Ён не думаў тады, што права на ўмяшанне ў ход бою ў яго ўжо не было, што наогул усё, што тут адбывалася, яго не датычыла, але ён адчуў востра, што калі батальён зблытае баявы парадак, дык гэта абернецца для яго разгромам. I ён, трошкі ўгінаючыся, бег праз хмызняк пад раскацістыя выбухі мін, раз за разам слізгаючы па разбітым, спрэс у варонках лёдзе. Аднойчы яго збіла з ног недалёкім выбухам, і, падаючы, ён балюча выцяўся каленам аб лёд. Пасля ён ускочыў, ледзьве не сутыкнуўшыся з байцом, які ў перакошанай на галаве новенькай касцы імчаўся насустрач, і Валошына непрыемна ўразіў выгляд байца, ніжняя сківіца якога адвісла, акругліўшы рот, смуглявы твар памярцвеў у сваёй ненатуральнай адзеравянеласці. Валошыну спярша здалося, што баец паранены, але, згледзеўшы, як той спрытна матлянуўся ў хмызняк пад новы віск мін, капітан зразумеў, што гэта ад страху. Тады ён спыніўся і нягучна, але ўладарна скамандаваў:
— Ану, стой! Стой!
Побач грымнуў чарговы выбух, абодвух абдало хлюпкай балотнай граззю, Валошын упаў, распластаўся за кустом і баец. Але не паспела апасці ўзнятая ў паветры дробная крошанка лёду, як баец падхапіўся і з зайздросным спрытам кінуўся прэч. Капітан выхапіў пісталет.
— Стой! Назад!
Ён стрэліў запар два разы над яго галавой, баец прысеў, жаласна, з нявыказанай тугой у вачах азірнуўся.
— Назад! — крыкнуў Валошын і махнуў у бок вышыні пісталетам. — Назад! — I зноў стрэліў паверх галавы байца.
Не адразу, з відавочным намаганнем адольваючы свой спалох, прыгнуўшыся на тонкіх у абмотках нагах, баец падбег да капітана і ўпаў на лёд.
— Як прозвішча? — крыкнуў Валошын. — Прозвішча як?
— Гайнатулін.
— Гайнатулін, упярод! — кіўнуў галавой капітан. — Упярод марш!
Ахоплены дробнай дрыжыкай, баец падняўся, і яны хутка пабеглі ў пашкуматаным хмызняку, па залітым граззю, пакарэжаным выбухамі лёдзе. Кулямёты з вышыні сыпалі кулямі па ўсім балоце, часам іх блізкія чэргі, б’ючы аб лёд, балюча сцябалі па твары ледзяной драбязой і пранізліва рыкашэцілі ў неба. У паднябессі рознагалоса вішчала і раўло, даносіліся незразумелыя крыкі, кожны раз заглушаныя магутнымі выбухамі мін. Падаючы і ўскокваючы, Валошын ужо выбягаў з хмызняку, калі спаткаў яшчэ трох байцоў, якія перабягалі паміж разрывамі ў тыл, і таксама завярнуў іх назад. Каля вялізнай, разварочанай у лёдзе і дрыгве варонкі на краі кустоўя тузаўся, спрабуючы ўстаць, адзін паранены, з яго расшкуматанага буйным асколкам нутра па шынялі і каленях лілася ручаямі цёмна-бурая кроў. Баец то ўскокваў на калені, заціскаючы рукамі жывот, то падаў, нешта намагаючыся сказаць.
— Двум узяць! Хутка! Здаць на медпункт і назад!
Байцы з яўным страхам на тварах падступіліся да параненага, а капітан з астатнімі двума выбег з кустоўя.
Тут пачынаўся адкрыты ўчастак поля з прамерзлай травой балотца, далей не крута паднімаўся адхон, і агняна-трасірныя чэргі з вышыні густа мільгалі вакол, здавалася, ва ўсіх кірунках. Ужо не ўхіляючыся ад іх, Валошын прабег крокаў дзесяць і ўпаў, па жорсткай траве нядоўга прапоўз наперад, шукаючы позіркам каго-небудзь з камандзіраў сёмай. Але людзей тут было не шмат, напэўна, сёмая ўжо паспела схавацца ў кустоўі, некалькі чалавек, падобна, забітых, у ненатуральных паставах ляжалі на закіданай камякамі зямлі, палеглым іржышчы. Перачакаўшы серыю мінных разрываў, калі, здавалася, усё на свеце вось-вось абрынецца ў правалле, ён зноў узняў галаву і ўбачыў байца, які то заміраў ля самай зямлі, напэўна, чакаючы, калі скончацца блізкія выбухі, то, зноў ліхаманкава перабіраючы рукамі, поўз у яго бок.
— Таварыш камбат!..
Валошын угледзеўся ў спрэс шэры, прысыпаны пылам ягоны твар, на шапцы байца затрымалася некалькі камячкоў зямлі. Вочы яго. аднак. цвёрда і заклапочана зірнулі на капітана, і той разам пазнаў у ім кулямётчыка сёмай Дзянішчыка.
— Таварыш капітан, бяда…
— Што такое, Дзянішчык? Дзе кулямёт?
— Ды во кулямёт разбіла.
— Ты цэлы?
— Пакуль што… А напарніка… I гэтага, камандзіра роты забіла, — цяжка дыхаючы, паведаміў Дзянішчык.
Валошын з намаганнем пераадолеў раптоўную спазму ў горле і запытаў:
— Многа… забітых?
— Хапае. Вунь ляжаць. Ды што — кулямёты сякуць так…
— Дзянішчык! — хутка адыходзячы ад яго весткі, сказаў капітан. — Паўзком у хмызняк і ўсіх — назад! Усіх назад, у ланцуг!
— Добра, добра, камбат, — з гатоўнасцю падхапіўся баец. — Я зраблю…
— Гайнатулін! — азірнуўся Валошын, і затрыманы ім баец лыпнуў вачмі.— Гайнатулін, за мной — упярод!
Читать дальше