Бедная Франя! Ратавалася ад вайны ў Эўропе, ды менавіта ў Эўропе вайна дагнала яе. Але чаму менавіта яе? Я ж во меў болей падставаў на сьмерць, а жыву.
У кірху прайшлі яшчэ дзьве кабеты ў чорных капелюшах, зьдзіўлена паўзіраліся ў мяне, — мабыць, зусім недарэчную тут істоту. Я й сам увесь час адчуваў сваю тут недарэчнасьць, але я чакаў. На вялікую прыязнасьць, вядома, разьлічваць не даводзілася. Хоць яны й ня ведалі пэўна, хто ўчыніў разбой у кватэры Шарфа, але, мабыць, здагадваліся. А можа, і падазравалі. Таму я чакаў тут, ля кірхі. Калі ўжо чаканьне маё гатова было скончыцца, аднекуль з завулку да брамы пад’ехала фура. Два біцюгі, ледзьве варушачы тоўстымі, як бёрны, нагамі, пакорліва спыніліся насупраць. З пляскатай фуры саскочыў чалавек з паголеным тварам і бэрэтам на галаве. Убачыўшы мяне штось замычэў, замахаў рукамі, і я здагадаўся, што гэта — нямы.
З кірхі выйшаў той самы сьвятар, які са мной ужо гутарыў.
— Он прывазіт вэрсторбэнэ [1] Нябожчыкі.
кірхэ бегрэбен [2] Хаваць.
, — сказаў сьвятар.
Здаецца, я яго зразумеў і выйшаў з-пад аркі. Нямко тым часам заляскаў раменнымі лейцамі, і мы рушылі па-над агароджай. Я ішоў наперадзе, фура ўвесь час адставала. Мусіць, я залішне сьпяшаўся, а магутныя біцюгі не маглі хутчэй.
Усё ж мы дабрылі-даехалі да злашчаснага катэджа над рэчкай. Тут усё было, як раней, калі я яго пакінуў. Мы зь нямко спыніліся перад дзяўчынай, і я прыўзьняў абрус. Згледзеўшы нежывую Франю, нямко загергетаў штось невыразнае, роспачнае, запляскаў аб сябе рукамі, выказваючы тым сваё гняўлівае пачуцьцё. Я свае пачуцьці, як мог, таптаў на сподзе душы, паказваць ці перажываць іх я ня меў ўжо сілы. Удвух мы асьцярожна паклалі дзяўчыну на абрус і, трохі загарнуўшы, панесьлі на фуру. Тут ўжо я ня мог стрымаць слёз, і не пасаромеўся нямога. У каторы раз я праклінаў усё на сьвеце. I сябе ў тым ліку. Навошта было яе кідаць тут, трэба было ўчора забраць. Дык пабаяўся, пасаромеўся. Сваіх хлопцаў, камбата, «сьмершаўца». Цяпер вось не саромеюся, і не баюся. Нікога. Але што карысьці… За Франяй гэткім жа шляхам на тым самым абрусе перанесьлі ў фуру доўгае цела доктара Шарфа і ягонае фраў. На шырокай фуры хапіла месца для ўсіх. Нямко накрыў абрусам нябожчыкаў, і мы рушылі тым жа шляхам да кірхі. Нямко зь лейцамі ішоў па адзін бок фуры, а я — па другі. Дзе-нідзе з падворкаў і вокнаў на нашую сумную працэсію пазіралі людзі, рэдкія жыхары гэтага гарадка. Я ж не пазіраў нікуды. Брыў, бы сьляпы, не адчуваючы ні вуліцы, ні людзей, ні перамогі. Здаецца, я выпаў з часу і перастаў адчуваць сябе. Мяне ашукалі. Людзі ці лёс. Ці вайна. А можа, перамога, якую цяпер безь мяне сьвяткавалі на той лугавіне. Мне ж выпала іншае сьвята. Чорнае сьвята бяды.
Як мы прыехалі да кірхі, зь цьвінтара выносілі труны тых, каго адпявалі раней. Мы трохі счакалі, і тады да нашае фуры падступілі людзі. Безь вялікага смутку яны агледзелі забітых, штось коратка перагаворваліся, уздыхалі і жагналіся. Я стаяў збоку і чакаў, што яны падступяцца да мяне — можа, з крыўдай, папрокам ці лаянкай. Але ніхто на мяне не зважаў. Быццам і не прыкмячаў нават. I я думаў: няўжо яны столькі пахавалі, што ім ужо нічога не цікава? Хто і чаму забілі? Хаця што б я сказаў ім? Што я сам ведаў? Па адной труне яны пераносілі нябожчыкаў за кірху. Я туды не пайшоў, толькі адыйшоўся пад засень дрэваў і назіраў здаля.
За кірхай прыткнуўся да каменнай агароджы невялічкі могільнік — дужа акуратныя, пасыпаныя жарствой дарожкі, заімшэлыя магільныя камяні з аблезлымі надпісамі, прысадзістыя лютаранскія крыжы з чорнага і шэрага мармуру. У дальнім канцы могілкаў, дзе ўжо не было дрэваў, цяпер хавалі. Раскапаная зямля, чалавек пяць жанчын у чорным убраньні. Ці ня там пахаваюць і маіх нябогаў? I Франю. Я хацеў пайсьці паглядзець тую мясьціну, ды не адважыўся. Я мусіў быць паблізу ад уваходу ў кірху.
Я ня ведаў, што рабілася ў сярэдзіне кірхі, куды мяне не паклікалі і я ня йшоў. Я ўсё ня мог саўладаць сам з сабою. Часам гатовы быў зарыдаць, ды не рыдалася. Здушыла штосьці ў горле і не адпускала. I я хадзіў так па дарожцы ля кірхі — узад і ўперад. Людзі, што заходзілі з вуліцы ці выходзілі з кірхі, не пераставалі са зьдзіўленьнем пазіраць на мяне. Але ніхто не запытаўся нічога, быццам для іх усё было надта звычайнае. I тое, што тут хаваюць, і што тырчыць ля кірхі савецкі афіцэр. А можа у той іх няўвазе было пэўнае стаўленьне? Я б не хацеў тое прызнаць, хоць і цалкам адмовіць таксама не было падставы.
Зрэшты, людзкія адносіны да мяне цяпер ня дужа мяне цікавілі. Адзіная мая цікавасьць была цяпер у царкве. Дзеля яе я тут і хадзіў — сюды і туды, туды і сюды. Я прыпамінаў начны аповед Франі, нашыя зь ёй размовы. А таксама словы, сказаныя небаракам доктарам Шарфам. Тады я не пярэчыў ні наконт міру, ні наконт вайны. Усё ж вайна для нас вялікая школа, я шмат што спасьціг на вайне. Нават і ў яе апошнія дні. Найперш тое, што нічога ня трэба баяцца. На вайне табе нічога ня зробяць, апроч як заб’юць ці параняць. Тое і другое надта ўжо проста, амаль прымітыўна. Здаецца, аднак, толькі пасьля вайны з твайго жыцьця могуць зрабіць пекла. Калі не захочацца і жыць.
Читать дальше