— Сувязь! Жыва!
Чанаручанка скорчыўся на баку і непаслухмянымі рукамі пачаў прымацоўваць провад да клемаў, а камбат, не паварочваючы галавы, пракрычаў:
— Сувязны сёмай роты!
Яму ніхто не адказаў, і ён гучнейшым голасам паўтарыў выклік:
— Сувязны сёмай!
Праз густы кулямётны трэскат і гром выбухаў угары, якія, зрэшты, пачалі трохі аддаляцца ўправа, напэўна, у раён дзевятай Кізевіча, зблізку нічога не было чуваць, і Гутман, павярнуўшыся на локці, крыкнуў тром сувязным, што нерухома прыпалі да зямлі ў дзесяці кроках ззаду.
— Эй вы! Аглухлі?
Адзін з байцоў заварушыўся, з напружаннем на твары ўзіраючыся ў камбата, і той вылаяўся.
— Якога д'ябла маўчыш? Ану бягом за камандзірам роты!
Баец, надта прыгінаючыся, ледзьве не наступаючы на абвіслыя полы шыняля, з вінтоўкай у правай руцэ пабег уздоўж балота налева.
— Перадайце па ланцугу: сяржанта Яршова — ка мне! Гутман пракрычаў гучней, і, здаецца, ягоную каманду
перадалі далей. Калі Яршоў жывы, ён як-небудзь управіцца з сёмай, але невядома было, як справы ў дзевятай.
— Сувязны дзевятай!
— Я! — прыўзняўся на траве белабрысы баец.
— Бягом за камандзірам роты!
Толькі баец адбег паўсотню крокаў, як зноў грымнула над самым ланцугом восьмай, і ў паветры, выразна азначыўшы куткі трапецыі, зачарнелі чатыры воблачкі. Гэта таксама клас — мільганула ў галаве ў Валошына, прыстраляліся як мае быць. Хтось непадалёк, кінуўшы вінтоўку, нязграбна папоўз у хмызняк, цягнучы па зямлі параненую, з разматанай абмоткай нагу. Нехта крычаў напалоханым да жаху голасам:
— Пераб'е так усіх да д'ябла! Чаго ляжаць будзем?
— Ага! Дае, сволач, чых-пых! — сказаў Гутман. Чарнаручанка ўсё корпаўся са сваёй сувяззю, прадзі-
маючы трубку, і Валошын крыкнуў:
— Ну, ты доўга там?
Сувязіст, аднак, падняў да камбата занепакоены твар, зацепаў добрымі вачмі.
— Няма сувязі. Перабіла, напэўна…
— На лінію марш! Жыва!
Чарнаручанка нешта ўмольна кінуў да Гутмана, піх-нуў за спіну карабін і, падхапіўшы провад, пабег да балота.
Валошын нядоўга чакаў, усё ўслухоўваючыся ў суцэльны няўрымслівы грукат, з неразумнай упартасцю імкнучыся ўчуць у ім хоць што-небудзь суцяшальнае для батальёна, але нічога ўчуць не мог. Цяпер ужо ўвесь агонь ішоў з боку немцаў, нашы ў ланцугу не стралялі, змоўкла артылерыя, і затаіліся ДШК за балотам, мусіць, падаўленыя гэтым гагатлівым шквалам куль і асколкаў, што абрынуліся на батальён. Разрывы брызантных у небе бязлітасна трэскаліся над раёнам дзевятай, адкуль праз якіх чвэрць гадзіны замест старшага лейтэнанта Кізевіча прыбег краем хмызняку жвавы баец у ватоўцы. Камбат памятаў яго ў твар, але прозвішча цяпер успомніць не мог. Кашляючы ад удушлівай трацілавай гаркаты, што асядала ў балоце, баец выцягнуўся поруч з Валошыным.
— Во запіска ад камроты.
Ён падаў пакамечаны ў бруднай жмені шкумат паперы, на якім без подпісу было накідана рукой Кізевіча: «Наступаць не магу, залёг у балоце. Выбіваюць брызантныя.
Фланкіруючыя кулямёты з вышыні „Малой“ не даюць ступіць кроку. Прашу дазволу адысці».
«Час ад часу ўсё не лягчэй, — падумаў Валошын. — Не хапіла брызантных, дык яшчэ і фланкіруючыя». Прабегшы вачмі запіску, камбат пракрычаў байцу:
— Страты вялікія?
— Га?
— Страты, кажу, вялікія?
— Пэўна, чалавек дваццаць. Вунь як лупасіць зверху. А з фланга кулямёты. Старшы лейтэнант усё лаецца…
Праз хвіліну прыбег і распластаўся побач выкліканы з фланга восьмай камандзір узвода Яршоў, спакойны з выгляду чалавек у зялёным бушлаце і запэцканых ватных штанах.
— Якія страты? — запытаў камбат.
— У роце не падлічваў,— аціраючы спатнелы твар, сказаў Яршоў.— Напэўна, чалавек восем. Пагорачак ратуе.
Пагорачак ратаваў восьмую, гэта пэўна, інакш бы яны тут не ляжалі. А вось у дзевятай пагорачка не аказалася, і таму ёй даводзіцца кепска.
Ззаду, няспрытна валюхаючы, да камбата падпоўз ветэрынар і, папраўляючы на галаве шапку, прасіпеў сарваным голасам:
— Што здарылася, камбат? Чаму не паднімаюцца ў атаку?
Камбат паглядзеў на яго абыякавым позіркам — у грымоцці і трэскаце бою ён выразна пачуў кулямётныя чэргі па той бок балота, якія білі па флангу Кізевіча, і з непрыяззю падумаў пра ягоных разведчыкаў. А заадно і пра палкавых, на якіх ноччу з такой упэўненасцю спасылаўся маёр Гунько. Панаразведвалі, называецца. На яго галаву.
— Чаму не паднімаеце роты ў атаку? — настойліва сіпеў ля вуха маёр, усё не выпускаючы з рук невядома для якой патрэбы выняты з кабуры наган, ствол якога быў шчыльна забіты зямлёй.
Читать дальше