Але зброі ў яго ўсё ня мелася, а баксы ў кішэні раставалі — праз дзень давялося разьмяняць і другую сотню. Як ён ні эканоміў, стараючыся есьці радзей, болей хлеб з салам, але цэны ў гастраноме кожны дзень скакалі ўгару. Людзі ажно стагналі ўранку, убачыўшы новую цану на хлеб, кефір, малако, якіх, мяркуючы па ўсім, пачалі прывозіць у магазін менш, чым раней; пад вечар ужо нельга было купіць нават хлеба. Затое надвячоркам праз расчыненыя вокны і форткі разносіўся па падворку знаёмы, з хрыпатой голас, поўны пахвальбы, абяцанак, пагрозаў да апазіцыі, праклятых бэнээфаўцаў, якія пляжылі ўсе ягоныя планы ашчасьлівіць народ. Народ жа ў яго заўжды быў слаўны, шаноўны і гераічны, які заўжды рабіў правільны выбар і не памыляўся, — не памыляўся і цяпер, адзінадушна абраўшы самага мудрага кіраўніка. Аднак тое пераставала ўжо дзейнічаць на большасьць слухачоў, і калі яшчэ нешта натхняла іх, дык хіба паведамленьні пра чарговыя выкрыцьці ў органах улады, зьняцьці і нават пасадкі высокіх чыноў. Але не надоўга, бо жыцьцё ад таго не рабілася лягчэй, і тады зноў патрабавалася выкрываць ворагаў, шпіёнаў, вядомых эмігрантаў і некаторых дыпламатаў — агентаў ЦРУ. Суседзі ля гаражоў ужо не абмяркоўвалі палітыку самога, а толькі лаяліся. І нават цьвёрдакаменны камуніст Сазон Іванавіч і той пачаў бэсьціць самога, хаця гэта, мусіць, таму, што кампартыя раскалолася на дзьве, кожная з якіх усчала барацьбу з суперніцай. Цягавіты Плешка проста прымоўк, толькі паныла курыў, і калі аднойчы Ступак паспрабаваў пагутарыць з ім, махнуў рукой — то ваш клопат. Мне ўжо таго — ня шмат засталося…
Увесь час думаючы пра зброю і прыглядаючыся да людзей, знаёмых і выпадковых сустрэчных, Ступак цэлымі днямі швэндаўся па горадзе і калі-нікалі забрыдаў у цэнтр да рэзідэнцыі самога. Доўга стаяць там ці шпацыраваць навідавоку ў цывільных таптуноў ды міліцыянтаў было немагчыма, і ён дзелавым крокам, з заклапочаным выглядам тэпаў па адной вуліцы, пасьля па другой, скоса пазіраючы за тым што рабілася каля палацу. Пад’ездаў там было некалькі і ўсюды тырчэла ахова — у міліцэйскай форме і ў камуфляжы; унутры таксама, мабыць, былі вартавыя, туды было не паткнуцца. Але ісьці непадалёк па вуліцы пакуль што не забаранялася, і Ступак усё меркаваў-думаў: як бы падлавіць пэўны момант…
Аднойчы ён, здаецца, натрапіў менавіта на такі момант. Хоць і быў з голымі рукамі, але што-нішто згледзеў, ідучы ад метро па вуліцы ўніз. Толькі мінуў сьветлафорны пераход, як пачуў рэзкі рух ззаду — то немаведама адкуль выскачылі адзін за адным аж тры аднолькава чорныя аўтамабілі замежных марак, порстка падкацілі да прыступкаў галоўнага пад’езду — адна бліжэй да дзьвярэй, іншыя — далей, мусіць, каб прыкрыць першую ад вуліцы. З першых высыпаліся чалавек дзесяць у камуфляжы, з аўтаматамі і адразу разьбегліся абапал прыступкаў. Адначасна з апошняй машыны таропка выскачыў рослы чалавек у шэрым гарнітуры і між ахоўнікамі порсткім крокам шыбануў да дзьвярэй. Тыя нібы самі сабой расчыніліся і тут жа ляснулі ззаду за ім. Усё тое заняло некалькі секунд, за якія пешаход Ступак зрабіў усяго дзесяць крокаў.
Ён згледзеў ня шмат, аднак, то было досыць карыснае назіраньне, мабыць, кожны кілер нямала зразумеў бы з яго. Найперш тое, што ўсё трэба рабіць дужа хутка і нахабна, ня здрэйфіць у самы апошні момант, нават калі самому будзе не ўратавацца. Як ён ня здрэйфіў пад Кандагарам, калі іншыя здрэйфілі пад душманскімі кулямі. Затое ён атрымаў ордэн. Шкада, не ўдалося тады збочыць з дарогі, каб зірнуць на вынікі свае працы — хутчэй пагналі наперад. Па трафеі, як заўжды, завіталі тылавікі, якія, казалі, нямала там пажывіліся.
Адышоўшы на пару кварталаў ад рэзідэнцыі, ён зайшоў у магазін гародніны. Той быў завалены экзатычнай гароднінай — ад бананаў да авакадаў. Ён жа хацеў купіць агуркоў, ды агуркоў тут не прадавалі, і ён павярнуў назад. Толькі вышчаміўся з цесных дзьвярэй магазіна, як сутыкнуўся з мажным маладым мужчынам у моднай цяпер уніформе колеру травянога сьмецьця, з камандзірскай папругай на круглявым жываце. Ступак зірнуў у ягоны твар і аж схамянуўся: то быў Шпак, колішні яго афганскі знаёмец, з якім ён не спатыкаўся, можа, год восем.
— Ступак, прывітаньне!
— Прывет…
Яны саступілі трошкі ўбок, каб не замінаць прахожым, і Шпак прытрымаў у сваёй ягоную руку, тым даючы зразумець, што рады гэтай сустўласным клопатам Ступак увогуле быў да яе абыякавы — што яму колішні ягоны службовец, ці мала іх прайшло ля яго і забылася, не сустрэтых болей у жыцьці. Але, відаць, Шпак быў іншае думкі і не сьпяшаўся разьвітвацца.
Читать дальше