— Пастой! А той хто?
— Немец. Не бойся, не ўкусіць: палонны! — раздражнёна ледзьве не крычу я. Нага нясцерпна баліць, мокрыя пальцы хутка нямеюць ад марозу, я ўжо гатовы ўзненавідзець «памочніцу смерці» за яе недавер і марудлівасць.
— Давай на воз! — кажа яна. Потым упэўнена бярэ мяне пад руку і звыкла прыкрыквае на немца: — Ану, падмагні! Чаго глядзіш, як Гітлер?
Немец нечакана разумее і з няспрытнаю далікатнасцю падхоплівае мяне пад локаць.
— Ладна, ідзіце вы! Я сам…
На адной назе я даскокваю да воза. Там, аказваецца, ляжаць на саломе яшчэ двое параненых. Адзін ціха стогне, адкінуўшы галаву. Другі прыўзняўся і пакутлівымі вачыма на схуднелым твары глядзіць на мяне.
— Вось тут, у куточак…
Дзяўчына з ездавым уладкоўваюць мяне ў самым задку фурманкі. Затым яна спрытна і туга перавязвае бінтамі маю прастрэленую ступню. Але тут выяўляецца новая бяда — бот на перавязаную нагу ўжо не лезе, ды і боль такі, што няма сілы стрываць гэтае пакутнае абуванне. Марна папакутаваўшы з хвіліну, я кідаю бот у салому. На снезе ля дарогі застаецца скрываўленая ануча.
— Павязло, — кажа дзяўчына. — Яшчэ б міліметр і — косць напалам.
«Косць, косць! — мяне раздражняе гэтае яе непатрэбнае цяпер спачуванне і марудлівасць. — Сам ведаю — напалам… Косць — не жалеза…»
— Давай жа хутчэй! — ледзьве не енчу я. — I немца пасадзі!
— Няма куды! Хай бяжыць. Пратрасецца.
— Пратросся ўжо. Апошні. Другога ўхлопалі. I Кротава! — Раптам успамінаю я, і міжвольна роспач нахлынае ў сэрца. — Эх, Кротаў, Кротаў…
У каторы ўжо раз я не магу пагадзіцца, што так нечакана і недарэчна гіне чалавек. Проста гэтага немагчыма да канца зразумець. Толькі ж што быў з табой побач, сварыўся, еў, ішоў. I вось яго ўжо няма… I ніколі ўжо не будзе. Дзяўчына, месцячыся на сваім месцы побач з ездавым, здзіўлена азіраецца.
— Кротаў? А што — Кротаў?
— Забілі. Што?..
— Кротава? Камандзіра роты?
— Ну.
— А ты не брэшаш, младшой?
Яна ўпершыню насцярожваецца, здаецца, пранікшыся маёй бядой і маёй трывогай.
— Толькі мне і не хапала брахаць з вамі. Гані ў полк! Танкі вунь за кіламетр! — крычу я. — Ты разумееш ці не?
— А ты не крычы! Камандзір мне знайшоўся! — злуецца дзяўчына.
Я ўмольна гляджу на яе і думаю: «Ну, не буду, не буду крычаць. Толькі давай жа хутчэй! Родненькая, міленькая, ці як там цябе назваць». Дзяўчына моўчкі, з асцярогай пазірае ў начны стэп, нібы ўслухоўваючыся, пасля штурхае боязна прыціхлага ездавога:
— Ану, паганяй!
I ездавы добра гоніць пару рухавых конікаў, ад якіх курыць парам, і ўсё азіраецца па баках. Фурманка то дрыжыць, рыпіць і падскоквае на гузаках няўезджанай дарогі, то сціхае, шархотка загрузаючы коламі ў сыпкім снезе. Сядзець мне страшэнна нязручна, дранцвее нага. У ране пячэ і торгае. Але і пасунуцца нельга ні на сантыметр: я і так сяджу ледзьве не на самых нагах параненага, які енчыць, лаецца і з азвярэлаю ласкай просіць дзяўчыну:
— Кацярынка! Каця! Цішай! Шкурадзёр ты, а не сястра… Цішай! Ух!.. Ох, Кацюшанька!..
Каця схіляецца з перадка, адною рукой прытрымлівае яго галаву і просіць з той нязвыклай на фронце пяшчотай, якая заўжды прымушае азірнуцца:
— Міленькі, харошы мой! Ну, пацярпі! Зараз ужо. Зараз…
I тут жа, павярнуўшы твар да немца, які зморана хакае за фурманкай, крычыць:
— Хутчэй, немчура праклятая! Хутчэй!
Я маўчу, нічым не выказваючы сваіх адносін да гэтых яе выкрыкаў. I, мусіць, таму яна вытлумачвае:
— Была б мая ўласць, я б яго — бягом прагнала да Берліна і назад. На Калыму б яго, сабаку! За нашыя мукі! Хай бы памёрз, папакутаваў, колькі рускі народ пакутуе.
Потым з цвёрдасцю чалавека, які прывык, каб яго слухаліся, ціха кідае ездавому:
— Паганяй!
I тут жа нахіляецца да параненага.
— Пацярпі ўжо. Пацярпі, міленькі!
Я і сам ледзьве трываю, нага, мала што баліць, яшчэ і дужа мерзне пад палой шыняля. Толькі як-небудзь трэба датрываць да сяла. Там штабы, камандзіры, яны што-небудзь прыдумаюць.
Сяло паказваецца нечакана. На месячнай белізне пад гарою — доўгі раскіданы рад белых мазанак. Ля іх загарадкі з плятнёў, шэрае голле вішанніку на ўзмежках, сям-там мірны пробліск акенцаў, гуркатанне машын і галасы. У вёсцы свае. Праўда, мяне крыху здзіўляе такая мірная ідылія пад носам у немцаў. Але ж гэта тылы. Палкі, відаць, наступаюць няблага, наперадзе танкі, артылерыя: чаго тут баяцца?
Дарога коціцца ўніз, тарахціць, грукоча фурманка, у бога хрыста і маць лаецца небарака паранены. Нават другі, спакайнейшы, і той прыўзнімаецца на локці з-пад шыняля, і на яго белым, ненатуральна зашчаціненым твары адбіваецца грымаса пакут. Каця на перадку заікастым ад дрыготкі голасам супакойвае:
Читать дальше