У траншэйку прыбег малодшы лейтэнант Ярашчук, убачыўшы тут камбата, бокам прашчаміўся да яго ў сваім драным, абшкрэбаным паўшубачку.
— Куды гэта вы прапалі, Ярашчук? — з папрокам сказаў камбат. — Надоечы ўсё поле аблазіў, так і Не знайшоў.
— А я тут. Вунь, праз чатырыста метраў якіх. Хацеў секануць давеча… А што? Яны вунь як лупяць, а нам усё маўчаць?
— Не варта, — сказаў камбат. — Паберажыце патроны. Спатрэбяцца.
— Патроны ёсць пакуль што.
— Лепш вось што, Ярашчук. Пад раніцу падцягніце кулямёты бліжэй. Пачнецца атака, будзеце падтрымліваць. Агнём цераз балота. Во тады і пакажаце ўмельства.
— Ёсць! Я зараз. Я ўжо тут і пазіцыю наглядзеў.
— Во давайце, — скончыў з ім размову камбат, і Ярашчук пабег у цемру да свайго ўзвода ДШК.
— Ах, гады, сапсавалі ўсю ноч, — зябка здрыгануўся на ветры Самохін. У траншэю каля бліндажа неяк крадком ад камбата саскочыла і знікла Вера. Параненага ўжо перавязалі, і старшына Грак з двума байцамі панеслі яго ў тыл.
— Добры баец быў,— са шкадаваннем сказаў Самохін і пагразіў кудысьці ў ноч: — Ну, а таму хрэну я пакажу! Будзе ведаць, як за чужыя спіны хавацца! Сачок чортаў!
Камбат ведаў, каго ён меў на ўвазе, але прамаўчаў. Нялёгка разабрацца ў такіх рэчах, яшчэ цяжэй прадугледзець усе іхнія вынікі. У душы ён таксама быў злосны на Кабакова, але ўсё ж паказваць яму нешта не меў жадання. Яшчэ невядома, што ў хуткім часе чакае самога Кабакова. Як бы ягоны лёс не аказаўся горшы.
— Ну што ж, — сказаў камбат. — Хутка ўжо ранак. Карміце байцоў і… Ваша, Самохін, паласа адгэтуль і прама па схіле. Восьмая трошкі прыме ўправа. Напраўляючым пусціце ўзвод Нагорнага, яму дарога знаёмая. Зрэшты, загад яшчэ аддам.
— Ясна, таварыш капітан. Як там артылерыі — не падкінулі?
— Не, не падкінулі, Самохін. Снарадаў трохі далі. Па дваццаць штук на гармату.
— Толькі па дваццаць? Малавата.
— Што зробіш? Уся надзея на ўзвод ДШК. Калі Ярашчук не падвядзе.
— Не павінен. Ён хвацкі младшой.
— Ён хвацкі, ага. Але…
Валошын не стаў тлумачыць свае, яшчэ яму самому не дужа зразумелыя сумненні — як ні старайся, перад боем усё не прадугледзіш, штосьці ўсё роўна вылезе, нечаканае і часцей за ўсё непрыемнае, такое, што прымушае заўжды быць гатовым да горшага.
Азіраючыся на вышыню, ён пайшоў у роту Кізевіча. Галоўны клопат ночы нарэшце зваліўся з ягоных плеч, без мін управіцца будзе лягчэй ва ўсіх адносінах. Але па-ранейшаму незразумела было з вышынёй «Малой» — хто там? Ці, можа, сапраўды нашы, і ён дарма сумняваецца, ганяе людзей і пора гарачку.
Як і належыць дысцыплінаванаму ардынарцу, Гутман увесь час ішоў ззаду, як раптам трохі падбег і параўняўся з камбатам.
— Цяпер Самохін пакажа кузькіну маць гэтаму Кабакову. Праз яго ж Дразда пакалечылі.
— Праз яго, ага, — пацвердзіў камбат.
— Я б яго, гэтую гніду!.. Ух, ненавіджу баяк!
— Да? Сам ніколі не баяўся?
— Я? Баяўся, чаму? Але каб за іншых хавацца!.. Не, гэтага за мной не было.
— Ведаеш, Гутман, уся справа ў тым, што людзі ў жыцці розныя, рознымі прыходзяць на фронт. А тут раптам да ўсіх аднолькавыя патрабаванні, і, вядома, не ўсе ім адпавядаюць. Трэба час, каб прыцерліся, а часу няма. Вось і атрымліваецца… Неадпаведнасць.
— Ага! Каму дык якраз. А друтім праз гэных… Не, так я не згодны.
— Ведама, гінуць праз іншых — непарадак. Але даводзіцца. На вайне ўсё даводзіцца.
— Не, я так не хачу. Мне так не цікава. Так нават страшна.
— А як жа ты хочаш?
— Я? Каб з музыкай. Каб помнілі, гады! У мяне надта да іх злосці многа. Адной радні было ў Кіеве чалавек трыццаць. Мне іх шмат трэба ўгробіць. Можа, адпусціце мяне ў роту, а, таварыш капітан?
Камбат прамаўчаў. Гэтая просьба прагучала для яго некалькі неспадзявана, і камбат хоць і адчуваў яе логіку, але не хацеў адразу рашаць. Ардынарац з Гутмана быў неблагі, старанны і недурны, і хоць цяпер ён бы прыгадзіўся на пасаду ўзводнага ў любой роце, але за якіх пару гадзін да атакі Валошын адпускаць яго не хацеў. У баі надзейны ардынарац значыў не менш, чым начальнік штаба.
— Пра гэта пасля, — сказаў ён, падумаўшы. — Вось возьмем вышыню, пасля.
Гутман ціхенька ўздыхнуў:
— Яшчэ як возьмем.
— Сумняваешся?
— Ды я нічога. Чаго мне сумнявацца?
Яны ўжо набліжаліся да фланга дзевятай, як ззаду пачуўся глухі стукат ног, і капітан спыніўся.
— Таварыш камбат!
— Я. Што такое?
У цемры да іх падбег разведчык Прыгуноў.
— Таварыш камбат! Камандзір палка да тэлефона заве. Робячы выгляд, што прыслухоўваецца да ўжо амаль
Читать дальше