Аднойчы ў дзень перамогі запыталіся, чаму ён ня носіць ардэноў, на што стары адказаў: «На падушках панясуць перад труной». Сталася ж трохі інакш. Пакуль дзед хварэў, тыя яго ўзнагароды пасьпеў прадаць скупшчыку старэйшы унук-наркаман. Так і пахавалі партызана без аніводнай узнагароды.
Ступак ведаў, што ў такіх далікатных выпадках лепей маўчаць, хоць бы дзеля перастрахоўкі. У шматмільённых шэрагах сексотаў нямала і гаваркіх, і маўклівых, нахабных і сьціплых, дурнаватых і надта ж разумных, — самы шырокі выбар. Навербавалі за семдзесят гадоў. У іхнім палку перад адпраўкай у Афган ці ня ўсіх па чарзе перацягалі ў хітры дамок, што мясьціўся паміж казармай і прыбіральняй — крышку, праўда, у баку, дзеля камфорту, каб ня дужа сьмярдзела. Хаця там стаяў смурод іншага кшталту. На каго было спадзявацца?
Удзень у гаражы было дужа сьпякотна, затое ўначы і ўранку самы раз. Лежачы ў зацішны час на скрыпучай раскладусе, Ступак часам шкадаваў, што зрабіў гэтую авантуру — прадаў гараж, які стаў ягоным адзіным прытулкам. Але штось перайначыць, мабыць, было ўжо позна. Першую сотню баксаў ён хутка патраціў, збольшага на ежу, і ўвесь час на адзіноце думаў пра сваю патрэбу: дзе раздабыць зброю?
На гарадской ускраіне за чыгункай некалі быў немалы гарнізон — вайсковая вучэльня, казармы і палігон; там некалі навабранец Ступак пачынаў вайсковую службу. Паблізу каля прахадной і на шашы заўжды таўкліся вайскоўцы, афіцэры ды прапаршчыкі, сярод якіх калісьці было нямала знаёмых. Асабліва сярод прапаршчыкаў. Але гэта калісь. Цяпер жа, пасьля скарачэньня арміі, развалу СССР ды ці мала чаго яшчэ наўрад ці хто знаёмы застаўся. I ўсё ж, не надумаўшы нічога больш здатнага, Ступак вырашыў наведацца на тую гарадскую ўскраіну. Ня дужа пагодным ранкам, пасьля начнога дожджыку, калі яшчэ не абсох асфальт, ён сеў у тралейбус, даехаў да кальцавой дарогі. Пасьля перасеў у аўтобус, які і давёз яго да знаёмага прыпынку. Дзіўна, але і праз дзесяць гадоў тут мала што зьмянілася — гэтак жа на кіламетр цягнулася ўздоўж шашы бетонная сьцяна, з-за якой нясьмела пазіралі на сьвет верхнія паверхі казармаў, чырванелі пяціканцовыя зоркі на шырокіх варотах прахадной, ля якой стаяў вартавы з аўтаматам Калашнікава на грудзях. (Вось бы яму такі аўтамат, хаця б з адным магазінам). Часам да прахадной і адтуль таропка сноўдалі афіцэры, салдатаў не было відаць. Як не было відаць ніводнага прапаршчыка — вывеліся яны ў беларускім войску ці што? Пытацца пра што-небудзь у афіцэраў ён не наважыўся, а ў прапара, мабыць, ужо папытаўся б. З гэтымі, мабыць, можна было б паладзіць. А так з гадзіну патупаў уздоўж агароджы, каб згледзець якую дзірку ці якога самавольшчыка каля яе, ды марна. Затым пастаяў на прыпынку, пакуль не падышоў аўтобус, абышоў рад шапікаў з рознай драбязой. Нідзе нічога патрэбнага яму ня трапілася, і ён вярнуўся ў горад.
Зброі ў яго не было і пакуль невядома было, дзе яе ўзяць, а ў галаве ўжо мроіўся той самы рашучы і важны момант, да якога ён рыхтаваўся. Ведаў, аднак, тое будзе ня проста, нават складана і дужа небясьпечна. Але калі зрабіць усё, добра абдумаўшы, рашуча і хутка, дык вельмі нават магчыма. Галоўнае — падлавіць момант, — на дарозе, на вуліцы ці лепш, калі выйдзе з машыны. Выходзіць жа ён каля свайго палацу ці дзе на прадпрыемствах, на будоўлі, куды ён сноўдае час ад часу. Або яшчэ — на спартовых комплексах, дзе ён звыклы і часты госьць і ўдзельнік, бо дужа паважае спорт і клапоціцца пра сваё здароўе. Каб там падлавіць…
Рука стала балець меней, праўда, яшчэ аддавала ў плячы асабліва пры рэзкім руху локцем угору. Кепска, што ішоў час, і з ім раставалі яго грошы, набытку ж ад іх не было ніякага, усё ішло на харч. Ноччу яму часьцяком сьнілася нешта з яго дзённых мрояў, толькі той яго супраціўнік з выгляду быў нібы мядзьведзь — таўсты і касматы. Ступак цаляў у яго з пісталету, але пальцы нібы зьмярцьвелі, ён ня мог ціскануць на спуск, а страшыдла набліжалася. Тады ён кідаўся ўцякаць, ды ногі рабіліся, нібы з ваты, ён ня мог бегчы, а страшыдла было ўжо побач. На мяжы магчымай пагібелі нешта ўсё ж перайначвалася, пачынаўся іншы сюжэт, таксама мала прыемны, але без ранейшага жаху. Ноччу ён часта прачынаўся ў сваёй металічнай схованцы, асабліва як у двор уязджала машына і фарамі высьвечвала гаражныя шчыліны каля дзьвярэй, тады ўспыхвала трывожная думка: ці не па яго? Ці не разьнюхалі што? Можа, з таго памятнага шэсьця, калі яго пабілі, штосьці дазналіся і прыехалі браць. Тады нахлынала шкадаваньне і прыкрасьць на сябе — што не пасьпеў, прамарудзіў, прашляпіў. Аднак ішоў час, а да яго ніхто не завітаў, і тое абнадзейвала. Мабыць, усё ж яго праваронілі.
Читать дальше