— Я аддаю баявы загад, — сказаў Валошын.
— Аддавайце і дакладвайце. Роўна ў шэсць трыццаць артылерыя павінна адкрыць агонь.
— Я буду гатовы ў час.
— Ну-ну. Я чакаю.
Камбат выпрастаўся ў траншэі і нечакана для сябе сустрэўся позіркам з камандзірам восьмай Муратавым.
— Галоўны ўдар наносіцьвосьмая, лейтэнант Муратаў.
— Як заўсёды, — з глухаватай няпэўнасцю азваўся Муратаў.
Валошын падумаў: сапраўды, як заўсёды. Але што рабіць, такі лёс усіх часцей і падраздзяленняў, якія знаходзяцца ў цэнтры баявога парадку, наступаюць у лоб і церпяць болей за іншых. Затое ў абароне больш дастаецца фланговым; усе непрыемнасці ў абароне звычайна сыплюцца з флангаў.
— Якія пытанні? Што незразумела? — запытаў камбат, зірнуўшы на гадзіннік. Сапраўды, трэба было спяшацца, яго час канчаўся. Але ўсе заклапочана маўчалі, у траншэі зрабілася надта ціха, толькі Круглоў гулліва кідаў з брустве-ра камячкі зямлі на недалёкую плаху лёду.
— Калі пытанняў няма — па месцах! — сказаў камбат, з асаблівай выразнасцю адчуўшы, што ўжо зусім нічога не засталося. Заставалася дачакацца прызначанай хвіліны і паслаць у неба букет зялёных ракет. Пасля будзе бой.
Камандзіры выскачылі з траншэі і, прытрымліваючы палявыя сумкі, пабеглі да сваіх падраздзяленняў. У траншэі стала вальней, разам з камбатам у ёй застаўся Самохін, дзіўны ў сваёй службісцкай упартасці ветэрынарны доктар, капітан Іваноў з двума сувязістамі. Праз дзверы расчыненага бліндажа засяроджана пазіралі сувязныя — па адным з кожнай роты. Чарнаручанка корпаўся ў сваёй ячэйцы, а Круглоў на брустверы, таропка прыкурыўшы ў Гутмана, сказаў да камбата:
— Пайду, напэўна, у роту Кізевіча. Гляджу, тут камандзіраў хапае.
Валошын таксама выняў гадзіннік — доўгая стрэлка няўхільна набліжалася да шасцёркі, затым неўпрыкмет перапаўзла яе, і ўнізе зноў зазумерыў тэлефон.
— Скажы, што камбат пайшоў у роты, — сказаў Валошын, і Чарнаручанка, блытаючыся і заікаючыся, пачаў тлумачыць у трубку адсутнасць камандзіра батальёна.
— Так будзе лепш. Ну як бачнасць, Паша? — запытаў ён Іванова.
— Яшчэ б дзесятак хвілін. Ледзьве прыкметна стала траншэя.
Валошын узняў бінокль.
— Бачыш канец траншэі, самы яе ніжні адростаквус? Там бліндаж або, можа, дзот, з кулямётам.
— Ага, бачу. Учора мае засеклі.
— Далей на павароце траншэі яшчэ кулямёт, ноччу засек сам. Гэты самы небяспечны. На два схілы працуе.
— Во яго мы і прыхлопнем, — упэўнена сказаў Іваноў.— У першую чаргу.
— Далей усё па траншэі. Там кулямётаў пяць-шэсць. Трэба накрыць.
— Паспрабуем.
— Ну і спіраль Бруно. Хоць бы па адным пападанні на роту.
Не адрываючыся ад бінокля, Іваноў скамандаваў тэлефаністу:
— Батарэя, к бою!
— Батарэя, к бою! — як рэха, тэнарам адгукнуўся тэлефаніст і яснымі вачмі з-пад ссунутай на вуха шапкі ўставіўся ўгару на камбата — чакаў новыя яго каманды.
— Па кулямёту… Гранатай, узрывальнік асколачны… Зарад чацвёрты… Рэпер номер першы, лявей ноль сорак. Прыцэл сорак восем. Першаму адзін снарад — зарадзіць!
Тэлефаніст перадаў усё да апошняга слова, некалькі секунд пачакаў і нарэшце ўзняў да камбата ўсё той жа поўны гатоўнасці позірк сініх вачэй.
— Першая гатова! — амаль праспяваў ён.
— Ну што? — запытальна зірнуў на камбата Іваноў.— Я гатовы.
Валошын апусціў бінокль і рашуча працягнуў руку да трубкі. Чарнаручанка зразумеў і папрасіў даць дзесятага.
— Я гатовы! — сказаў камбат, як толькі пачуў у трубцы мікрафоннае шчоўканне клапана. Камандзір палка са стогнам закрычаў нешта, але камбат, апярэдзіўшы яго, ускінуў левую руку ў напрамку да Гутмана.
— Гутман, ракету!
Гутман быў напагатове і, хруснуўшы курком нямецкай ракетніцы, узняў яе над галавой.
Валошыну здалося, што зялёны букет ракеты пырхнуў у цьмянае неба на імгненне раней, чым хлопнуў стрэл ракетніцы, і прыгожа расквітнеў у вышыні над чэзлым кустоўем балота.
— Агонь! — нягучна скамандаваў Іваноў.
Праз секунду ззаду пругка ўдарыла, слаба аддаўшыся за лесам, і першы гаўбічны снарад, распорваючы тугое паветра, прайшоў над галовамі. Пасля на некалькі секунд ягоная хада недзе заціхла, нібы згубілася ў небе, але вось на самай макаўцы вышыні ля траншэі абвальна грымнуў і раскаціўся разрыў. Вецер падхапіў воблака пылу і хутка панёс яго коса па схіле…
Байцы таропка павыскоквалі з сваіх акопчыкаў і, прыгінаючыся, з прытоенай страхавітасцю на тварах, сыпанулі з абмежка да балота. На працягу некалькіх секунд камбат бачыў амаль увесь батальён, за выключэннем хіба захінутай пагоркам роты Кізевіча, затым балотны хмызняк праглынуў усіх. Першы даволі дружны рывок падаваў надзею, цяпер бы яшчэ пару такіх рыўкоў, і батальён быў бы на схіле. Але камбат ведаў, што неўзабаве ўдараць немцы і ўсё можа скончыцца іначай.
Читать дальше