I, кінуўшы ў рукі Чарнаручанкі трубку, ён з жвавасцю распарадзіўся ў траншэі:
— Гутман! Чарнаручанка! Зняць сувязь і за мной! Хутка! Чарнаручанка з неўласцівай яму паспешлівасцю адной
рукой ірвануў зазямленне, другой згрэб свой апарат; Гутман падхапіў катушку з напалову зматаным кабелем, зірнуўшы на якую, камбат з трывогай падумаў: не хопіць. Гэтага кабелю да вышыні не хопіць, як тады быць? Зрэшты, сувязныя ад рот ужо лезлі на бруствер, і ён крыкнуў Іванову, які працягваў кіраваць агнём:
— Хвілін дзесяць паддай!
— Дзесяць паддам! — крыкнуў у адказ Іваноў.— Толь-кі не болып…
— А ты радзей, каб трапненька…
— Уравень менш ноль-ноль адзін, — камандаваў Іваноў. «Ну цяпер накрые», — падумаў камбат, збягаючы па мёрзлай траве на брудныя плахі падталага лёду. Першае радаснае адчуванне, выкліканае ўдалым пачаткам, аднак, хутка міналася, ён ведаў напэўна, што некалькімі кулямётамі справа не абыдзецца, што неўзабаве немцы ўдараць чым-колечы і больш адчувальным. Удараць з мінамётаў, і тады будзе горш. Але пакуль на вышыні магутна грымелі свае разрывы і дробным трэскатам заліваўся ручны кулямёт, хацелася думаць, што ўсё абыдзецца. Яму б яшчэ хвілін дваццаць, за гэты час восьмая пад прыкрыццём артагню, напэўна, дабегла б да бліжняга адростку траншэі. Асабліва калі за яго ўдалося зачапіцца Нагорнаму.
Валошын разгоніста бег па лёдзе, заследжаны бруднымі падэшвамі байцоў яго рот, за ім блізенька трымаліся трое сувязных. Чарнаручанка з Гутманам неўзабаве адсталі, заблытаўшы ў кустах провад, і ён крыкнуў аднаму з сувязных, худому хлопцу ў кароткім шынялі і блакітных да калень абмотках, хутка памагчы ім. Баец з напружаным недаўменнем зірнуў на яго, але затым адкінуў назад споўзшую на жывот процівагазную сумку і спыніўся. Камбат прыгнуў галаву, прадраўся праз лазняковыя зараснікі, выскачыў на льдзістую з падталым снегам прагаліну і азірнуўся; за ім з-за куста, няспрытна расстаўляючы ў бакі ногі і коўзаючыся, бег ветэрынар. Яго расшпіленая кабура апусцела боўталася на дзязе, вузенькі раменьчык цягнуўся да рукі з варанёным наганам, якім маёр нязграбна ўзмахваў, імкнучыся захаваць раўнавагу на слізкіх падэшвах.
— А вы куды? — не стрымаўшыся, злосна крыкнуў Валошын. Ветэрынар толькі раскрыў рот, каб нешта сказаць, як раптам абодва яны аглушана скалануліся, на імгненне страціўшы адчуванне.
«Ну во, нарэшце! — з дзіўнай злой радасцю падумаў камбат, інстынктыўна ўвабраўшы галаву ў плечы. — Нарэшце пачынаецца…»
У хмарнай вышыні над балотам аглушальна трэснула раз і другі, тугім звонам заклала левае вуха. Валошын паглядзеў угору — над балотам, нібы кінуты ўгару клок поўсці, плыло на ветры чорнае воблачка. «Прыстрэлачны!» — падумаў камбат і зноў азірнуўся. Ветэрынар ляжаў пад навіслым галлём альхі, нізка ўтупіўшы галаву ў падвязанай пад барадой вушанцы. Падумаўшы, што яму папала, Валошын кінуўся назад.
— Вы што? Паранены?
Маёр страпянуўся і з запытальным недаўменнем у вачах уважліва паглядзеў на камбата.
— Н-не, я не ранены, — выціснуў ён, заікаючыся.
— Устаць і бягом! Бягом! — скамандаваў Валошьга, ведаючы, што ад брызантных разрываў тут не схавацца, што трэба як мага найхутчэй выскачыць з раёна паражэння іх смяртэльных асколкаў.
— Бягом!
У наступнае імгненне з рэзкім аглушальным трэскам грымнулі яшчэ чатыры выбухі, трохі, праўда, далей, чым першы, бліжэй да краю балота, — якраз над тым месцам, дзе былі роты. Сотні сталёвых асколкаў гарачай віхурай абдалі кустоўе, зразаючы голле і наскрозь прапякаючы тоўсты, да самага дна, лёд. Ветэрынар зноў упаў, але тут жа падняўся; ззаду, ламаючы голле, яго даганяў Гутман.
Болей камбат не азіраўся, разам забыўшыся пра сябе і сваю бяспеку — трывога за роты, над якімі цяпер аглушальна загрукалі счацвяроныя выбухі брызантных, апаліла яго. Ён кінуўся наўпрасткі да блізкага ўжо краю балота, рашыўшы ў што б там ні было падняць батальён на апошні рывок, у якім было выйсце і адзіная магчымасць дасягнуць траншэі. Пад вышынёй на балоце яны доўга не вытрымаюць, у голым прамерзлым грунце не хутка акапаешся, ды і акопы ад гэтага агню не ўратуюць.
Чорт бы іх узяў, гэтыя брызантныя, ужо лепей бы агонь мінамётаў, збянтэжана думаў камбат, бегучы па кустоўі.
Ён выскачыў з балота пад новы брызантны залп, які прарэзліва і аглушальна грымнуў, здавалася, у некалькіх метрах над галавой, і збіты з ног гэтым залпам Валошын недарэчна ўпаў на жорсткую заінелую траву лужка. Але ён тут жа ўскочыў, акінуў позіркам ніз вышыні, дзе няроўна залеглі байцы восьмай роты. Нехта з іх ужо ліхаманкава працаваў лапаткай, хтось роспачна лаяўся справа, і ён павярнуў на гэтую лаянку, чакаючы ўбачыць там камандзіра роты, і ўбачыў купку байцоў — тыя на каленях схіляліся над кімсь, што ляжаў на траве. Яшчэ не дабегшы да іх, ён убачыў знаёмыя хромавыя боты Муратава, падхапіўшы якога, двое байцоў валаклі, прыгінаючыся, назад да кустоўя.
Читать дальше