Ступак бяз жаднае ахвоты да тае сустрэчы назваў адрас, сказаў што будзе чакаць у двары.
I праўда, хвілінаў праз дваццаць з вуліцы на падворак жвава, нават ліха ўляцела вішнёвага колеру «Пежо-605». З пярэдняга сядзеньня шафёра праз апушчанае шкло выглядвала ўсьмешыстая фізіяномія Шпака.
— Прывет! Ідзі, сядзем.
Ступак абышоў машыну і, лёгка расчыніўшы дзьверцу, апусьціўся на мяккае пярэдняе сядзеньне побач з шафёрам. На заднім хтось моўчкі сядзеў, не прамовіўшы да яго ніводнага слова. Мабыць, слухаў. Шпак быў усё ў тым жа камуфляжы, толькі з пагонамі — кароткімі міліцэйскімі пагончыкамі на апушчаных плячах, дзе слаба азначаліся па чатыры зоркі — тры разам і адна вышэй, як бы асобна. Тое падзівіла Ступака — калі пасьпеў? Дэмабілізаваліся разам прапаршчыкамі, а гэты, глядзі, ужо капітан. Капітан міліцыі. Чаму ж тады ён вышэй за КДБ?
Мусіць заўважыўшы недаўменьне на твары Ступака, Шпак тым частаў нічога тлумачыць, толькі павярнуўся ад руля і дабразычліва заўсьміхаўся.
— Ну, як жывеш, сябрук? Кажуць, бяз працы, ага?
— Хто кажа?
— Людзі кажуць.
Значыць, ужо ведае, падумаў Ступак, які таксама пачаў пра што-кольвечы здагадвацца. Найперш — з кім мае справу.
Пачалася доўгая напорыстая размова — і што, і дзе, і чым займаўся дагэтуль, пра заробкі і грошы, і як справы ў сям’і. Шпак пытаўся пра ўсё, а той, з задняга сядзеньня, усё маўчаў ды пільна, неяк нават адчужана слухаў. Ступак адказваў скупа, зусім не хацелася яму ва ўсім раскрывацца перад колішнім сябрам ды гэтым незнаёмым, і ён усё думаў: куды Шпак гне? Ужо ці не пранюхалі яны пра ягоны намер? Мабыць жа, не адна толькі цікаўнасьць была ў галаве сябра, нешта ж ён меў болей важнае.
Так яно і сталася. Скурыўшы па тры ці чатыры «Мальбара», якімі гасьцінна частаваў, Шпак нарэшце прыступіў да галоўнага.
— Слухай, ёсьць прапанова паслужыць. Ты таго варты. А што — афганец, ветэран і так далей. Узнагароджаны баявым ордэнам за выкананьне інтэрнацыянальнага доўгу…
Далей Ступак слухаў кепска, з першых жа словаў ён быў агаломшаны — паслужыць? Каму? Але каму — можна было здагадацца. I тут у ягоную галаву шыбанула рызыковая думка: а што? Можа, і добра. Можа, гэта менавіта тое, што яму трэба.
— Дык гэта… Ладна.
— Во і добра! Лічы, папярэдне дамовіліся. А цяпер чакай, мы паклічам.
Давайце, клічце, зласьліва думаў Ступак, ідучы да свайго гаражу. Мабыць жа, дасьцё зброю, што мне і трэба. Залічайце ў АМАП.
Шэраг наступных дзён мінуў у напружаным, доўгім чаканьні. Звычайна Ступак сядзеў ці ляжаў у гаражы за прычыненымі дзьвярыма, праз шчыліну ўвесь час пазіраючы на падворак — ці не паявіцца там зноў Шпак. Мусіць жа, павінны быў паявіцца, паклікаць ці што сказаць. Пра які адмысловы спосаб зносінаў яны не дамаўляліся, і Ступак думаў, што будзе скарыстаны ранейшы. Аднак ішоў час, беглі дні і ночы, а Шпак не паяўляўся, і ніхто ад яго не паяўляўся таксама. Можа, яны там перадумалі, пачаў сумнявацца Ступак.
Ён ужо не хацеў, каб перадумвалі, ён пагадзіўся, наважыўся, бо зразумеў, што тое — найлепшы для яго варыянт. Можна сказаць, яму здорава пашэнціла, абы толькі ўдалося. Каб толькі не разьнюхалі пра ягоны ўдзел у шэсьці, у той летняй дэмакратычнай акцыі, ці як яна там у іх называецца. Але пакуль што пра тое не было ніякага знаку, і ён думаў: можа, і абыдзецца. Горш, што зусім канчаліся грошы, якія Ступак неяк міжволі перастаў эканоміць і пачаў выдаткоўваць тым болей, чым менш іх заставалася. Ён купіў ладную качалку каўбасы, памідораў, нават пластыкавую пляшку алею і еў спадцішка з табурэткі ў гаражы. Думаў, купляць аўтамат, можа, не спатрэбіцца — дадуць казённы, і то будзе для яго эканомія, можна на харчы не скупіцца. Пад’есьці сёньня і заўтра. А далей будзе відаць.
Неяк у дажджлівы выхадны дзень ягоныя гаражнікі не паехалі на дачы, сышліся да сваіх «коней», як казаў Плешка. Сазон Іванавіч меў маленькі аўтамабільны тэлевізар, які падключыў да акумулятара, і той зранку трашчэў і рыпеў розныя рокі і рэпы. Сазон лаяў іх, але слухаў, можа таму, што іншага не перадавалі. Але вось загучаў дужа знаёмы голас, і Ступак выйшаў са свайго гаражу.
На багажніку Сазонавай «Волгі» мільгаў бляклы экранчык, на якім тапырыліся знаёмыя вусы самога, які то працінаў ястрабіным позіркам, калі казаў пра «вшывых блох» прадпрымальнікаў, то адорваў усіх усьмешыстай лагодай, як упамінаў самаадданых «тружаніц-жэншчын» або патрыятычную моладзь, што нібыта ішла гужом у свой нядаўна створаны лукамол. Пасьля ягоны голас і зусім перайшоў на выбачальны тон. Ступак прыслухаўся: то ўжо было цікава. Аказваецца, два журналісты з Расеі перайшлі мяжу — туды і назад, і цяпер сядзяць у турме. Сам разводзіў рукамі: ён бы і хацеў іх выпусьціць, ды ня мае права, усё павінны вырашыць суд; ён жа ня можа ўмешвацца ў справы правасуддзя. Такі бяспраўны начальнік…
Читать дальше