Але не паспелі яны па-пластунску адолець і двух дзесяткаў крокаў, як ззаду з кустоўя зноў даляцеў крык, у якім пачулася нешта знаёмае, і капітан азірнуўся.
Дзянішчык яшчэ не мог адпаўзці так далёка, туды, дзе з дробнага хмызнячку паўзком і прыгнуўшыся з’яўляліся ўцекачы сёмай роты. Хтось іх выганяў там на поле, яны азіраліся і, апынуўшыся на адкрытым, адразу ж падалі, пачынаючы неахвотна паўзці наперад. Неўзабаве, аднак, капітан убачыў і таго, чый голас ужо некалькі разоў занепакоіў яго — гэта была малодшы сяржант Вераценнікава.
Валошын ціха, сам сабе вылаяўся — яшчэ тут яе не хапала. А ён думаў, што яна на світанні пайшла ў тыл. Выходзіць, на штосьці спадзеючыся, Самохін, пакуль быў жывы, хаваў яе ў роце. I дахаваўся. Зрэшты, з лейтэнантам ужо нічога не зробіш, але што зрабіць з ёй?
Тым часам Вераценнікава таксама заўважыла тут Валошына і, штось злосна пракрычаўшы на байцоў, амаль не ўгінаючыся, краем кустоўя зморана скіравала да капітана.
Рота, аднак, быццам бы затрымалася, уцекачы па адным вярталіся з балота і ўкладваліся на схіле ў няроўны крывулясты ланцуг. Трэба было падумаць, як наступаць далей — сёмая не мела права адставаць ад суседзяў справа. Азіраючы шырокі выпуклы схіл, над якім мільгалі зеленаватыя ў святле дня трасы, Валошын заўважыў у недалёкай варонцы скасабочаны край шчыта кулямёта і падумаў, што, пэўна, гэта і ёсць кулямёт Дзянішчыка. А можа, і не яго, а іншы, але пападанне было куды як трапнае, наўрад ці каму ўдалося там ацалець. Варонка ж была адзіным тут укрыццём, трэба было паспрабаваць дапаўзці да яе. Але спярша ён пачакаў Веру, якая, як толькі падбегла, бяссільна ўпала на дол:
— Таварыш капітан! Таварыш капітан!!!
Хвіліну яна рыдала, уткнуўшыся тварам у падкасаны рукаў шыняля, плечы яе скаланаліся, шапка спаўзла на патыліцу. Валошын нядобра маўчаў, цалкам падзяляючы яе няшчасце, але чым ён мог памагчы? Суцяшаць у такім становішчы было б з ягонага боку ханжаствам. Да таго ж ён не мог адолець у сабе злоснага пачуцця таго, што гэтае наравістае дзяўчо так і не выканала яго загад, самавольна застаўшыся ў батальёне і тым ускладніўшы сваё і без таго не простае тут становішча.
— Так, хопіць! — строга сказаў капітан. — Хопіць! Слязьмі не паможаш. Дзе ён?
— Я ж казала… Я ж так і ведала, — падняла непрыгожы, змакрэлы ад слёз твар Вера. — Ён жа ўсё рваўся, усё наперад і наперад. Я стрымлівала, не пушчала… А тут… вырваўся!
— Дзе ён ляжыць?
— Там, пад самай гэтай спіраллю. Ён жа наперад за ўсіх выскачыў, ну і…
— Так, панятна! Давайце на левы фланг. Давайце ўсіх слабакоў упярод! Я паслаў Дзянішчыка, вы яму ў дапамогу.
— Я іх затрымала, — сказала Вера, раптам супакойваючыся, і бруднымі пальцамі выцерла твар. — Я іх павыганяла з балота. А то кінулі ўсё, пабеглі…
— Усіх сюды, у ланцуг! I чакаць сігналу ўпярод! Вера хутка папаўзла назад, у бок левага фланга роты, а ён зноў азірнуўся на Гайнатуліна.
— Гайнатулін, за мной упярод!
Здавалася, яны цэлую вечнасць паўзлі па схіле да гэтай разварочанай выбухам варонкі, раз за разам заміраючы пад гарачымі струменямі куль, што праносіліся над іх галовамі, прыціскаючыся грудзямі да пакрэмзанага міннымі асколкамі долу, чакаючы, пакуль скончыцца грымотны абвал блізкіх выбухаў, задыхаючыся ад патокаў узнятага ў паветры пылу. Аднойчы Валошыну так сцебанула па твары зямлёй, што ён, абліваючыся слязьмі, хвіліну цёр забітыя пяском вочы, пакуль нарэшце пачаў нешта бачыць. Ён не азіраўся, але адчуваў, што Гайнатулін быццам паўзе, і час ад часу прыкрыкваў цераз плячо: «Гайнатулін, упярод! Не бойся, Гайнатулін! Упярод!»
Нарэшце, дабраўшыся да варонкі, ён пераваліўся цераз крайнія, бязладна наварочаныя выбухам глыбы і апынуўся ў яе выратавальнай зямной глыбіні. Тут ужо можна было ўздыхнуць. Рукі яго да лакцёў патанулі ў перамеленай выбухам і густа начыненай асколкамі зямлі, якою да плеч быў засыпаны баец-кулямётчык з акрываўленай разбітай патыліцай. Зямля ў дне варонкі густа змакрэла ад яго ліпкай крыві, ногі байца былі расшкуматаны выбухам, а адна рука ўсё яшчэ ўчэпіста трымалася за ручку паваленага набок ДШК з загнутай ударам сталёвай пласцінай шчыта. Валошын з натугай адарваў гэтую руку ад кулямёта і націснуў на спуск. Кулямёт, на яго здзіўленне, грымліва здрыгануўся, кароткай чаргой узбіўшы зямлю наперадзе, і канец доўгай, засыпанай пылам стужкі з патронамі ажывела варухнуўся ў варонцы.
— Гайнатулін, сюды!
Валошын, нібы выратаванню, узрадаваўся гэтаму кулямёту, клапотна здзьмухнуў з прыцэльнай рамкі пясок, выцяг з-пад камякоў усю стужку з паўсотняй жоўтых буйнакаліберных патронаў. Пасля, узяўшыся за кулямётныя ручкі, засцярожліва высунуўся з варонкі — трэба было вызначыць адлегласць і паставіць прыцэл.
Читать дальше