— Значыць, засталося паўтары гадзіны.
— Правільна. Таму не будзем марнаваць час, у мяне сем пунктаў.
— Сем пунктаў чаго? — не зразумеў камбат.
— Сем вызначаных пунктаў праверкі. Пункт першы: наяўнасць конскага саставу?
— Восем коней, — не адразу, з некаторым здзіўленнем сказаў камбат. — Пяць мерынаў і дзве кабылы. Было яшчэ жарабя, ды недзе згубілася.
— Так, так, — заспяшаўся маёр, няўмела і таропка расшпільваючы сваю палявую сумку — яму трэба было запісаць. — А які стан вупражы?
— Здавальняючы.
— Ветэрынарная забяспечанасць? — задаў наступнае пытанне маёр, паспешліва рыхтуючы блакнот для запісу і нізка нахіляючыся.
— Мабыць, вы нешта зблыталі,— са з'едлівым спакоем сказаў камбат, пачынаючы ўжо здагадвацца, што перад ім ветэрынар са штаба дывізіі.— У мяне, таварыш маёр, атака. А не вывадка конскага саставу.
— То есць як? — акругліў вочы маёр. — А конскі састаў?..
— Вельмі проста. Знайшлі час, чым цікавіцца! У мяне да атакі палавіна гатоўнасці.
— Палавіна гатоўнасці? — з яшчэ большым здзіўленнем перапытаў маёр. — Але ж праз паўтары гадзіны…
— Ужо праз гадзіну дваццаць…
— Я здзіўлены і збянтэжаны, — прабурчаў маёр, нахі-ліўшыся да ліхтара, каб запісаць нешта.
— Да, час ідзе, — пацвердзіў інжынер. — Я толькі хацеў паглядзець схему інжынерных збудаванняў батальёна. Атака атакай, але не грэх дбаць і пра абарону.
— Гэта ў начальніка штаба, — суха сказаў камбат.
— А дзе начштаба?
— У ротах.
— Добра. Я пачакаю.
— Ага, вы пачакайце, — раптам спахапіўся камбат, адчуўшы, што паявілася магчымасць адчапіцца ад гэтых правяральшчыкаў. Але адчапіцца ад іх можна было толькі пайшоўшы ў баявыя парадкі рот — туды ўжо яны наўрад ці сунуцца. — Чарнаручанка!
— Я! — падняў галаву тэлефаніст.
— Бярыце катушку, апарат і за мной шагам марш!
— Гэта як? — здзівіўся інжынер.
— Я адпраўляюся ў роты.
— Але ж тут ваш КП.
— Тут КП. Тут будзе ад'ютант батальёна. Вось з ім і займіцеся. Ён у курсе ўсяго.
Чарнаручанка папярэдзіў тэлефаніста на другім канцы провада і пачаў таропка выдзіраць з куткоў калочкі, якімі мацаваўся кабель, Прыгуноў згрэб рэчмяшкі, узваліў на плячо запасную катушку, і камбат, не чакаючы іх, ірвануў палатку над выхадам.
Ён ужо быў спакойны. Яго нядоўгая злосць хутка ўлягалася, гэта было яшчэ не самае горшае — «кантроль і дапамога» таксама мелі свае слабыя месцы, і з імі можна было змагацца. У роты наўрад ці яны сунуцца, застануцца ў зямлянцы, тым больш што ён аддаваў ім Маркіна. Маркіну, вядома, дастанецца. Але камбат не адчуваў падставы, каб каяцца — ён сапраўды не меў ні хвіліны часу на гэтыя размовы, — уся яго істота, кожны нерв і кожная думка ў галаве былі захоплены будучым боем.
Ён выбег з траншэі і пайшоў па быльнягу ўніз. Злева, недзе ля пасёлка саўгаса, відаць, таксама падняўся перапалох — свяцілі ракеты, і трасіруючыя чэргі агнянымі раямі мільгалі над чорнай зямлёй па краі зорнага неба. Там, напэўна, таксама працавалі разведчыкі —: сёння другі батальён трошкі пазней за трэці таксама пачынаў сваё настунленне. якое не прынесла яму поспеху ўчора. Безумоўна, учяўлш гэтую праклятую вышыню, Валошын вельмі памог бы другому, зрэшты, таксама, як і другі памог бы яму, калі б зачапіў саўгас. Але з іх аслабленымі сіламі захапіць што-небудзь было не так проста, думаў камбат, мабыць, крыві сёння пральецца нямала. Ці застанецца хоць што-небудзь ад яго батальёна?
А што, калі правесці манеўр, не прадугледжаны ні камандзірам палка, ні статутам, і яшчэ да пачатку артпадрыхтоўкі да світання паслаць на той бок роту — у час атакі яна б пасобіла астатнім, узяўшы агонь на сябе. Ды і сама памагла б агнём. На самай справе! Ноччу прабрацца пад вышыню, напэўна, удалося б, кустоўе ў балоце маскіравала ад ракет і хоць не хавала ад агню з вышыні, усё ж байцам было ў ім надзейней. Хаця для таго, каб паслаць роту зноў, трэба звяртацца да камандзіра палка, зрабіць гэта без яго ведама камбат не меў права. Хіба што ўзвод? Скажам, таго ж Нагорнага…
Валошын хутка крочыў уніз, да балота, пад аціхлую ўранні вышыню. Вецер не пераставаў, было здорава холадна, мароз браўся, напэўна, градусаў пад семнаццаць. Набліжаўся світанак, стала зусім цёмна, толькі зоркі ў разрывах аблокаў бліскалі неспакойна і востра. Але ён ведаў, што неўзабаве іх бляск пачне слабнуць, неба нальецца сінькай, з начной цемры пачне выступаць шэры, непрытульны абсяг, і для батальёна праб'е яго час — шэсць трыццаць.
Читать дальше