— Тут во доппаёк вам, таварыш капітан. Старшына перадаў. Што тут? А, во сала…
Ён асцярожна выцягнуў з рэчмяшка нешта загорнутае ў падраную газету, паклаў на скрынку.
— Вось, вам і лейтэнанту.
Валошын зразумеў: гэта быў доппаёк за сакавік — месячная камандзірская дабаўка да салдацкай франтавой нормы, заўжды нечаканая і нават дзіўнаватая сваёй нязвыклай далікатнасцю ў выглядзе рыбных кансерваў, масла, пячэння. Зрэшты, масла і пячэнне цяпер былі заменены салам, што, аднак, таксама няблага.
Пазіраючы, як разведчык старанна выцярушвае з рэч-мяшка рэшту пакрышанага пячэння, Валошын паспытаў абламаны кавалачак і з нядбайнай шчодрасцю пасунуў на край увесь пакамечаны, сыраваты кулёк.
— Частуйцеся, Чарнаручанка!
— Ды ну…
— Ешце, ешце. Пакуль Гутмана няма.
— Гэта вам, — сарамліва адмовіўся Чарнаручанка. — Мы во, — пашано…
— Гутман прыйдзе, прыбярэ, — сказаў Прыгуноў, і ра-зам з Чарнаручанкам узяўся за свой кацялок з крупнікам. — I лейтэнанту тут. Усё разам.
«Не хочуць — хай прыбярэ Гутман», — падумаў камбат, ён жа есці гэта пячэнне проста саромеўся, гледзячы, як адсоўваліся ад яго байцы. Тым не менш, як і ўсе, ён таксама быў галодны і, адчуваючы, як катастрафічна хутка міналі хвіліны ціхага часу, думаў, што неўзабаве стане не да яды. Ён таропка высербаў свае паўкацялка ледзь цёплага пшоннага крупніку з хлебам і засунуў у палявую сумку складную алюмініевую лыжку.
У гэты час зазумерыў тэлефон.
— Пачынаецца!
Сапраўды, пачыналася. Званіў ПНШ-2. патрабаваў звесткі аб разведцы абедзвюх вышынь. і Валошын груба сказаў яму, што сам яшчэ не атрымаў гэтых звесгак. З ПНШ ён адвёў душу, выказаўшы яму ўсё, што думаў пра арганізацыю ягонай службы ў часці. Капітан пакрыўдзіўся, яны паспрачаліся, але толькі ён паклаў трубку, як зазваніў начальнік артылерыі. Гэтаму трэба было ўвязаць некаторыя моманты артпадрыхтоўкі мінроты Злобіна з дзеялнямі яго батальёна. Начальніка артылерыі Валошыв увогуле паважаў, гэта быў талковы кадравы капітан, з якім яны выдатна дамаўляліся на тактычных вучэннях пац Свярдлоўскам, але цяпер Валошын зрэзаў яго пытаннем:
— Колькі?
— Што — колькі?
— Колькі «дыняў» на мяне адпушчана? Бэка? Два?
— Ого, захацеў! — развесяліўся капітан. — Бэка! Па дваццаць «дынек» на ствол.
— Зразумеў. Што і ўвязваць! Якое тут можа быць узаемадзеянне?
— Тым больш трэба ўзаемадзейнічаць, — сказаў нач-арт. — Калі «дынек» навалам, тады сапраўды… Тады еш ад пуза і яшчэ застанецца. А тут кожная «дынька» на ўліку, разумееш?
— Вось што, капітан, — сказаў Валошын. — Я папрашу толькі аднаго: каб не ўсе адразу. Каб — на пасля. Спярша ўжо я сам як-небудзь. Зразумеў ты мяне?
— Я зразумеў,— уздыхнуў у трубку начарт. — Ды нада мной ці зразумеюць?
«Над табой наўрад ці зразумеюць», — падумаў Валошын,
пачуўшы, як у траншэі затупалі крокі і хтось, ціха размаўляючы там, затузаў палатку. Па бесклапотным смеху і ўрыўках размовы камбат зразумеў, што гэта ішлі работнікі штаба, пасланыя да яго для кантролю і дапамогі. I сапраўды, у цесную зямлянку неўзабаве. ўціснуліся тры мажныя камандзірскія постаці ў паўшубках, са счырванелымі ад марознага ветру тварамі, заклапочаныя і ў той жа час поўныя важнасці ўскладзеных на іх абавязкаў.
— Прывітанне, камбат, — фамільярна падаў яму руку першы, хто ўвайшоў,— капітан Хілько, начхімслужбы палка, чалавек падкрэслена просты ў сваіх адносінах з камандзірамі і падначаленымі.
— Мы думалі, камбат яшчэ спіць, — сказаў другі, тонкі, з чарнявым нервовым тварам, палкавы інжынер, прозвішча якога Валошын не памятаў, бо ў полк той прыбыў нядаўна. — Гэта нас паднялі ні свет ні зара.
— Да, вас дарма паднялі,— сказаў камбат, з міжвольным незадавальненнем ад гэтай навязанай яму фамільярнасці. Увогуле ён быў не супраць фамільярнасці, але цяпер адчуваў, што за ёй стаяла жаданне гэтых людзей глыбей улезці ў сутнасць яго і без таго маларадасных спраў, і ён не мог не супраціўляцца гэтаму.
— Як гэта дарма? — прастадушна здзівіўся трэці — таўставаты, з жывоцікам чалавек, якога Валошын бачыў упершыню і цяпер не без некаторай асцярогі прыглядаўся да яго маёрскіх пагонаў.— Як гэта дарма? Хіба атака адмяняецца?
— Атака не адмяняецца, — сказаў Валошын. — Атака ў шэсць трыццаць.
— Во-во! Палкоўнік менавіта так і арыенціраваў. Камандзір дывізіі,— удакладніў маёр, каго ён меў на ўвазе, і камбат падумаў, што, мяркуючы па ўсім, гэта — прадстаўнік штаба дывізіі.— Значыць, значыць… — гаварыў ён, азяблымі рукамі спрабуючы дастаць з кішэні гадзіннік. Валошын апярэдзіў яго, выняў свой і сказаў:
Читать дальше