушыў у кішэні, выняў белы з чырвонай галоўкай патрон.
— Што ж, будзем лічыць, фокус не ўдаўся. Фокуснічкі!.. I, падняўшы руку, паслаў у дымнае ад выбухаў неба імклівы агеньчык чырвонай ракеты.
Роты па-пластунску і перабежкамі пачалі адыход за балота.
Ён разумеў, на што ішоў, і ведаў, як гэты яго адыход будзе ўспрыняты камандзірам палка. Але ён іначай не мог. Ён не мог паднімаць батальён пад такім агнём з вышыні — гэта было б свядомым яго знішчэннем. Роты, зрэзаныя кулямётным шквалам, назаўжды б засталіся на яе мёрзлых схілах, з кім бы тады ён вярнуўся на свой КП? Вярнуцца аднаму са жменькай упраўлення ён бы не здолеў, значыць, і ён павінен быў бы застацца на гэтай праклятай вышыні. Але гінуць ён яшчэ не збіраўся, ён хацеў ваяваць, каб паквітацца з немцамі.
Лежачы за ўзмежкам, ён прасачыў, як апошнія байцы восьмай роты зніклі ў кустоўі, і сам падняўся на ногі.
Напэўна, усё ж край кустоўя не быў відаць з вышыні, кулі адтуль усе ішлі верхам. Падбегшы да цела Муратава, ён азірнуўся: ззаду нікога не заставалася, Гутман, павесіўшы на плячо аўтамат, узяўся намотваць кабель. Але тут насустрач ардынарцу з кустоў выбег запараны Чарнаручанка, і камбат крыкнуў Гутману:
— Забярыце Муратава!
Усё па тым жа стаптаным падэшвамі лёдзе ён перабег балота. Следам, цюкаючы аб лёд і зразаючы вецце, хлёстка праносіліся кулі, адна сцебанула яго па пале шыняля, зрабіўшы ў ёй дзве новыя дзіркі. Камбату, аднак, было не да шыняля, недалёка ўжо бялеў бруствер выратавальнай траншэйкі сёмай, адтуль занепакоена высоўвалася знаёмая галава Іванова.
Некалькі байцоў наперадзе паспешна скочылі ў свае нядаўна пакінутыя і зноў радасна знойдзеныя акопчыкі. Ззаду і трохі ўбаку спазнела, але з ранейшым аглушальным трэскам бабахнулі разрывы брызантных. Камбат, не спяшаючыся, хісткім крокам кіраваў па адкрытай мясціне да сваёй траншэі. Яго цяпер надта проста маглі зрэзаць кулямётнай чаргою ззаду, маглі накрыць разрывам бры-зантнага, але ён ужо не дбаў аб сваім жыцці пасля таго, як столькі чалавечых жыццяў засталося па той бок балота. Не зірнуўшы нават на змрочна паніклага за брустверам Іванова, ён скочыў у траншэю, апынуўшыся побач з апярэдзіўшым яго ветэрынарам. Камандзіры сустрэлі камбата моўчкі, і ён маўчаў, хвіліну пазіраючы, як з кустоўя, выблытваючы ў голлі провад, таропка выбіраўся Чарнаручанка. Тэрмінова патрэбна было звязацца з камандзірам палка.
— Да, глупства атрымліваецца, — адчуваючы настрой Валошына, паныла сказаў Іваноў.
— Чаму так кепска працавала артылерыя? — горача загаварыў у траншэі ветэрынар. — Чаму раптам замоўклі гарматы?
— Каб артылерыя добра працавала, патрэбны боепры-пасы, — сказаў Іваноў.— А боепрыпасаў якраз кот наплакаў.
— Гэта чаму? Хто вінаваты?
— А вы пра гэта ў штабе дывізіі запытайцеся, — стоячы да маёра бокам, сказаў камбат. — Падвоз і снабжэнне ў арміі ажыццяўляюцца зверху ўніз.
Маёр шумна і гаротна ўздыхнуў, напэўна, пачынаючы разумець нешта, і Іваноў сказаў:
— Восем снарадаў засталося. Як было апошнія выпусціць?
Читать дальше