Наздроў у многіх адносінах быў шматбаковы чалавек, гэта значыць чалавек на ўсе рукі. У тую-ж хвіліну ён прапаноўваў вам ехаць, куды хочаце, хоць на край свету, прыняць удзел у якой хочаце справе, мяняць усё што ні ёсць, на ўсё што хочаце. Стрэльба, сабака, конь — усё было прадметам мены, але зусім не з тым, каб выйграць; гэта адбывалася проста ад нейкай нястомнай спрытнасці і жвавасці характару. Калі яму на кірмашы пашанцавала трапіць на прастака і абгуляць яго, ён накупляў кучу ўсяго, што трапляла яму на вочы ў крамах: хамутоў, курыцельных [ 26 26 Пахучых.
] свечак, хустак для нянькі, жарабка, ізюму, срэбраны рукамыйнік, галандскага палатна, мукі-крупчаткі, табакі і пісталетаў, селядцоў, карцін, тачыльны інструмент, гаршкоў, ботаў, фаянсавую пасуду — на колькі хапала грошай. Аднак рэдка здаралася, каб гэта было давезена дамоў; амаль у той-жа дзень спускалася яно ўсё другому шчаслівейшаму іграку, часам нават дадавалася ўласная люлька з кісетам і мундштуком, а іншы раз і ўся чацвёрка з усім: каляскай і фурманом, так што сам гаспадар ішоў у кароценькім сурдуціку або архалуку шукаць якога-небудзь прыяцеля, каб пакарыстацца яго экіпажам. Вось які быў Наздроў! Можа, назавуць яго характарам збітым, пачнуць гаварыць, што цяпер няма ўжо Наздрова. На жаль, несправядлівымі будуць тыя, хто будзе гаварыць так. Наздроў доўга яшчэ не звядзецца са свету. Ён усюды між намі і, можа, толькі ходзіць у іншым кафтане; але людзі лёгкадумна-непраніклівыя, і чалавек у іншым кафтане здаецца ім іншым чалавекам.
Тым часам тры экіпажы падкацілі ўжо да ганка дома Наздрова. У доме не было ніякай падрыхтоўкі да іх прыёму. Пасярод сталовай стаялі драўляныя козлы, і два мужыкі, стоячы на іх, бялілі сцены, зацягваючы нейкую бясконцую песню; падлога ўся была запырскана бяліламі. Наздроў загадаў, каб зараз-жа мужыкоў і козлы вон, і выбег у другі пакой аддаваць загады. Госці чулі, як ён заказваў кухару абед; сцяміўшы гэта, Чычыкаў, які пачынаў ужо крыху адчуваць апетыт, убачыў, што раней пяці гадзін яны не сядуць за стол. Наздроў, вярнуўшыся, павёў гасцей аглядаць усё, што было ў яго на вёсцы; і, за дзве гадзіны з нечым, паказаў літаральна ўсё, так, што нічога ўжо больш не засталося паказваць. Перш за ўсё пайшлі яны аглядаць стайню, дзе бачылі двух кабыл, адну шэрую ў яблыках, другую буланую, потым гнядога жарабка, на выгляд і несамавітага, але за якога, бажыўся Наздроў, што заплаціў дзесяць тысяч.
«Дзесяць тысяч ты за яго не даў», заўважыў швагер «Ён і адной не варт».
«Дальбог, даў дзесяць тысяч», сказаў Наздроў.
«Ты сабе можаш бажыцца, колькі хочаш», адказаў швагер.
«Ну, хочаш, пойдзем у заклад!» сказаў Наздроў.
У заклад швагер не захацеў ісці.
Потым Наздроў паказаў пустыя стойлы, дзе былі раней таксама добрыя коні. У гэтай-жа стайні бачылі казла, якога, па старому павер’ю, лічылі неабходным трымаць пры конях, які, здавалася, быў з імі ў згодзе, гуляў у іх пад чэравамі, як у сябе дома. Потым Наздроў павёў іх глядзець ваўчанё, якое было на прывязі. «Вось ваўчанё!» сказаў ён: «я яго знарок кармлю сырым мясам. Мне хочацца, каб яно было сапраўдным зверам!» Пайшлі глядзець ставок, у якім, паводле слоў Наздрова, вадзілася рыба такой велічыні, што два чалавекі ледзь выцягвалі штуку, чаму, аднак-жа, сваяк адразу-ж не паверыў. «Я табе, Чычыкаў», сказаў Наздроў, «пакажу цудоўную пару сабак: мацунак чорных мясоў проста здзіўляе, шчыток — іголка!» і павёў іх да пабудаванага вельмі прыгожа маленькага доміка, абкружанага вялікім, загароджаным з усіх бакоў дваром. Узышоўшы на двор, убачылі там усякіх сабак і густа-псовых, і чыста-псовых, усіх магчымых колераў і масцей: муругіх, чорных з падпалінамі, палова-пярэстых, муруга-пярэстых, чырвона-пярэстых, чорнавухіх, шэравухіх... Тут былі ўсе мянушкі, усе загаднага ладу: страляй, аблай, пырхай, пажар, буян, чыркай, дапякай, прыпякай, севярга, касатка, узнагарода, апякунша. Наздроў быў сярод іх зусім, як бацька сярод сям’і: усе яны, тут-жа задраўшы ўгору хвасты, якія называюцца ў сабакароў правіламі, паляцелі проста насустрач гасцям і пачалі з імі вітацца. Штук дзесяць з іх палажылі свае лапы Наздрову на плечы. Аблай выказаў такую-ж дружбу Чычыкаву і, падняўшыся на заднія ногі, лізнуў яго языком у самыя губы, так што Чычыкаў тут-жа плюнуў. Агледзелі сабак, якія здзіўлялі мацункам чорных мясоў, — добрыя былі сабакі. Потым пайшлі аглядаць крымскую суку, якая была ўжо сляпая і, паводле слоў Наздрова, павінна была хутка здохнуць, але, гады два таму назад, была надта добрая сука; агледзелі і суку — сука сапраўды была сляпая. Потым пайшлі аглядаць вадзяны млын, дзе нехапала порхліцы, у якую ўмацоўваецца верхні камень, што хутка круціцца на верацяне, пырхаючы, па дзіўнаму выразу рускага мужыка. «А вось тут хутка будзе і кузня!» сказаў Наздроў. Крыху прайшоўшы, яны ўбачылі, сапраўды, кузню, агледзелі і кузню.
Читать дальше