Але, на ягоны жаль, аказалася, што не відно траншэі — пакатая паверхня схілу хавала яе ад ягоных вачэй, зрэшты, як і яго ад немцаў таксама, інакш бы яму сюды не дабрацца. Гэта было кепска, тым больш што ён ужо паспадзяваўся на сваю ўдачу. Значыць, трэба было выбірацца з гэтай варонкі, што пад такім агнём было самазабойствам. Гайнатулін тым часам, мабыць, пераадолеў у сабе свой спалох, зрабіўся, з выгляду болей спакойны і адкапаў у варонцы яшчэ дзве скрынкі з патронамі. Боепрыпасаў прыбавілася, трэба было неадкладна адкрываць агонь.
Валошын павёў позіркам па схіле ўправа, куды прыкметна аддаляліся выбухі і скіравала палова кулямётнага агню з вышыні — там, удалечыні за балотцам, у падножжа вышыні «Малой», варушыліся байцы дзевятай. Адсюль цяжка было зразумець, ці яны рыхтаваліся кінуцца на вышыню, ці штось у іх не атрымалася, і яны гатовы былі адысці за балота. Праўда, вышыня была далекавата нават для яго ДШК, але ён рашуча павярнуў кулямёт у яе бок.
— Гайнатулін, рыхтуй каробку!
Ён паставіў на рамцы прыцэл, роўны васьмістам метрам, старанна навёў па самай вяршыні з траншэяй і, замацаваўшы наводку, вялікімі пальцамі плаўна націснуў на спуск. Кулямёт дужа затросся ў руках (спатрэбілася немалая сіла, каб утрымаць яго на наводцы), і чарга з дзесятка буйнакаліберных дванаццаціміліметровых куль, візгнуўшы, пайшла за балотца. Здаецца, трапіла яна з недалётам. Валошын дадаў прыцэл і зноў старанна навёў па траншэі.
На гэты раз ён выпусціў тры чаргі запар, вяршыня бугра закурылася ад разрыўных, і ён парадаваўся колішняму свайму захапленню кулямётнай стральбой. Праўда, тады ён страляў з «максімаў», што ўвогуле было прасцей. Затое ДШК — сіла, якую не зраўняеш з «максімкай». Толькі б хапіла патронаў.
Часта падпраўляючы наводку, ён пачаў біць разрыўнымі па разлеглай наўкось ад яго вышыні, у фланг нямецкай траншэі, сам застаючыся ў адноснай ад яе бяспецы. У прамежках ён бачыў, як заварушыліся пад ёй шэрыя постаці байцоў, і ўзрадавана падумаў: мабыць, памог! Калі не празяваць момант і зараз жа выкарыстаць гэты агонь, дык, можа, і ўдасца зблізіцца для рукапашнай. На рукапашную цяпер была ўся надзея, іншых пераваг у іх не засталося.
Дзевятая, аднак, усё бавіла час. Калі-нікалі мінныя выбухі ў балоце і на схіле зусім затулялі ад яго вышыню, і ён пераставаў бачыць, што там адбываецца. Але, калі было бачна, ён упарта націскаў на спуск, амаль фізічна адчуваючы, як ягоны агонь размятае земляны бруствер нямецкай траншэі. Самы момант быў атакаваць.
Пасля шостай ці сёмай чаргі, калі ён ужо няблага прыстраляўся, ззаду раптам пачуўся шорхат, і нехта ўваліўся ў яго варонку. Валошын адарваўся ад кулямёта — сплёўваючы пясок, ля яго ног сядзеў увесь запылены і закапцелы, з разадранай палой паўшубка Маркін.
— Куды вы б’яцё! — сарваным голасам крыкнуў новы камбат. — Куды к д’яблу лупіце?
— Выручаю Кізевіча. Вунь пад самай вышынёй залёг.
— Што мне Кізевіч! — праз грукат раздражнёна закрычаў Маркін. — Мне гэтая вышыня трэба. Яе загадана ўзяць.
— Не ўзяўшы тую, не возьмеш гэту! — таксама раздражняючыся, пракрычаў Валошын.
Па абодва бакі варонкі з аглушальным грымоццем пракаціліся тры выбухі, у небе завылі асколкі. Адзін з іх, нібы зубілам, звонка секануў па краі шчыта, пакінуўшы касы рваны шрам на метале. Зверху важка зашлёпалі камякі і густа пасыпалася зямля, не страсаючы якую, яны таропка ўзнялі голавы — яшчэ нехта ўваліўся ў варонку, за ім наступны, — аказалася, гэта быў Іваноў з тэлефаністам. Таксама плюючыся, камандзір батарэі працёр рукой вочы.
— Даюць, сволачы! Харашо, хоць варонак нарабілі. А то б хана!
— Некалі ў варонках сядзець, — сказаў Маркін. — Пара паднімацца. Сувязь з агнявой ёсць?
— Сузязь-то ёсць, — сказаў Іваноў.— Пакуль што. Ану, правер, Сыкуноў.
— Слухай, — павярнуўся да яго Валошын. — Кідані парачку па той вышыні. Глядзі, вунь Кізевіч ля самай траншэі ляжыць. Яму б самую маласць. Хоць для псіхікі.
— Хіба што парачку, — сказаў Іваноў і дастаў з-за пазухі свой пакамечаны блакнот. — Ану, перадавай, Сыкуноў.
— Ні ў якім разе! — трапятнуўся Маркін — Вы што? Кізевіч большай часткай адцягвае. Галоўнае для нас — гэтая вышыня!
— Яны ж там усе палягуць! — закрычаў Валошын. — Вы паглядзіце, куды яны падабраліся. I адысці ім нельга.
— Адыдуць! — спакойна сказаў Маркін. — Жыць захочуць — адыдуць. Справа няхітрая.
— Цяпер ім лягчэй наперад, чым назад.
— Давайце ўвесь агонь сюды, па траншэі! — жорстка запатрабаваў Маркін. — I батарэі і ДШК. Праз дзесяць хвілін я паднімаю сёмую з восьмай.
Читать дальше