Затое не праваронілі іншых, мабыць, працавалі, як мае быць, не дарма елі свой міліцэйскі хлеб. Неяк уранку, калі ён яшчэ ляжаў пад брызенцінай на раскладусе, у дзьверы ціхенька пастукалі — раз і другі. Ён падхапіўся, падумалася: ці не дачка, якая ні разу яшчэ не прыйшла да яго ў гараж. Але то была не дачка — на ўваходзе, як ён адчыніў дзьверы, стаяў Аляксей, які зважліва папытаўся:
— Ну, чулі навіну?
— Якую?
— Мінкевіч гараж прадае. Разам з машынай.
— Чаго ж гэтак?
Аляксей азірнуўся, але не пераступіў парог гаражу.
— Аштрафавалі. За дэманстрацыю. На шэсьцьдзесят мільёнаў.
— За тую?
— Ну. Быў арганізатарам ад БНФ. Дык затрымалі, суд і во — штраф.
— Нічога сабе! Шэсьцьдзесят мільёнаў…
Ступак, канешне, падзівіўся і ціха пры сабе парадаваўся, што тады пашчасьціла неўпрыкмет вывернуцца ад амапаўцаў, высьлізнуць з іхніх рук. Усё ж нездарма афганец, мае сякі-такі вопыт, ня тое, што гэтыя шпацыроўшчыкі па асфальце. Добра, што ён ня быў зьвязаны з БНФ, тое давала яму засьцярогу. А гэты Аляксей, мабыць, штось меў, інакш бы так не ўстрывожыўся навіной пра Мінкевіча. Што яму гэты Мінкевіч — брат ці сват? І ўсё ж Аляксей сімпатычны хлопец, не балабон, можа б варта параіцца з ім пра галоўны Ступакоў клопат? Але не, разважыў Ступак. Толькі тое ў сакрэце, што ведае адзін чалавек. Калі два, лічы, ніякага сакрэту няма. Гэта ўжо ведаў ён добра.
А можа, варта было скантактаваць з Мінкевічам? Усё ж калі бэнээфавец, дык, мабыць, не сексот, не пабяжыць вечарам на даклад да «кума». А можа, і пабяжыць? Што, у бэнээфе няма сексотаў? Паленаваліся, не навербавалі? Не, гэтыя не лянуюцца…
Той дзень з раніцы ішоў дождж, было халаднавата, і Ступак, прычыніўшы жалезныя дзьверы, бавіў час у ляноце. Самы раз было б выпіць, хоць для сугрэву, але не было гарэлкі, а ісьці пад дажджом у гастраном ён без парасону не наважваўся. I злосна думаў пра жонку-паскуду, якая, выганяючы з дому, ня кінула яму якой апранахі. Усё ж ён пакінуў ёй кватэру, здабытую па льготах як воін-інтэрнацыяналіст, а яна чым аддзячыла? Хоць бы прыслала калі дачку ў адведзіны, дык не — трымала ў кіпцюрах пакорлівае дзяўчо, запалохала зьверам-бацькам, які во каторы месяц жыве сапраўды нібы зьвер у гэтай жалезнай бярлозе. Ды і добра, калі б ён быў зьвер. Ён хацеў быць зьверам, калі б атрымалася. Зьверу цяпер, мабыць, лепш, чым чалавеку. Такі настаў час.
Ён адразу пачуў, як побач забразгалі замкі ў гаражы Мінкевіча. Ступак падхапіўся з раскладухі і паволі выйшаў з дзьвярэй.
— Кажуць, і вы прадаеце? — запытаў, павітаўшыся. Апрануты ў спрытную джынсовую куртку Мінкевіч з-за тонкіх акуляраў зірнуў на суседа.
— Прыходзіцца.
— Чаго ж гэта?
— Каб заплаціць штраф.
— I вялікі штраф?
— Па максімуму. Дзьвесьце мінімальных зарплат.
— Ё-маё! I будзеце плаціць?
— А што ж рабіць? Апішуць маёмасьць…
Мінкевіч казаў тое амаль спакойна і разважліва, як пра што звычайнае і паўсядзённае, бы і не перажываючы. Можа, перажыўшы ўжо. Расчыніў насьцеж абедзьве палавіны дзьвярэй, зашчапіў на кручкі ў доле.
— І думаеце адкупіцца штрафам?
Мінкевіч выпрастаўся, павярнуўся да яго і ўздыхнуў.
— Штрафам, канешне, не адкупішся. Ад гэтага рэжыму наогул нічым адкупіцца немагчыма. Трэба ўзьнімаць народ, падвышаць ягоную самасьвядомасьць.
— Самасьвядомасьць! Вы — самасьвядомасьць, а ён — сто тысяч АМАПу. Чыя возьме? — запытаўся Ступак і змоўчаў, чакаючы, што скажа на тое адукаваны дацэнт.
— Што рабіць! — азваўся той пасьля паўзы. — Наогул дэмакратыя ў барацьбе з таталітарызмам ня мае адэкватных сродкаў.
— Гаўно тады вы, а не дэмакраты, — ціха, бяз злосьці сказаў Ступак і пайшоў да свайго гаражу.
Як узьнімаць народ, ён ужо бачыў, сам ледзьве не апынуўся ў ролі ўзьнятага, сьпярша было нават прыемна, неяк нават сьвяточна. Але як іх лупанулі гумовымі «дэмакратызатарамі», дык гэты народ, бы чарада вераб’ёў, пырхнуў з вуліцы. Аж пыл закурэў. На тым баку — сіла, войска, міліцыя, КДБ, сотні тысячаў сексотаў, жалезныя кіпцюры «вертыкалі» Апроч таго, суд, пракуратура і нават адвакатура, новы дэкрэт пра якую толькі што надрукавалі, — усё ў ягоных руках.
Тая кароткая гаворка з Мінкевічам яшчэ болей умацавала Ступака ў ягоным намеры — толькі такім чынам, які ён задумаў, і можна нешта зьмяніць у іхнім бядотным становішчы. На сілу патрэбна — сілай. На гвалт — яшчэ большым гвалтам. Інакш кранты ўсім — і бэнээфаўцам, і афганцам, і камуністам. Каб дамагчыся царскай улады, гэты ня спыніцца ні перад чым. Пасьля царскай захоча імператарскай і так далей аж да сусьветнага панаваньня. Нахабства ў яго хопіць. Асабліва яшчэ, калі яго падтрымаюць. А гэткіх заўсёды падтрымліваюць, бо яны — сіла. Не, трэба ад яго ратавацца. I ён, афганец Ступак, — паратоўца, якім ён сам прызначыў сябе. Ну і што, што сам? Паратоўца-кілер, такога, можа, і не было. Ён будзе першы.
Читать дальше